Заўсёды з вамі і для вас!

Date 05.05.2025 Man
Comment 583
Заўсёды з вамі і для вас!

Менавіта такога прынцыпа ў сваёй штодзённай дзейнасці прытрымліваюцца супрацоўнікі газеты “Бярэзінская панарама”.

Заўсёды быць у гушчыні падзей, расказваць пра людзей працы і іх дасягненні, станоўчыя перамены, што адбываюцца навокал, узгадваць гістарычнае мінулае роднага краю, дапамагаць у вырашэнні праблемных пытанняў, быць запатрабаванымі сярод людзей – гэта не толькі галоўная місія журналістаў раёнкі, а і патрабаванне часу, які пастаянна прымушае шукаць новыя віды і формы работы з падпісчыкамі і аўдыторыяй газеты, ісці насустрач патрабаванням і запытам жыхароў рэгіёна, развівацца і ўдасканальвацца.

Не так даўно, 15 сакавіка, у жыцці рэдакцыі адбылася знакавая падзея: у свет выйшаў 12-тысячны нумар нашай газеты. Менавіта столькі сустрэч адбылося ў раёнкі са сваімі чытачамі на працягу вось ужо 94-гадовай гісторыі выдання. За гэты перыяд шмат што памянялася і ў рэдакцыі, і ў нашым імклівым жыцці: вырасла не адно пакаленне падпісчыкаў, на змену вопытным аксакалам журналістыкі прыйшлі больш маладыя супрацоўнікі, газета з прывычнага папяровага выдання стала сродкам масавай інфармацыі, дзе актыўна выкарыстоўваюцца інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, іншыя электронныя сродкі, якія дазваляюць у разы павялічыць аб’ём чытацкай аўдыторыі і не абмяжоўваць яе толькі рамкамі Бярэзінскага раёна.

Дзякуючы сучасным тэхналогіям мы сталі больш аператыўна, імгненна, штохвілінна асвятляць усе найбольш важныя падзеі рэгіёна, адгукацца на вашы пытанні і праблемы, садзейнічаць іх вырашэнню. Таму традыцыйны паказчык тыража газеты сёння не з’яўляецца канкрэтным адлюстраваннем таго шырокага кола людзей, якія карыстаюцца інфармацыяй бярэзінскіх журналістаў.

Гэта нас вельмі радуе. Як радуе і той факт, што рады падпісчыкаў менавіта газеты, дакладней яе папяровага варыянту, з часам не скарачаюцца.

Многія бярэзінцы па-ранейшаму з цікавасцю чакаюць візіта паштальёна, каб узяць у рукі свежы нумар “Бярэзінскай панарамы”, прачытаць яго “ад коркі да коркі”, а потым адкласці яго для сваёй сямейнай скарбонкі, дзе ўжо захоўваецца цэлы стос цікавых нумароў з карыснай інфармацыяй або расказам пра кагосьці з членаў сям’і або добра вядомага чалавека. Чытанне газеты для многіх па-ранейшаму застаецца сапраўды шматгадовым непарушным рытуалам.

Шырока запатрабавана наша інфармацыя і ў маладога пакалення, якое аддае перавагу электронным СМІ. Пра гэта яскрава сведыць колькасць падпісчыкаў сацыяльных сетак. Так, у нейкай ступені яны з’яўляюцца ў выйграшы, бо атрымліваюць інфармацыю больш аператыўна, з вялікай колькасцю фотаіллюстрацый, да таго ж і бясплатна, незважаючы на тое, што за кожным радком, за кожнай заметкай стаіць нястомная праца журналістаў. Памятайце пра тых, хто імкнецца разнастаіць ваша жыццё і напоўніць яго інфармацыяй.

Так, для нас, журналістаў, наша работа з’яўляецца не толькі прамым абавязкам, а і ладам жыцця, адзіным шляхам, якому прысвечаны не адзін год творчых памкненняў і цікавых знаходак. У сваёй дзейнасці мы не адзіныя, бо заўсёды адчуваем узаемную суязь з вамі, чытачамі. Вы таксама і надзейныя нашы памочнікі ў справе стварэння чарговага нумара, пошуку цікавых фактаў і асоб, многія з вас з’яўляюцца нашымі актыўнымі аўтарамі і ўжо паспелі заваяваць не меншыя аўтарытэт і павагу, чым прафесіяналы. Дзякуй вам за гэта!

Цесныя партнёрскія сувязі наладзіліся паміж рэдакцыяй і многімі арганізацыямі і ўстановамі раёна. У ліку пастаянных аўтараў публікацый раёнкі — супрацоўнікі органаў унутраных спраў і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, сістэмы аховы здароўя і работнікі юрыдычных службаў, інспекцыі па ахове расліннага і жывёльнага свету і энерганагляду… Мы заўсёды выступаем за творчае супрацоўніцтва і рады, калі ў нас з’яўляецца новы аўтар або цікавая тэма. Выйграе ад гэтага перш за ўсё чытач, на рэалізацыю патрэб якога і накіравана дзейнасць журналістаў.

Афіцыйна заснавальнікам нашай газеты з’яўляецца Бярэзінскі раённы выканаўчы камітэт. На самой жа справе яго работнікі і кіраўніцтва — таксама нашы надзейныя партнёры і аўтары, якія праз раённую газету даносяць людзям усю патрэбную інфармацыю і пры гэтым не замоўчваюць існуючыя праблемы, вядуць з бярэзінцамі адкрыты дыялог, адлюстроўваюць дзейнасць у рэгіёне прэзідэнцкай вертыкалі.

Дзень 5 мая, калі ў нашай краіне адзначаецца Дзень друку, - гэта не толькі прафесіянальнае свята пішучай браціі, а і кожнага з вас. Мы і на гэты раз сустракаем яго на ўздыме, абяцаем і гарантуем шмат цікавай інфармацыі і непарыўнасць нашай даўняй і слаўнай сувязі. Будзем разам!

Паважаныя сябры, калегі, ветэраны працы! Дзякую кожнаму з вас за працу і жадаю новых творчых поспехаў, удзячных чытачоў, моцнага здароўя і дабрабыту!

Юлія БУКЕЛЬ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER