Тут у храме ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы ў свой час служыў свяшчэннамучанік Леанід Біруковіч, расстраляны за веру Хрыстову ў 1937 годзе і далучаны да ліку святых у 1999-м. Храм быў узведзены ў 1806-м годзе, рэканструяваны ў 1906-м, закрыты ў 1935-м, спалены ў 1941-м у час Вялікай Айчыннай вайны, і вось праз шмат дзесяцігоддзяў адбудаваны нанова.
Напрыканцы чэрвеня ў гонар аднаўлення культавага будынка адбылася значная падзея – вялікі чын асвячэння храма, які правёў Высокапраасвяшчэннейшы Веніямін Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, патрыяршы экзарх усёй Беларусі.
Сапраўдны цуд
Чын асвячэння храма – гэта своеасаблівая дзея, якую лепш пабачыць уласна, а яшчэ лепш – прыняць у ёй удзел. У час Літургіі прыгожыя песнапенні выканаў хор Нікольскага храма г. Беразіно пад упраўленнем рэгента Алены Дзялендзік. Падчас набажэнстваў вернікі ўзнеслі асаблівыя малітвеныя прашэнні аб усталяванні міру.
– На гэтым месцы сёння асаблівае Божае благаславенне, – зазначыў у пастырскім слове Мітрапаліт Веніямін. – Неабходна не растраціць гэтае благаславенне, а прымножыць, што залежыць ад моцы нашых малітваў і нашай веры. Асвячэнне храма ёсць падзея, якая па сутнасці нашмат вышэй астатніх падзей. Праз храм усталёўваецца асаблівая сувязь з небам. Наш храм просты, але пабудаваны з любоўю і прыгодны для малітвы. Таму сёння тут асабліва прысутнічае Гасподзь. Будзем тут знаходзіцца з любоўю і глубокай пашанай!
Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў настаяцель храма іерэй Аляксей Маслянкоў.
– На гэтым месцы храма не было 80 гадоў, – заўважыў айцец Аляксей. – Мы зараз назіраем сапраўдны Божы цуд.
Гістарычная справядлівасць
На ўрачыстасць сабралася шмат святароў з розных куткоў краіны, а таксама духавенства і прыхаджане Бярэзінскай царкоўнай акругі, мясцовыя жыхары. Настрой ва ўсіх - выключна радасны. Усё ж адкрыццё храма здараецца не кожны дзень.
– Для нас, жыхароў Брадца, падобная падзея вельмі значная, – падзялілася Таццяна Галуза. – Мы даўно чулі, што жыў у Брадцы святы чалавек, айцец Леанід. Па-першае, храм пабудаваны на тым самым месцы, дзе ён служыў. Па-другое, асвяціць прыехаў уласна сам Мітрапаліт Веніямін. Гэта для нас Божая благадаць.
Пра закатаванага за веру ў Хрыста айца Леаніда Біруковіча раней ужо пісалася на старонках раённай газеты. Нарадзіўся свяшчэннамучанік ў 1864 годзе ў в.Ухвала на Барысаўшчыне. Настаяцелем царквы Успення Божай Маці ў Брадцы служыў з 1899 года па 1937-ы.
За працяглы час святарства заслужыў любоў мясцовых жыхароў. Да самай гібелі быў са сваім прыходам, нягледзячы на ўсе цяжкасці паслярэвалюцыйнага часу. У 2020 годзе па благаслаўленні епіскапа Барысаўскага і Мар'інагорскага Веніяміна была знята дакументальная стужка "Прасвіцер Брадзецкі" пра жыццё айца Леаніда. Духоўнікам і кансультантам праекта выступіў іерэй Аляксей Маслянкоў, які у свой час прыклаў шмат намаганняў у зборы інфармацыі пра жыццё духоўнага заступніка зямлі Бярэзінскай.
Сёння ж на асвячэнні адноўленага храма прысутнічалі нашчадкі свяшчэннамучаніка – прапраўнук Аляксандр Навасёлаў са сваімі дочкамі Васілісай і Агатай. Жывуць у Мінску. Па адной адукацыі Аляксандр – скульптар, па другой – будаўнік. У дадатак выкладае ў нядзельнай школе. Дарэчы, на тэрыторыі Брадзецкага храма можна ўбачыць мастацкія работы скульптара.
– Гэта доўгачаканая падзея для мяне таксама. Мы сталі сведкамі ўстанаўлення гістарычнай справядлівасці, – заўважыў у прыватнай гутарцы Аляксандр. – Гэтае месца набыло першаснае значэнне для мясцовых жыхароў. Шмат людзей чакала аднаўлення храма. Зараз тут адкрылася новая сфера жыцця, з'явілася магчымасць удзельнічаць у таінствах, прычашчацца, хрысціць дзяцей. Мяне перапаўняюць узвышаныя пачуцці.
Падзякі і падарункі
У памяць асвячэння храма ў дар прыходу Мітрапаліт Веніямін перадаў мошчы святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай, напрастольны крыж і ікону свяціцеля Мікалая Цудатворца. Настаяцель храма Успення Божай Маці ў Брадцы іерэй Аляксей быў узнагароджаны правам нашэння наперснага крыжа з упрыгожаннямі і адзначаны архіерэйскай граматай. Таксама архіерэйскімі граматамі і падзякамі былі ўзнагароджаны прыхаджане, якія ўнеслі ўклад у будаўніцтва. У сваю чаргу іерэй Аляксей падзякаваў Яго Высокапраасвяшчэнства за сумесную малітву і падарыў ікону Божай Маці "Маці Малебніца". Напрыканцы Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы даў усім прысутным архіпастырскае благаславенне.
– З задавальненнем наведаліся сёння з матушкай Святланай у вашыя мясціны, – падзяліўся ўражаннямі настаяцель храма Прэабражэння Гасподня ў вёсцы Сялец Брагінскага раёна, старшыня камісіі па кананізацыі святых Тураўскай епархіі іерэй Расціслаў Бандарэнка. – Пры свяшчэннамучаніку Леаніду тут служылі ўраджэнцы Сяльца псаломшчыкі Парфірый і Раман Тушкевічы. Таму сімвалічна, што я таксама спадобіўся пабываць на гэтым месцы. У дадатак, мне асабліва прыемна наведацца на Бярэзіншчыну яшчэ і таму, што мой дзед Сава Іванавіч Бандарэнка, ураджэнец вёскі Губарэвічы Хойніцкага раёна, які прайшоў усю вайну і закончыў яе ў Берліне, удзельнічаў у вызваленні Бярэзіншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і быў узнагароджаны за бой у раёне Капланцаў. Таму сёння атрымалі з матушкай вельмі добрыя асабістыя ўражанні.
На асвячэнні храма прысутнічаў намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама Уладзімір Навіцкі.
Таксама можна было азнаёміцца з тэматычнай стэндавай выставай і далучыцца да агульнай радасці вернікаў.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара