Усё капіруем на клейкую стужку
«Лінеечкі тоненькія, невыразныя, але іх неабходна разглядзець і ўстанавіць агульную карціну. Праца ювелірная, нагадвае даследаванне», – распавядае аб працэсе дактыласкапічнай экспертызы Павел.
Ён пільна ўглядаецца ў мікраскоп. Потым штосьці вывучае праз лупу з павелічальным шклом.
Зразумела, спешцы ў экспертнай справе месца няма. Наадварот, як прызнаецца малады чалавек, бывае, што сёння ўбачыш адно, заўтра – зусім іншае, і адна маленькая «закавычка» здольная змяніць усё.
А першапачаткова спецыяліст выязджае ў складзе аператыўна-следчай групы на месца здарэння, дзе важна дасканала і якасна сабраць доказы злачынства. Ён шукае і капіруе на клейкую стужку або плёнку нават самыя маленькія фрагменты адпячаткаў.
Чым больш слядоў, тым лепш!
– Калі «маляваць» у сваей галаве тое, як мог дзейнічаць злачынца, то такіх слядоў удаецца сабраць максімальную колькасць, – тлумачыць ён, - задача якога заключаецца і ў тым, каб на месцы вызначыць прыналежнасць знойдзеных слядоў для далейшай работы.
Дзякуючы кінафільмам, пабыць у ролі судовага эксперта хацелася б кожнаму з нас. Вельмі ж незвычайная і нават загадкавая ў іх праца! Ды і літаральна магнітам цягне ўсіх зазірнуць у экспертны «суперчамаданчык». А там – рознакаляровыя парашкі ды пэндзлікі, вымяральныя прыборы, з дапамогай якіх вядуцца пошук і фіксацыя слядоў злачынцы.
Павел нарадзіўся ў сталіцы, скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У эксперты трапіў выпадкова.
– Я вучыўся на платнай аснове, – расказвае ён, – і вось на пятым курсе паўстала пытанне, кім быць. Вядома ж, можна было б стаць следчым, бо пэўны вопыт гэтай справы быў атрыманы ў час практыкі, але ўзяла верх мая прага да пошуку. Так я і стаў судовым экспертам у Мінскім міжраённым аддзеле Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, адпрацаваў там пэўны час.
Галоўнае - самаадукацыя
Першыя паўгода Павел лічыўся дзяржаўным судовым экспертам-стажорам. У авалодванні прафесіяй яму дапамаглі вопытныя калегі і вялікая практыка. Мінскі раён – месца крымінальна небяспечнае. Тут штодзень здараліся крадзяжы, хуліганствы, хапала і больш цяжкіх злачынстваў. Таму асвойваць усё даводзілася на практыцы і працаваць нягледзячы на гадзіннік.
Сёння Павел Бабіч мае ўжо два допускі, і адзін з іх – да правядзення дактыласкапічных экспертыз. У яго ёсць магчымасці, а галоўнае – цікавасць да далейшага павышэння сваёй кваліфікацыі. І хоць праца судовага эксперта спецыфічная, ён на цяжкасці ніяк не наракае.
– Мне пакуль усё цікава і падабаецца, – гаворыць малады мужчына, – я гатовы вучыцца і пастаянна самаўдасканальвацца. Нацэльваюць на гэта новыя віды злачынстваў. Злодзеі не даюць сумаваць.
Па слядах эксперта
Усе цяжкасці ў рабоце Павел кампенсуе маладым энтузіязмам і доўгімі прагулкамі па горадзе. У дзень яго кіламетраж пасля працы дасягае 8 кіламетраў. Падабаюцца ў нашым горадзе яму не толькі размераны лад жыцця і прыгожыя завулкі, але і асаблівая задушэўная атмасфера, дзе яму надзвычай камфортна.
– У кінатэатры прагляд ідзе нават для пяці гледачоў, людзі ветлівыя і адкрытыя, есць нядрэнныя кафэ і харчовыя крамы, мноства спартыўных аб’ектаў, ды і бяспечна тут гуляць да самай позняй ночы, – дадае Павел. – Гэта я вам як эксперт гавару!
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.