Тым не менш, большай часткай калектыў гэта жаночы і складаецца з людей, якія свядома выбралі сабе такі няпросты лёс. У іх ліку і старшая медсястра аддзялення Валянціна Парфянюк.
– Калі паўстала пытанне выбару прафесіі, я ніколькі не вагалася і вырашыла стаць не ўрачом, а іменна медыцынскай сястрой як спецыялістам, які больш цесна працуе з кожным пацыентам, мае з ім пастаянны кантакт, – расказвае Валянціна Віктараўна. – І за час сваёй работы ніколькі не расчаравалася ў зробленым выбары.
Наогул В. Парфянюк лічыць, што падзел спецыялістаў на ўрачоў, медсясцёр і санітарак – умоўны. Існуе ўнікальнае слова “медработнік”, якое аб’ядноўвае ўсе гэтыя паняцці, як і тыя намаганні, якія прыкладвае кожны на сваім участку для дасягнення галоўнай мэты – ратавання чалавека. У гэтым ланцужку не можа быць слабага звяна, бо ўсе намаганні не дадуць свайго выніку.
– І ў нашым выпадку аддзяленне сапраўды – адзіная каманда, – дадае жанчына. – Асаблівую зладжанасць прадэманстравала работа ва ўмовах кавіду, калі дзяжурствы ішлі праз суткі, было шмат цяжкахворых пацыентаў і нагрузка
на кожнага была неймаверная. Вытрымалі, справіліся, перамаглі. А дапамагло нам у гэтым і тое, што наша аддзяленне забяспечана ўсім неабходным абсталяваннем. Заслугу ў гэтым бачу і адміністрацыі райбальніцы, і раённага выканаўчага камітэта. Мне даводзіцца часта бываць у розных раёнах рэспублікі і я магу параўнаць, наколькі ўмовы работы ў Бярэзінскай ЦРБ лепшыя за тыя, што існуюць у многіх іншых установах аховы здароўя. Ды і вы самі гэта добра ведаеце.
Але душой любога калектыву ўсё ж з‘яўляюцца людзі. У аддзяленні іх не так і многа. Гэта хірургі Анастасія Ляўша, Аляксандр Балоткін, Аляксандр Савасцеенка, якія паспелі ўжо набыць сабе павагу, і малады спецыяліст, які прыбыў у мінулым годзе Павел Рабцэвіч. Папоўніцца гэты лік сёлета ў жніўні яшчэ адным урачом. Ну і, вядома ж, нельга не назваць Уладзіміра Цэдрыка – загадчыка аддзялення, вопытнага, мудрага і разважлівага чалавека, не толькі цудоўнага хірурга, але і адмысловага адміністратара калектыву.
Тут на роўных суседнічаюць запал маладых кадраў і мудрасць прадстаўнікоў старэйшага пакалення ў асобе медсясцёр Зінаіды Бурай і Алены Паповай, аперацыйных медсясцёр Таццяны Бацкель і Тамары Гушчынай. Дарэчы, многія іншыя медсёстры ў свой час прайшлі добрую школу, працуючы ў рэанімацыйным аддзяленні. Таму яны ніколі не губляюцца і дзейнічаюць правільна, абдумана, аператыўна. Старанныя людзі і санітарачкі аддзялення.
– Часта за сваю работу нам даводзіцца чуць словы падзякі. Не гэта галоўнае ў нашай прафесіі. Галоўнае тое, што ты выканаў сваю работу. Чэсна, сумленна, граматна. Вельмі важна атрымліваць задавальненне ад справы, якой займаешся, ад таго, што ты недарэмна выбраў сваю прафесію, справядліва займаеш сваё месца і можаш ганарыцца вынікамі сваёй дзейнасці.
* Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.