Нябедна жыць не забароніш, альбо Як павялічыць сваю пенсію?

Date 17.12.2021 Man
Comment 621

«Якая ў мяне будзе пенсія?» – гэта пытанне пачынае востра непакоіць людзей бліжэй да 50 гадоў. Усім вядома, што многія фактары ўплываюць на яе памер, – па вялікім рахунку, у кожнага чалавека складваецца свая ўласная сітуацыя.

Сёння з’явілася яшчэ адна магчымасць забяспечыць нябедную старасць дзякуючы новаму Указу Прэзідэнта № 367 «Аб добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі». Як скарыстацца новай праграмай і не забыцца пра яшчэ адзін варыянт павелічэння даходаў на заслужаным адпачынку, гаварылі ў ходзе работы дыялогавай пляцоўкі нашай рэдакцыі самыя дасведчаныя ў гэтай справе эксперты-прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, райаддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны і, вядома, пенсіянеры. Размова выклікала нямала пытанняў у работнікаў аддзелаў кадраў і бухгалтараў, на кожны з іх быў дадзены поўны адказ.

Існуе два варыянты павялічыць пенсію

Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава, якая нязменна клапоціцца аб пажылых людзях і забеспячэнні годнага ўзроўню іх жыцця. Прадугледжаны і дадатковыя механізмы, калі чалавек можа істотна павялічваць памер сваёй пенсіі. Адзін існуе ў рамках агульнай пенсійнай сістэмы і датычыцца тых асоб, якія ўжо дасягнулі пенсійнага ўзросту. Гэта адкладзеная пенсія, якая дазваляе чалавеку фарміраваць сабе больш высокія даходы на постпрацоўны перыяд, працягваючы працаваць, і на пэўны тэрмін адмовіўшыся ад атрымання пенсіі. Другі спосаб — добраахвотнае страхаванне дадатковай пенсіі ў страхавых арганізацыях. Сёння ўся інфармацыя аб пенсійным забеспячэнні ёсць у адкрытым доступе, але людзям не заўсёды зразумелыя складаныя фармулёўкі афіцыйных дакументаў.

Памер пенсій цяпер вылічваецца з улікам стажу і заработнай платы работніка. На сёння сярэдняя пенсія па ўзросце складае 545 рублёў.

Чым вабіць адкладзеная пенсія?

– Сёння ў людзей ёсць рэальны шанц павялічыць сваю пенсію амаль у два разы, – заўважае начальнік пенсійнага аддзела ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Вольга Хацько. – На яго варта звярнуць увагу работнікам, якія ўжо дасягнулі пенсійнага ўзросту, бо, як паказвае статыстыка, кожны 5 пенсіянер працягвае працаваць на сваім працоўным месцы. Для іх падыдзе прынцып адкладзенай пенсіі. Тады прымяняецца наступны алгарытм: калі чалавек прадаўжае працаваць пасля прызначэння пенсіі па ўзросце, ён можа адмовіцца ад яе атрымання. У такім выпадку пасля звальнення да пенсіі будзе выплачвацца дадатковая прэмія. Памер прэміі прагрэсіўна павялічваецца ў залежнасці ад колькасці поўных гадоў ці месяцаў такой работы. Адпаведна, чым даўжэйшы перыяд работы без пенсіі, тым вышэй памер прэміі.

Напрыклад, за пяць гадоў работы без атрымання пенсіі можна павялічыць яе памер у 1,7-1,8 раза! Лічу такую даплату істотнай падтрымкай для чалавека на заслужаным адпачынку. Зацікавіць такі варыянт павышэння даходаў павінен магчымасцю вярнуць свае адкладзеныя пенсіі. Зрабіць гэта можа будзе, але толькі за тры гады.

На думку спецыяліста, большасць пенсіянераў абачліва адмаўляецца ад гэтага варыянту, спасылаючыся на датэрміновую смерць. Але статыстыка сведчыць адваротнае: сярэдні перыяд атрымання пенсіі па ўзросце ў нашай краіне складае больш за 21 год. Дык чаму не рызыкнуць пяццю гадамі працы на пенсіі?

А што абяцае накапляльная пенсія?

– З 1 кастрычніка наступнага года работнік, які пажадае ўдзельнічаць у страхаванні, у дапаўненне да абавязковага аднапрацэнтнага ўзносу на працоўную пенсію зможа плаціць дадатковы ўзнос на накапляльную пенсію, яго памер кожны выбірае сам, аднак вызначана максімальная норма – дзесяць працэнтаў ад фактычнай заработнай платы, – уключаецца ў размову начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Мінаблупраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Святлана Кушнер. – Падключаецца і работадаўца, які абавязаны плаціць узнос у памеры ўзносу работніка, але не больш за тры працэнты. У якасці прыкладу: работнік выбірае ўзнос на накапляльную пенсію ў памеры аднаго працэнта ад зарплаты. Тады яшчэ адзін працэнт даплаціць яго наймальнік. Такім чынам, у добраахвотныя пенсійныя зберажэнні паступіць узнос у памеры два працэнты ад фактычнай зарплаты. Максімальна магчымы агульны ўзнос па гэтай пенсійнай праграме складзе 13 працэнтаў: дзесяць працэнтаў – узнос работніка, тры працэнты – работадаўца. Падкрэслена, што пры ўступленні работніка ў новую праграму, расходы яго работадаўцы на выплату пенсійных узносаў не павялічацца, існуе гарантыя захаванасці пенсійных накапленняў і магчымасць іх наследавання.

А ты дбаеш пра сваё заўтра?

Новыя механізмы павелічэння пенсіі зацікавілі ўсіх удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі. Найбольш актыўнымі апанентамі ў размове былі пенсіянеры, якія жыва цікавіліся новаўвядзеннямі. На жаль, яны ўжо ніяк не змогуць павялічыць свае даходы на пенсіі.

– Мы перажылі столькі нягод і эканамічных крызісаў, – заўважалі яны, – што ніяк не сабралі сабе грошай на бязбедную старасць. Зараз можам разлічваць толькі на дзяржаўную прыбаўку да пенсіі. Ды і ніхто і ніколі не прапаноўваў нам варыянты павелічэння пенсій. Час быў іншым! Таму няхай моладзь уводзіць у моду трэнд – дбаць пра свае даходы на пенсіі!

Сёння ж дапаўненне дзяржаўных пенсій накапляльнымі дабаўкамі – карпаратыўнымі пенсіямі ад работадаўцаў, асабістымі пенсійнымі зберажэннямі работнікаў – шырока практыкуецца ў эканамічна развітых краінах і паступова зараджаецца ў Беларусі. Менавіта спалучэнне некалькіх узроўняў пенсійнай сістэмы дазваляе падтрымліваць высокі ўзровень даходаў чалавека на пенсіі.

Нездарма ж Прэзідэнт краіны, выступаючы на VI Усебеларускім народным сходзе, падкрэсліў, што «сацыяльная дзяржава – наш нязменны сацыяльны брэнд». І такі шматбаковы дзяржаўны клопат тычыцца ў тым ліку і грамадзян сталага ўзросту, якія шмат працавалі, будавалі краіну, выхоўвалі падрастаючае пакаленне, прымнажалі гонар і славу Беларусі. Намаганні дзяржавы па забеспячэнні ўстойлівага росту пенсій, паляпшэнні сацыяльнага асяроддзя паступова мяняюць якасць жыцця пажылых грамадзян. І не дзіўна, што нашы пенсіянеры сталі жыць лепш.

Напрыклад, калі на пачатку гэтага стагоддзя сярэдняя пенсія па ўзросце была фактычна на ўзроўні пражытачнага мінімуму пенсіянера, то сёння яна перавышае гэты бюджэт у 2,4 раза. І яшчэ адна лічба: за мінулую пяцігодку пенсіі з улікам інфляцыі выраслі ў 1,2 раза.

Яшчэ адзін важны аспект – беларусы сталага ўзросту сталі жыць даўжэй. За апошнія дзесяцігоддзі чаканая працягласць жыцця грамадзян павялічылася ў сярэднім на 2,3 года.

Разам з тым, мяняюцца і погляды, інтарэсы грамадзян пажылога ўзросту. Сённяшнія пенсіянеры куды больш актыўныя. І іншы раз, каб рэалізаваць усе планы і задумкі ў пажылым узросце, пенсіі недастаткова. Вось чаму і патрэбны дадатковыя крыніцы даходу для тых, хто на заслужаным адпачынку. У дакладзе на VI Усебеларускім народным сходзе Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць паэтапнага ўвядзення элементаў накапляльнай пенсійнай сістэмы, што дазволіць кожнаму работніку павялічыць свае даходы, стварыць так званую «падушку бяспекі» пасля спынення работы ў сувязі з выхадам на пенсію. Такім чынам, кожны можа паклапаціцца пра сваё фінансавае заўтра.

7 пытанняў пра накапляльную пенсію

1. Пры ўступленні ў праграму дадатковай пенсіі, якія ўмовы можа выбраць работнік?

– Ён выбірае тарыф узносу, які можа мяняць 1 раз у год. Акрамя гэтага, у яго ёсць права спыніць удзел у праграме, а затым вярнуцца да выплаты дадатковых узносаў.

2. Ці можа ініцыятарам ўступлення дагавора стаць работадаўца?

– Не, ініцыятар заключэння дагавора страхавання — работнік.

3. Хто павінен пералічваць узносы ў РУСП “Стравіта” ?

– Абавязак па пераліку дадатковых узносаў работніка і работадаўцы, іх пералічэнні на рахунак страхаўшчыка ўскладзены на работадаўца і павінны быць выплачаны не пазней устаноўленага тэрміну выплаты заробку за мінулы месяц.

4. Ці можа РУСП “Стравіта” адмовіць у заключэнні дагавора страхавання?

– Гэта так, але толькі пры ўмове, што работадаўца работніка знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі альбо банкруцтва.

5. Што рабіць грамадзянам, якія згодна з Указам Прэзідэнта не могуць удзельнічаць у новым страхаванні? Якія для іх існуюць варыянты павелічэння пенсіі?

– Яны могуць заключыць добраахвотныя дагаворы страхавання дадатковай пенсіі з РУСП “Стравіта” і СТАА “ Прыорлайф”.

6. Ці магчыма будзе спыніць дагавор і забраць грошы раней надыходу пенсійнага ўзросту?

– Забраць узносы датэрмінова немагчыма (ёсць выключэнні), затое можна спыніць выплату страхавых узносаў. На фактычна накопленыя сродкі будзе налічвацца даходнасць.

7. Ці ёсць права наследавання назапашанай сумы ў выпадку смерці работніка?

– У выпадку, калі смерць работніка наступіла да дасягнення пенсійнага ўзросту, яго наследнікі атрымаюць выкупную суму з памеру фактычна выплачаных страхавых узносаў пасля вяртання расходаў страхаўшчыка на вядзенне справы.

Калі ж смерць работніка наступіла пасля дасягнення пенсійнага ўзросту і ён не змог атрымаць усю суму страхавога забеспячэння, астатак застанецца наследнікам.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER