Далучайцеся да месячніка па навядзенні парадку!

Date 18.03.2022 Man
Comment 847
Далучайцеся да месячніка па навядзенні парадку!

Тэма навядзення парадку на зямлі не губляе актуальнасці. Ужо стала добрай традыцыяй штогод праводзіць у раёне месячнікі па добраўпарадкаванні тэрыторый. Таму да 30 красавіка ў Бярэзінскім раёне, як і па ўсёй Мінскай вобласці, праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні тэрыторыі.

Запрашаем працоўныя калектывы Бярэзіншчыны, моладзь, школьнікаў, грамадскія аб’яднанні прыняць у ім актыўны ўдзел. Кожны на сваіх працоўных месцах, тэрыторыях, замацаваных за арганізацыямі і прадпрыемствамі, месцах пахавання і воінскіх захаваннях павінен дбаць пра чысціню і парадак!

Давайце разам, дружна зробім наш горад і раён больш прыгожым і ўтульным.

А мы звярнуліся да бярэзінцаў з пытаннем на тэму, як будзеце добраўпарадкоўваць уласныя падворкі, што плануеце садзіць на градах?

Іван ЦЭДРЫК, працуе ў “ТрыА”:

– З надыходам вясны ўсё ажывае і ў прыродзе абуджаецца прыгажосць. Ніколі не праміну, каб нагадаць, што такое нам даў Бог! Таму добраўпарадкаваць зямлю, на якой наканавана нарадзіцца, – карысная і патрэбная справа. Наша сям’я любіць кветкі, таму іх у нас шмат. Жонка Наташа падрыхтавала 30 вазонаў розных кветак, каб высадзіць іх у маі, калі добра пацяплее. Дома ж таксама шмат расліннасці, нават архідэі ёсць. Расаду высяваем самі, а бывае, што і купляем. Да таго ж, на ўчастку растуць мнагалетнік, туі, іншае. Маліна розных гатункаў – асобная тэма. У нас маліна садовая, жоўтая, чырвоная, далі нам яшчэ чорную. На градах высаджваем бульбу, агуркі, памідоры, цыбулю. Калі коратка, дык садзім мы натуральна ўсё, што можа вырасці.

Ірына КАВАЛЁВА, у дэкрэтным водпуску:

– У мамы маецца ўчастак. Раней, калі я працавала ў камерцыйным банку, дык заўсёды дапамагала на ўчастку навесці парадак. Зразумелая справа, дапамагаем маме. Вырошчваем на ўчастку пладова-ягадныя культуры, памідоры, агуркі. Зараз, праўда, трэба з малышамі сядзець больш. Але ж усё, што расце і прыносіць ураджай, мы садзім.

Тамара ПШАНІЧНІК, пенсіянер:

– Участак у нас разам з домам увогуле 8 сотак, з іх пад агарод адведзена прыкладна соткі 2. Жывём у Беразіно, для гарадскіх умоў дастаткова. Там садзім бульбу, моркву, цыбулю. У парніку – памідоры і агуркі. Ураджай бывае розны, у залежнасці ад умоў надвор'я. Але нам заўсёды хапае. Месячнік добраўпарадкавання, несумненна, справа добрая. Мы прыбіраем не толькі ва ўказаны перыяд, сочым за парадкам заўсёды.

Тамара БЕЛАЯ, пенсіянер:

– На сваім участку садзім усё, што звычайна, як і большасць людзей. Перцы, памідоры, бульбачку. Вось разважаем зараз: купляць другую цяпліцу, ці хопіць адной? На тэрыторыі заўсёды наводзім парадак. Дарэчы, жывём каля ракі, непадалёк маецца цудоўны пляж, куды можна спусціцца па прыступках. Пляж гэты запатрабаваны сярод мясцовых жыхароў, аднак праблема ў тым, што патрапіць на яго можна толькі ў чэрвені, калі поўнасцю канчаецца разліў. Будзе вельмі цудоўна, калі ў рамках добраўпарадкавання каля ракі там зробяць масток, каб можна было трапляць на пляж у любую пару года. Ад сябе дадам, калі пачую, што плануецца ўборка ў нашых мясцінах, абавязкова прыму ўдзел, бо калі чысценька – тады і прыгожа.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31