Крымінальная хроніка бярэзінскіх следчых

Date 10.12.2021 Man
Comment 501

Пакуль сябра п’яны спаў

Дзве непаўналетнія дзяўчыны яшчэ ў кастрычніку вабілі час на кватэры па вуліцы Перамогі горада, а калі сябра моцна заснуў у абдымках Бахуса, спрытна абчысцілі памяшканне. Не стала каштоўнай жаночай вопраткі і аксесуараў на суму ў 350 рублёў.

Пашкодзілі ралет

Невядомы ў перыяд часу з вечара 19 па 20 снежня па вуліцы Перамогі горада пашкодзіў ралет індывідуальнага прадпрымальніка. Матэрыяльны ўрон ад гэтага факта парушэння грамадскага парадку і яўнай непавагі да грамадства налічвае 790 рублёў.

Усё зрабіла сама

Невядомы ў невядомым месцы вечарам 30 кастрычніка падмануў 35-гадовую жанчыну наконт прадастаўлення паслуг па дастаўцы мэблі. Пацярпеўшая паверыла махлярам з першага разу і спрытна пералічыла на названы ёй карт-рахунак 70 рублёў.

Чаго не падзялілі браты?

33-гадовы мужчына, будучы на падпітку, позна вечарам моцна пасварыўся са сваім старэйшым братам. Слова за слова і ў ходзе канфлікту пасыпаліся пагрозы забойства. Усё можна было б спісаць на чарговыя п’яныя прыгоды, але малодшы брат прыставіў лязо нажа да шэі старэйшага. Мужчына рэальна напужаўся і звярнуўся па дапамогу ў міліцыю.

І гэта бацька?

46-гадовы палявод ААТ “Багушэвічы”, будучы абавязаным судом Бярэзінскага раёна вяртаць расходы на ўтрыманне дзвюх дачок, злосна ўхіляецца ад працы. Ён на працягу трох месяцаў дапусціў звыш дзесяці прагулаў.

Як цяпер патэлефанаваць?

Невядомы вечарам 18 кастрычніка выкраў з дома па вуліцы Садовай аграгарадка Багушэвічы мабільны тэлефон разам з чахлом на агульную суму 492 рублі.

І гэта слабы пол?

Будучы ў алкагольным стане, 49-гадовая кабета вырашыла пайсці на крымінальны подзвіг. Яна зняла навясны замок і выкрала з дому па вуліцы І. Маркевіча аграгарадка Уша прадукты харчавання на суму звыш 25 рублёў.

Зніклі грошы ў матулі

Няма спакою ад злодзеяў і ў Беразіно. Тут 44-гадовы мужчына раніцай 6 лістапада выкраў з кватэры па вуліцы Хонінава горада 150 рублеў у сваёй матулі.

Каму спатрэбіліся ціскі?

Менавіта яны зніклі пасля візіту злодзея 26 лістапада з дома па вуліцы Лугавой аграгарадка Любушаны. Матэрыяльны ўрон налічвае 100 рублёў.

Славутая ”Кракаўская” і курыныя гузкі

Невядомы ў перыяд часу з 30 лістапада па 6 снежня зняў навясны замок і вынес з дома па вуліцы Школьнай аграгарадка Косаўка прадукты харчавання на суму звыш 30 рублёў. Не стала кілаграма каўбасы гатунку “Кракаўская”, кілаграма курыных крыльцаў і яшчэ кілаграма курыных гузак.

Сяргей ЖЫЛІЧ,
начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER