Ліхадзействы юнага аўтаўгоншчыка

Date 23.11.2023 Man
Comment 999
Ліхадзействы юнага аўтаўгоншчыка

І які ж рускі не любіць хуткай язды! Гэтую фразу ведае, напэўна, кожны. Некаторыя надзвычай ліхія вадзіцелі, трапіўшы ў поле зроку праваахоўных органаў, імкнуцца апраўдацца ёю ў выпадку затрымання за перавышэнне хуткасці. Як вынік – зарабляюць сабе штраф. Але гэта ў тым выпадку, калі вадзіцель затрыманы за рулём уласнага аўто. Іншая справа, калі кіроўца вырашыў пракаціцца з ветрыкам на чужой легкавушцы.

На жаль, угоны аўтамабіляў і спробы ажыццявіць такое злачынства часам адбываюцца. Большай часткай аўтарамі падобных дзеянняў выступаюць падлеткі. Адзін з іх сваімі «подзвігамі» настараўся аж на цэлую шматсерыйную крыміналь-ную гісторыю. Дзеянні адбываліся сёлета прыкладна з 22 гадзін 22 верасня да сямі гадзін раніцы 23-га. Нават дзіву даешся, як за такі кароткі прамежак часу можна было паспець учыніць аж шэсць фактаў парушэння закона.

Мяркуючы па ўсім, акцыя «сцеражыся аўтамабіля» распачалася на вуліцы Красіна горада. Малады чалавек шляхам вольнага доступу завалодаў аўтамабілем «Фольксваген Пассат» і ажыццявіў паездку па райцэнтры. Аднак юнаму авантурысту гэтага аказалася недастаткова, і ён праз які час завалодвае аўтамабілем «Ауди А6», затым ліхачыць на тэрыторыі ахоўваемай стаянкі на чужым мапедзе «ПОКЕР 50к». У спісе скрадзеных у тую ноч транспартных сродкаў таксама і «Ауди-80», якая знаходзілася на тэрыторыі домаўладання на вуліцы Ульянава. Учыненых у тую злашчасную ноч аўтавандровак магло быць крыху больш. Але ў двух выпадках, калі малады чалавек імкнуўся запусціць рухавік шляхам злучэння правадоў ад замка запальвання, яго спасцігла няўдача і давесці да канца злачынны замысел яму не ўдалося.


Дададзім, што герой вышэйапісаных падзей і раней трапляў у поле зроку работнікаў праваахоўных органаў, у тым ліку і за аналагічныя ўчынкі.

Так, 15 верасня ён пранік у аўтамабіль “Фольксваген” (дзякаваць богу, яго дзверцы не былі запёртыя, а ключы знаходзіліся ў замку запальвання) і накіраваўся ў бок аўтазаправачнай станцыі. Яшчэ раней, сёлета 9 мая, разам з групай асоб паблізу моста цераз раку Бярэзіну быў выкрадзены веласіпед “Аист”, чым яго гаспадару быў нанесены матэрыяльны ўрон. Спіс давяршае і разгляд на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх 8 верасня мінулага года факта кіравання дарожным веласіпедам на праезнай частцы дарогі ў стане алкагольнага ап’янення.


За ўчыненыя 22-23 верасня дзеянні супраць маладога чалавека ўзбуджана крымінальная справа. Зараз ён у чаканні прыгавору знаходзіцца ў жодзінскім ізалятары часовага ўтрымання. І гэта замест таго, каб працягваць вучобу ў Чэрвеньскім прафесійным каледжы, дзе ён вучыўся да гэтага часу, уладкоўваць сваё жыццё і асвойваць набываемую спецыяльнасць, прыносіць карысць людзям і атрымліваць асалоду ад вынікаў сваёй працы. Налета яму споўніцца 18 гадоў і надыдзе ўзрост прызыву ў армію, якая, як вядома, у многім фарміруе асобу і робіць з юнака сапраўднага мужчыну. Але сёння далейшы лёс юнака залежыць ад вынесенага судом рашэння.

Ва ўсіх апісаных фактах угону аўтамабіляў міжволі звяртаеш увагу на адну і тую ж акалічнасць: злачынца забраўся ў аўтамабіль шляхам вольнага доступу. Нібы самі гаспадары іншамарак падштурхоўвалі небараку да ўчынення злачынства. Дзе ж ваша пільнасць, сябры, дзе вашы разважлівасць і хоць невялічкая адказнасць за сваю маёмасць? Ці вы такім жа чынам пакідаеце незамкнёнымі дзверы сваёй кватэры або наогул расчыненымі на ўсю шырыню, калі пакідаеце свой дом? Не думаю. Дык навошта ж спачатку ствараць умовы, а затым лямантаваць наконт прапажы маёмасці і звяртацца ў міліцыю?

Пералік учыненых злачынстваў не з’яўляецца сведчаннем росту колькасці правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Так, за дзесяць месяцаў з пачатку года (вышэйпералічаныя эпізоды ў гэтую статыстыку не ўвайшлі, бо следства яшчэ працягваецца) было адзначана толькі адно злачынства (летась іх было 6). Не адзначана ніводнага злачынства, учыненага ў стане алкагольнага ап’янення, і групавых злачынстваў. Адзначана таксама 2 хуліганствы. На пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх за гэты час было разгледжана 45 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, з якіх 22 у адносінах 16 непаўналетніх і 23 пратаколы ў адносінах законных прадстаўнікоў, што істотна менш леташняга. Пратаколы складаліся за распіццё алкагольных напояў, за дробнае хуліганства, за ажыццяўленне дробнага крадзяжу, за абразу і за парушэнне правілаў дарожнага руху. Да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягнута 8 падлеткаў і 9 бацькоў.

Па стане на 1 лістапада 2023 года прызнаны асобамі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, 10 дзяцей з 4 сямей. Вяртанне дзяцей у біялагічныя сем’і складае 60%. На гэтую ж дату 102 дзіцяці з 41 сям’і прызнаны асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

Святлана БОНДАР,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Бярэзінскага райвыканкама.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER