Прычына такой з’явы – усё тая ж: невыкананне грамадзянамі норм супрацьпажарнай бяспекі пры навядзенні парадку.
Аднак прычынай пажару можа стаць і нясвоечасовае навядзенне парадку на надворнай тэрыторыі, паведаміў супрацоўнік РАНС Віктар Палянскі. У гэтым пераканаўся на горкім уласным вопыце адзін з жыхароў вёскі Лісітнік, што ў Пагосцкім сельскім Савеце. Расклаўшы касцёр для спальвання смецця, ён не ўлічыў той акалічнасці, што ў гэты дзень на вуліцы было ветрана. Вось і сталі разлятацца ва ўсе бакі іскры, у выніку чаго неачышчаная тэрыторыя двара ператварылася ў эпіцэнтр узгарання на ёй сухой расліннасці і прычы-най выкліку пажарных.
Падобнае здарэнне – не адзінае ў зводках работнікаў МНС. Аналагічная сітуацыя адзначана і ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці. Мясцоваму жыхару, які таксама стаў ахвярай агню ў выніку спальвання леташняга смецця, нават давялося звяртацца за дапамогай да медработнікаў, ён быў шпіталізаваны з апёкамі абедзвюх кісцей рук.
Зарэгістраваны ўжо і першы выпадак, калі ў выніку спальвання сухой расліннасці ў агні загінуў чалавек. Адбылося гэта 12 сакавіка ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці. Тут выратавальнікі на месцы ўзгарання выявілі абгарэлае цела 87-гадовай пенсіянеркі.
Пералічаных здарэнняў і ахвяр, безумоўна, не было б, каб удзельнікі апісаных падзей строга прытрымліваліся парад і ўказанняў выратавальнікаў, захоўвалі нормы пажарнай бяспекі і ясны розум, не спадзяваліся на славутае “дасць бог, пранясе”.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.