Неабходна ведаць, што большасць пажараў адбываецца ў сельскай мясцовасці і часцей за ўсё віноўнікам і ахвярай пажару становяцца тыя людзі, што не ведаюць меры ва ўжыванні спіртнога, а таксама пенсіянеры. Паўплываць на свядомасць тых, хто злоўжывае спіртнымі напоямі і курыць у доме, нялёгка. Часта тут не хапае намаганняў адразу некалькі службаў. А вось што датычыцца пажылых людзей, тут сітуацыя іншая: прафілактычная работа з імі здольная папярэдзіць бяду і зберагчы жыллё і жыццё чалавека.
Начальнік бярэзінскіх ратавальнікаў Іван Мазанік каменціруе:
«Бяспека пажылых людзей, што пражываюць у сельскай мясцовасці, – важная задача, якую мы імкнёмся забяспечыць усімі магчымымі сродкамі. Прафілактыка праводзіцца па розных накірунках: з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі, падчас адрасных праверак жыллёвага фонду, на сельскіх сходах. Інфарміраванне суб’ектаў прафілактыкі з мэтай аказання адраснай дапамогі – адна з мер. Упэўнены, што перш за ўсе патрэбна размаўляць з людзьмі, тлумачыць ім простыя ісціны: нельга перанакальваць печку і пакідаць у пастаянным рабочым рэжыме электрапрыборы. Своечасова неабходна тынкаваць расколіны печкі і мяняць батарэйку ў пажарным апавяшчальніку. Памятаць пра нумар службы ратавання 112.
Хачу звярнуцца да дарослых людзей. Бяспека пажылых бацькоў – тое пытанне, якое нельга пакідаць па-за ўвагай. Многія з іх у сілу асаблівасцяў здароўя і ўважлівасці не могуць ужо самастойна не тое што адрамантаваць печку, а нават замяніць элемент харчавання ў пажарным апавяшчальніку. Зрабіце ўсё магчымае дзеля бяспечных умоў пражывання пажылых родзічаў».
Нагадваем, што зараз праходзіць акцыя «За бяспеку разам». Ратавальнікі разам з іншымі службамі наведваюць домаўладанні пажылых людзей і інвалідаў, шматдзетных сем’яў і злоўжываючых спіртным людзей для папярэджвання пажараў, а таксама дзеля правядзення шырокамаштабнай тлумачальнай работы з насельніцтвам.
Дарэчы, звярнуўшыся ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, вы можаце пакінуць заяўку на праверку вашага домаўладання на прадмет адпаведнасці нормам пажарнай бяспекі. Паслуга бясплатная.
Вольга Ермакова, інспектар прапаганды Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях