Удзельнікам мерапрыемства – юнакам 2009 года нараджэння і маладзейшым– прыйшлося нялёгка: перад імі стаяла задача не толькі хутка, але і правільна транспартаваць умоўнага пацярпелага на пэўную адлегласць. А важыў манекен нямала, бо практычна цалкам ён быў запоўнены вадой!
«Сярод удзельнікаў спаборніцтваў ёсць навічкі, а ёсць і бывалыя, – расказвае трэнер-выкладчык па плаванні і галоўны суддзя спаборніцтваў Сяргей Палянскі. – Хлопцы разумелі, што важна праявіць хуткасць, тэхніку і акуратнасць: так, пры ратаванні пацярпелага нельга дапусціць, каб яго твар аказаўся пад вадой, таксама важны правільны захоп манекена. Можна ўмець выдатна плаваць, але, не ведаючы асноў па выратаванні чалавека на вадзе, аказаць дапамогу правільна зможа не кожны добры плывец».
Па выніках першынства ў асабістым заліку трэцяе месца заняў Заікін Захар (ДУА «Сярэдняя школа №2 г. Беразіно»), другое – Арэшкаў Данііл (ДУА «Капланецкая сярэдняя школа Бярэзінскага раёна»), лідарам стаў Пятліцкі Расціслаў з бярэзінскай гімназіі. Дзеці атрымалі падарункі ад Аксаны Собаль, якая прадстаўляла раённы камітэт ГА «БРСМ».
У агульнакамандным заліку трэцімі сталі плыўцы з Капланецкай сярэдняй школы. Другое месца – у юнакоў, якія прадстаўлялі ДУА «Сярэдняя школа №2 г. Беразіно», лідарамі сталі бярэзінскія гімназісты. Трое юнакоў, што занялі прызавыя месцы ў асабістым першынстве, прадставяць Бярэзінскі раён на абласных спаборніцтвах па ратаванні на вадзе, якія пройдуць у красавіку.