- У адпаведнасці з Правіламі палявання з 4 лістапада ў рэспубліцы адкрыўся асенне-зімовы сезон палявання на пушных паляўнічых жывёл - зайца-русака, зайца-беляка, вавёрку, куніцу лясную, куніцу каменную, норку амерыканскую, андатру, тхара ляснога.
У працэсе палявання дапускаецца таксама здабыча ваўка, шакала, лісіцы, янотападобнага сабакі, вароны шэрай, сарокі (пры любым законным знаходжанні ў паляўнічых угоддзях у мэтах палявання). Працягнецца сезон палявання да 28 студзеня 2023 года.
Акрамя таго, у гэты перыяд дазваляецца паляванне на лісіцу і янотападобнага сабаку на норах у светлы час сутак з ужываннем у якасці прылад палявання гладкаствольнай паляўнічай зброі з выкарыстаннем патронаў, падрыхтаваных дробам, паляўнічых сабак - таксаў і тэр’ераў.
Асаблівую ўвагу звяртаю на тое, што:
- паляванне можа праводзіцца толькі ў месцах, указаных у паляўнічай пуцёўцы. Забароненымі для палявання месцамі з’яўляюцца паляўніча-гаспадарчыя зоны і іншыя адзінкі ўнутрыгаспадарчага дзялення (егерскія абходы, паляўнічыя дачы або лясніцтва), не названыя ў паляўнічай пуцёўцы, у тым ліку зоны спакою;
- забараняецца нашэнне і (або) выкарыстанне паляўнічымі ў паляўнічых угоддзях пры ажыццяўленні палявання на паляўнічых жывёл ненармаваных відаў паляўнічай зброі з наразным ствалом (стваламі), паляўнічых лукаў і арбалетаў, а таксама патронаў, забяспечаных кулямі або карцеччу.
Незаконнае паляванне цягне адміністрацыйнае (штраф ад 10 да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй або без канфіскацыі прылад палявання і з пазбаўленнем права палявання), крымінальную (штраф, пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю) і грамадзянска-прававую (кампенсацыю шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю) адказнасць.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.