Баявы камсамольскі важак

Date 02.07.2026 Man
Comment 130
Баявы камсамольскі важак

Сёлета 1 ліпеня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння сакратара Бярэзінскага падпольнага райкама камсамола, аднаго з арганізатараў партызанскага руху ў раёне Міхаіла Фёдаравіча Пыжа.

Да пачатку вайны ў юнака з вёскі Мацевічы, перад якім толькі-толькі шырока расчыняла дзверы жыццё, былі велічныя планы. Уся краіна будавала новы лад, і юны Міхаіл хутка знайшоў у ім сваё месца. У 1933 годзе, пасля заканчэння Бярэзінскай школы, ён пайшоў па слядах бацькі, які да рэвалюцыі і пасля яе працаваў сельскім настаўнікам, і быў прызначаны настаўнікам школы ў роднай вёсцы. Адначасова паступіў і два гады завочна вучыўся ў Магілёўскім палітасветінстытуце, уступіў у Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі.

“У вясковай арганізацыі, - успамінаў Міхаіл Фёдаравіч, - налічвалася 18 юнакоў. Баяздольныя хлопцы. У вёсцы Мацевічы тады не было партыйнай арганізацыі і ажыццяўленне ўсіх мерапрыемстваў партыі і Савецкай улады ўскладвалася на плечы камсамольцаў. Маладыя энтузіясты выконвалі даручэнні з гонарам”.

У 1939 годзе юнак адправіўся на службу ў Чырвоную Армію, дзе скончыў Чкалаўскую школу санінструктараў і служыў у 36-ым артпалку. Напачатку вайны, ужо на пасадзе ваенфельчара, ён у складзе Заходняга фронту. Трапіў у акружэнне ў адным з баёў пад Гомелем, пасля быў нямецкі палон, з якога М. Пыжу ўдалося ўцячы. Дабраўся дадому і адразу ўключыўся ў падпольную барацьбу і работу па арганізацыі партызанскага руху.

Вёска Мацевічы стала адным з месцаў нараджэння партызанскага руху ў Бярэзінскім раёне. Ужо ў лістападзе 1941 года тут была створана падпольная камсамольская група, у якой Міхаіл Пыж прымаў дзейсны ўдзел. Падпольшчыкі зрывалі мерапрыемствы нямецкіх улад, збіралі зброю, вялі прапагандысцкую работу сярод насельніцтва. Група працавала ў адной звязцы і пад кіраўніцтвам раённага падпольнага партыйнага цэнтра на чале з К.А. Баранавым. На пачатку сакавіка 1942 года яна пачала актыўныя баявыя дзеянні супраць акупантаў і ўлілася ў толькі што створаны 345-ы партызанскі атрад. А ў ліпені таго ж года падпольны райкам партыі вылучыў Міхаіла Пыжа сакратаром Бярэзінскага падпольнага РК ЛКСМБ. Да канца вайны і яшчэ тры гады пасля вызвалення юнак з’яўляўся важаком моладзі раёна.

Як значыцца ў характарыстыках і прадстаўленнях да ўзнагарод, ён заўсёды праяўляў ініцыятыву, дабіваўся выканання пастаўленых задач. “У атрадах стварыў камсамольскія арганізацыі агульнай колькасцю 639 чалавек, - чытаем у прадстаўленні да ордэна Чырвонай Зоркі за подпісам начальніка Беларускага штаба партызанскага руху П.З. Калініна, датаваным кастрычнікам 1943 года. – Тры партызанскія атрады з дзеючых створаны з удзелам М.Ф. Пыжа ў асноўным з ліку моладзі і камсамольцаў. Стварыў 12 падпольных камсамольскіх арганізацый, наладзіў сувязь з раённым цэнтрам Беразіно. Камсамольцы па асабістай ініцыятыве Пыжа дасталі з ракі Бярэзіны 15 кулямётаў, вялікую колькасць вінтовак і патронаў.

Наладзіў арганізацыйна-прапагандысцкую работу сярод моладзі раёна, працуе 2 маладзёжных агітацыйных калектывы, выпушчана 25 назваў лістовак, распаўсюджаных у тыражы 30 тысяч экземпляраў. Асабіста правёў 60 гутарак з моладдзю.

Прымае ўдзел ва ўсіх баявых аперацыях, пры яго ўдзеле адбываўся разгром нямецкіх гарнізонаў у вёсках Колбча і Галынка. Прымаў удзел у крушэнні 3 варожых эшалонаў. Ва ўсіх баявых аперацыях праяўляе стойкасць і храбрасць”.

Ордэн Чырвонай Зоркі стаў не проста ўзнагародай юнака, у большай ступені - высокай ацэнкай яго адданасці Радзіме, адвагі і гераізму. Ён сапраўды быў лідарам моладзі Бярэзіншчыны, паказваючы ўласны прыклад у арганізатарскіх справах і баях з ворагам.

М.Ф. Пыж асабіста прывёў у партызанскі атрад больш за 70 чалавек са зброяй, сваім прыкладам натхняў байцоў падчас баявых аперацый. Будучы палітруком узвода, першым ішоў у бой, як і ў баі 23 верасня 1942 года ў раёне Кукарава-Пагост на шашы Мінск-Магілёў. Тады групай партызан з 23 чалавек былі разбіты 4 і выведзены са строю 2 варожыя аўтамашыны, знішчаны 50 і паранены 64 гітлераўцы.

25 ліпеня 1943 года ў баі ў раёне вёскі Галынка Міхаіл Пыж быў цяжка кантужаны, больш за два месяцы лячыўся ў санчасці 345-га партызанскага атрада. Аднак кантузія пакінула свой след, маладога чалавека ўвесь час мучылі галаўныя болі. Нягледзячы на гэта, як адзначаў сакратар Бярэзінскага падпольнага райкама партыі І.П. Сакалоўскі, ён не страчваў баявога духу і заўсёды быў у першай шарэнзе народных мсціўцаў. Не зламаў волю і боль ад страты сястры Яўгеніі - партызанскай сувязной, якую закатавалі фашысты.

Па ініцыятыве камсамольскага важака ў партызанскіх атрадах былі створаны і дзейнічалі 19 дыверсійных груп, якія складаліся з камсамольцаў і моладзі. Яны былі ініцыятарамі дыверсійнай работы на аўтамабільных дарогах і чыгунцы, пусцілі пад адхон дзясяткі варожых эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай, знішчылі шмат гітлераўцаў.

“Сакратар райкама быў душой не толькі маладых, але і ўсіх партызан Бярэзінскай ваенна-аператыўнай групы. Маючы багаты вопыт выхаваўчай работы, ён умеў згуртаваць вакол падпольнага райкама камсамольцаў і моладзь у адзінае моцнае ядро і накіраваць іх на любое адказнае заданне. І не выпадкова, што на рахунку маладых партызан Бярэзіншчыны - безліч выдатных баявых спраў”, - пісаў у свой час пра М. Пыжа яго паплечнік, удзельнік партызанскага руху, супрацоўнік раённай газеты Міхаіл Сакаў.

Працягваў Міхаіл Фёдаравіч мабілізоўваць і накіроўваць моладзь і пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, цяпер ужо на хутчэйшае аднаўленне народнай гаспадаркі. З ліпеня 1944 па ліпень 1947 года яго выбіралі першым сакратаром Бярэзінскага райкама ЛКСМБ, затым займаў пасаду сакратара выканкама раённага Савета дэпутатаў.

У 1949 годзе М.Ф. Пыж вярнуўся да педагагічнай дзейнасці, узначальваў Прыборскую і Гарэніцкую сямігодкі, быў прызначаны дырэктарам Бярэзінскага дзіцячага дома. Адначасова завочна вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце. Яго баявыя ўзнагароды (у ліку якіх, акрамя ордэна Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны І ступені, баявыя і юбілейныя медалі) папоўніліся медалём “За доблесную працу”.
Баявога важака моладзі Бярэзіншчыны не стала 16 ліпеня 1997 года.

Ала АЛЬФЕР.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Нам пишут: О людях хороших 40 лет в любимой профессии! »