Успаміны дзяцей вайны – апошніх сведак тых трагічных падзей выходзяць сёння на перадавую лінію памяці. Гэта жывое сведчанне тых, хто апынуўся на краі вайны, каго фашысты імкнуліся пазбавіць дзяцінства. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі супрацоўнікі Бярэзінскай раённай бібліятэкі сабралі ўспаміны 35 дзяцей вайны.
Бенефіс-сустрэча “Мы родам з вайны” гараджан у статусе дзяцей вайны адбылася напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей. Успаміны землякоў зліліся ў шматгалосае сола дзіцячых галасоў, якія прабіліся скрозь гады, як прабіваецца кволая травінка скрозь бетон і асфальт. І атрымаўся рэквіем-плач па адабраным вайной дзяцінстве, гнеўны прысуд вайне-забойцы. Самыя яркія эпізоды і фрагменты ўспамінаў часткова былі прэзентаваны завочна, часткова былі прэдстаўлены самімі ўдзельнікамі сустрэчы. Успаміны ў суправаджэнні фотаздымкаў ваенных часоў дазволілі раскрыць самыя шчымліыя, самыя суровыя перыяды вайны, якія захавала ўчэпістая дзіцячая памяць: першая сустрэча з акупантамі, першы забіты, “новы парадак” з устанаўленнем каменданцкага часу ў пасёлку Беразіно, распаўсюджваннем “Менскай газеты” з публікацыяй паэмы Я.Коласа “Новая зямля” як рэкламы раздачы новымі ўладамі зямельных надзелаў, у той час як фашысты палівалі гэтую зямлю крывёй, спальвалі вёскі, катавалі жанчын і дзяцей… На роднай вуліцы пасёлка К.Маркса абсталявалі гестапа, а на вуліцы Інтэрнацыянальнай – яўрэйскае гета.
Эмацыянальна ўзрушана прагучалі ўспаміны пра жыццё ў зямлянках, уратаванне ў балоце, дзе ежу і ваду замяняла сасанне моху, эвакуацыя ў Сызрань і Казахстан, дзе беларусам давялося навучыцца есці суп з чарапах і нарыхтоўваць на зіму сплеценныя ў косы палоскі сушаннай дыні. Пачатак вайны, якая прагрымела раптоўна, як навальніца, ад якой не схаваешся пад коўдрай, не зажмурышся, каб не бачыць, не пераліснеш, як старонку страшнай казкі перадалі ўражанні 10-гадовага Мішы Карканіцы, які ў пачатку чэрвеня 1941 года адправіўся разам з сям’ёй на вяселле сястры ў нязведаную далеч - з бярэзінскай вёскі Вусце амаль на мяжу з Польшчай (за 25 км ад Беластока) і пад час доўгага вяртання дадому начнымі дарогамі пад бамбёжкамі, праз уцёкі з акупацыйнага лагеру калі яго новенькі марскі касцюмчык ператварыўся ў брудныя лахманы. Асаблівы акцэнт – на нараджэнцаў 1941 года, чые першыя старонкі жыцця былі адкрыты ў першы год вайны. Ім не спявалі калыханкі, іх першыя словы былі пра немцаў, вайну, хлеб.
Надзея Гурэнчык (Пшанічнік) нарадзілася 3 ліпеня 1941 г. літаральна ў першы дзень акупацыі пасёлка Беразіно, якая ўсталявалася роўна на 3 гады (да 3 ліпеня 1944).
Лілія Аліфер (Бурымская) немаўляткам апынулася ў Германіі разам з бацькамі, прымусова вывезенымі на Нямеччыну на катаржныя працы. Там навучылася чужой мове, бачыла чорнага дзядзьку на танку – вызваліцеля амерыканскай арміі саюзнікаў, пры вяртанні дамоў бачыла ў поезде бязногага і бязрукага савецкіх салдат, якія дапамагалі адзін аднаму. Час не згладзіў з дзіцячай памяці памятныя эпізоды вызвалення ад акупантаў пасёлка Беразіно і вёскі Жорнаўка: кветкі на запыленых савецкіх танках, прыніжаная калона палонных немцаў, частаванне дзяцей салдацкай кашай чырвонаармейцамі і дзіковінай “аладкай з дзірачкамі” – пячэнінкай, якой дагэтуль не даводзілася паспытаць ні дарослым ні дзецям…
Быт пасляваеннай школы з адным букваром на ўвесь клас, сшыткамі з мешкавіны і старых газет, торбачкамі для падручнікаў, халодныя школьныя пакоі, дзе замярзалі чарнілы (чорныя - з ягад крушыны, чырвоныя – з буракоў) і немагчыма было адзервянеламі ад холаду рукамі трымаць крэйду і пісаць на дошцы – ажывілі ўспаміны Браніслава Трусевіча, Ліліі Казырка, Мікалая Макаранкі, Віктара Несцяровіча, Рыгора Баранава. Вайна пасля вайны – з голадам і нястачамі, калі буханка хлеба каштавала 100 рублёў, а чэргі за хлебам былі кіламетровымі, калі на былога нямецкага бункеру даводзілася будаваць нанова хату, самім ліць лыжкі і гумовыя галёшы, а самым папулярным абуткам былі бахілы з аўтамабільных пакрышак, якія на снезе астаўлялі амаль машынны след, а самым шыкоўным дзіцячым уборам было паліто, пашытае з салдацкай коўдры – паўстала паводле ўспамінаў Алы і Святланы Саскавец, Яўгена і Ірыны Мярзловых, Зоі Валожынскай (Зяньковіч), Галіны Андрэенка (Няборскай). Марыя Трубская, Надзея Жаўняровіч(Кошалева), Феня Барбарчык (Іванова), Валенціна Шкатула (Ленартовіч) узгадалі пра ласункі пасляваеннага часу: шклянка цукру ад Дзеда Мароза, глазурованыя пернікі, бачкавы морс, цукеркі-падушачкі і гліняныя цацкі, знойдзеныя ў лесе трафейныя губныя гармонікі немцаў, узнагароды бацькоў, якія былі аддадзены дзецям, каб яны гулялі.
Кожны ўспамін – маленькі штрышок да партрэта вайны з яе страшным звярыным тварам, яшчэ адзін патрон для залпу па бяспамяцтву. Успаміны бярэзінскіх дзяцей вайны з уразлівай прагай жыцця былі з’яднаныя адной надзеяй: каб такіх жахаў ніколі не зведалі дзеці, унукі і праўнукі, каб цанілі мірны зямны рай. Бенефіс-сустрэча ў раённай бібліятэцы стала сімвалічным помнікам дзецям вайны – тым, хто загінуў, хто скалечаны вайной, хто стаў яе сведкам, хто не здолеў нарадзіцца па віне вайны…
.jpg)
Аднакласнікі і дзеці вайны
.jpg)
Частаванне салдацкай кашай
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
Мікалай і Таццяна Халецкія
Тамара Круталевіч,
супрацоўнік ДУК “Бярэзінская цэнтральная раённая бібліяіэка”.