Міхаіл Савіцкі. Шлях мастака

Date 18.02.2022 Man
Comment 1050
Міхаіл Савіцкі. Шлях мастака

Творчасць мастака Міхаіла Савіцкага звязана з галоўнымі трагедыямі нашай зямлі ў ХХ стагоддзі – Вялікай Айчыннай вайной і Чарнобыльскай трагедыяй.

Сёлета 18 лютага споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння славутага сына Беларусі, біяграфія якога вартая асобнай мастацкай кнігі.

Ваеннае юнацтва

Будучы мастак нарадзіўся ў вёсцы Звенячы Талачынскага раёна на Віцебшчыне ў сям’і чыгуначніка і пчаляра, і быў малодшым з чатырох дзяцей. Юнацтва Міхаіла Андрэевіча супала з гадамі Вялікай Айчыннай вайны. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Ужо ў лістападзе 1941 года ў складзе дэсанта высадзіўся ў Севастопалі, удзельнічаў у абароне горада. Абарона працягвалася 250 дзён. Але нягледзячы на мужнае супраціўленне, горад быў здадзены, і праз 5 дзён Міхаіл Савіцкі трапіў у палон, адкуль спачатку адправілі ў Румынію, а потым у Германію.

Вязень 32815

У Германіі палоннаму прызначылі працаваць электра-зваршчыкам на вагоннай фабрыцы ў Дзюсельдорфе. Там жа разам з іншымі таварышамі па няшчасці быў членам дыверсійнай групы пад кіраўніцтвам Георгія Карнілава. Праўда, праіснавала група дыверсантаў нядоўга і ў хуткім часе была раскрыта. М.Савіцкі спрабаваў збегчы ў Францыю, але быў затрыманы фашыстамі і асуджаны да смяротнага пакарання. Пазней пакаранне замянілі на адпраўку ў канцэнтрацыйны лагер Бухенвальд. У Бухенвальдзе ён меў нумар 32815, які потым будзе адлюстраваны ў знакамітай серыі карцін мастака.

З Бухенвальда палоннага адправілі на каменяломні канцэнтрацыйнага лагера Мітэльбаў-Дора, адкуль моцна знясілены ўжо пад канец вайны ён патрапіў у лагер Дахау. Немцам не атрымалася зламіць волю адважнага беларуса, і ён зноў спрабуе арганізаваць пабег. Аднак спроба была няўдалай. Ёсць звесткі, што М.Савіцкі прабыў 17 дзён пад арыштам у тыфозным бараку ў чаканні расстрэлу. Аднак 29 красавіка 1945 года падаспеўшыя амерыканскія саюзнікі вызвалілі ўцалелых вязняў Дахау, сярод іх быў і Савіцкі.

Потым

З-за дрэннага здароўя, падарванага ў палоне, М.Савіцкага прызналі непрыгодным да ваеннай службы. Аднак дзякуючы ўласным настойлівым намаганням, ён дабіўся дазволу застацца ў арміі, і да 1947 года служыў у Германіі і Венгрыі, а потым вярнуўся ў Мінск.

На Радзіме М. Савіцкі паступае ў мастацкае вучылішча, а пасля – у Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава, які заканчвае ў 1957 годзе. Вяртаецца ў Мінск, і жыве тут, практычна нікуды не выязджаючы. Прысвячае сябе творчасці.

Мастацтва

У творчасці мастак часта дакранаўся да гістарычных і сучасных тэм, надаючы творам шмат экспрэсіі і эмацыянальнасці. Яго работы, выкананыя ў “суровым” стылі, які вылучае менавіта манеру пісьма Савіцкага.

Мастак – перакананы рэаліст, які перанёс на сабе трагедыю народа, і не па чутках зведаў пакуты. Галоўная тэма – вайна. Па ўсіх карцінах добра відаць, як глыбока ў сэрца творцы ўрэзаліся ўспаміны пра канцлагеры (Цыкл “Лічбы на сэрцы”). Многія яго працы закраналі тэму ваенных бітваў і партызанскай барацьбы, стойкасць жанчын у цяжкі час (“Партызанская Мадонна”), гераізм салдат і патрыятызм савецкага народа (“Легенда аб бацьку Мінаі”, “Дзеці вайны”, цыкл “Гераічная Беларусь”).

У творчасці мастака можна сустрэць і народныя матывы. М.Савіцкі таксама ілюстраваў дзіцячыя кніжкі.

“Лічбы на сэрцы”

Гэты цыкл карцін многія ўспрымаюць як самы галоўны ў творчасці мастака. Ідэя цыкла выношвалася больш за 30 гадоў і ажыццяўлялася ў 1974-1979 і 1987 гадах. Па складанасці і маштабнасці пастаўленых задач, па выяўленчых сродках “Лічбы на сэрцы” не маюць аналагаў у сусветным мастацтве. За кожнай карцінай стаіць асобная гісторыя: і пра надзею на вызваленне, і пра спробы выжывання, і пра супрацьстаянне ворагу. Цыкл складаецца з 16 манументальных палотнаў, якія ўвасабляюць перажытае і ўбачанае Савіцкім у канцэнтрацыйных лагерах. 20 мая 1979 года ў эфіры Беларускага радыё Міхаіл Савіцкі распавёў перадгісторыю стварэння цыкла.

— Мой лагерны нумар быў адпраўным пунктам для назвы цыкла. Нумар прышывалі да паласатай курткі злева, там, дзе сэрца. Карціна “Вязень 32815” – аднафігурная кампазіцыя, вязень стаіць на фоне бухенвальдскай рашоткі з надпісам “Кожнаму сваё”. Кампазіцыя зусім простая. Тым не менш гэта праца ў цыкле была адной з самых цяжкіх, — расказваў мастак.

“Летні тэатр”

На мове фашыстаў, “летнім тэатрам” называлі яму, у якую скідвалі людзей, загубленых газам, і потым спальвалі. Гэта дало назву вядомай карціне Савіцкага. На палатне, дзе бульдозер скідвае ў яму трупы, прадстаўлены дзве фігуры – эсэсаўца і палоннага з зоркай Давіда на грудзях. Асобным людзям гэта дало падставу абвінавачваць мастака ледзь не ў антысемітызме. Маўляў, па матывах карціны, яўрэі ледзь не былі ў лагерных катаў на пасылках і дапамагалі тварыць жудасныя рэчы. Аднак тым, хто ніколі ў жыцці не зведаў жахаў канцлагераў, Савіцкі растлумачыў, што чалавек з зоркай Давіда – вязень зондэркаманды, які такая ж ахвяра, як і знішчаныя людзі, бо зондэркаманды набіраліся таксама з яўрэяў і потым знішчаліся, каб не заставалася сведкаў.

Ад мастака патрабавалі прыбраць адметны знак з грудзей зняволенага на карціне, але М.Савіцкі заставаўся непахісным. Пра жудасныя часы, сведкам якіх быў уласна, мастак аддаваў перавагу на палатне гаварыць праўду, нават калі хтосьці мог неадназначна зразумець.

У грамадскім жыцці

М.Савіцкі выбіраўся народным дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Удзельнічаў у роспісе музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Быў акадэмікам Расійскай акадэміі мастацтваў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яго ўзнагароды: Дзяржаўная прэмія СССР, народны мастак СССР, народны мастак Беларусі, лаўрэат трох Дзяржаўных прэмій Беларусі, ордэн Леніна, ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, ордэн Айчыннай вайны II ступені, ордэн Андрэя Першазванага, медаль “За перамогу над Германіяй” і іншыя медалі. У 1997 го-дзе мастак быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, стаўшы пры гэтым першым яго кавалерам. 1 сакавіка 2006-га яму было прысвоена званне “Герой Беларусі”.

У апошнія гады свайго жыцця Міхаіл Андрэевіч моцна хварэў, перанёс шырокі інсульт. Памёр 8 лістапада 2010 года. Пахаваны ў Мінску.

Спадчына

Па ўспрыманні карціны Савіцкага пакідаюць вельмі цяжкія ўражанні, можна сказаць: яны жорсткія. Мастацтва ёсць катэгорыя неаб’ектыўная, бо ў першую чаргу гэта падсумоўванне асабістага жыццёвага досведу. Аднак яго карціны ўтрымліваюць ідэю і сэнс, актуальныя ва ўсе дні. Гэта цвёрдае “Не!” генацыду, фашызму, знішчэнню народаў, вайне. Недарэмна многія называюць Міхаіла Савіцкага мастаком №1 у Беларусі ХХ стагоддзя.

Работы мастака выстаўлены ў дзяржаўных музеях Беларусі, Расіі, Балгарыі і іншых краінах. Радуе, што іх вялікая колькасць засталася на Радзіме. Уласна сам мастак наконт сваіх карцін меў прынцыповую пазіцыю – адмаўляўся прадаваць іх у прыватныя калекцыі замежнікам, бо не хацеў, каб яго творчасць прадавалася толькі з-за вядомага імя.

У рамках святкавання 100-годдзя славутага мастака работнікі Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі запланавалі мерапрыемства са старшакласнікамі, на якім мяркуецца паказаць фільм пра творчасць Міхаіла Савіцкага і пазнаёміць вучняў з яго няпростай біяграфіяй.

Падрыхтаваў Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота з адкрытых крыніц і БелТА.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Лістапада 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30