Жыццё, поўнае вандровак

Date 07.06.2022 Man
Comment 480
Жыццё, поўнае вандровак

Прызнаюся шчыра: гэтую жанчыну я ўяўляў сабе зусім іначай. Як-ніяк, а на яе жыццёвым календары 93-ці год. І быў вельмі здзіўлены, калі на мой званок выйшла даволі рухавая, падцягнутая стройная жанчына, якая зусім не выглядала на свой такі паважаны ўзрост.

– Так, – прамовіла мая суразмоўца, Зінаіда Кірылаўна Язэпчык, – я нарадзілася ў 1930-м годзе ў вёсцы Чырвоная Зорка. Добра памятаю шмат падзей, што прайшлі за гэты час, нямала чаго пабачыла на сваім доўгім вяку і вось зараз засталася адна.

Сапраўды, цікавым, няпростым і нават трагічным выдаўся лёс гэтай жанчыны. Шмат давялося павандроўнічаць ёй па свеце ў пошуках шчасця і лепшай долі, памяняць відаў дзейнасці і адрасоў пражывання, перажыць ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны і страту дарагіх сэрцу самых блізкіх людзей.

Сірата з 12 гадоў

У сям’і Зіна была самым малодшым дзіцем, акрамя яе ў бацькоў былі яшчэ сынок і дачушка, якія нараджаліся праз год адзін за адным. На плечы маці клаўся абавязак па іх доглядзе, а бацька працаваў у магазіне в. Багушэвічы. Як водзіцца, мелі сваю гаспадарку, вялікі сад. Багацця вялікага не было. Бяда ў сям’ю прыйшла з прыходам вайны. Менавіта тады, у памятным 1942-м, 12-гадовая дзяўчынка пазбавілася абодвух бацькоў: іх расстралялі ў адзін дзень. Як выжывалі?

– Хапіла ўсяго: і шчаўе елі,  і шышкі аеру, калі той цвіў, і снытку, і крапіву. А якой смачнай была гнілая бульба! Выжывалі, як маглі. Цяжка было без бацькоў, колькі слёз пралілі! А тут яшчэ і немцы. Ганялі на работы акопы капаць. А якая там у мяне была сіла. І хаця немцы ў нас з’яўляліся вельмі рэдка і кровапралітных баёў я не бачыла, страшна было вельмі. Асабліва за сястру, каб яе не пагналі ў Германію. А яшчэ вельмі баяліся, каб ворагі нас не забралі з сабой у той час, як наступалі нашы. Тады ўсе, хто як мог, хаваліся ў лесе. Былі бежанцамі і мы.

Першыя падарожжы - на цеплаходзе

Але вось і закончылася трыважная пара. Наступіла вызваленне. Зіна, закончыўшы 8 класаў, пайшла ў калгас. Працы хапала кожнаму, бо людзей пасля вайны, а тым больш працаздольных, было зусім мала. Чым займаліся? Садзілі і палолі бульбу, даглядалі каноплі і выбіралі з іх пласконне, сеялі лён, проса, как-сагыз. З-за недахопу тэхнікі амаль усе віды работ выконвалі ўручную. Заробкі ў калгасе былі мізэрныя. Каб хоць крыху папоўніць сямейны бюджэт, дзяўчына наладзілася ездзіць пасажырскім цеплаходам у Барысаў і  там прадаваць яблыкі. Заробкі былі невялікімі, але давалі магчымасць мець уласную капейку.

Менавіта з тых першых невялікіх рачных паездак і пачаўся ў жыцці Зінаіды Кірылаўны новы этап яе жыцця. Яна пазнаёмілася з памочнікам капітана цеплахода і закахалася ў яго. Праз які час згулялі  вяселле. Муж родам аказаўся з Гомельшчыны. Прыгожы, статны, ён прыйшоўся даспадобы і вяскоўцам. Але маладая пара марыла пра іншае жыццё: працаваць дзесьці на вялікім заводзе і, падобна стаханаўцам, выконваць за змену па дзве-тры нормы, узбагачаць сваімі намаганнямі дабрабыт краіны.

Бывай, родная вёска!

Першым пунктам, куды прыбылі Язэпчыкі, былі Смілавічы, што ў суседнім Чэрвеньскім раёне. На жаль, справы там не заладзіліся: муж ніяк не мог уладкавацца на работу. І праз які час было вырашана адправіцца да яго бацькоў у Рагачоўскі раён: як-ніяк, а тата быў старшынёй каалгаса, ці ж не дапаможа сыну? Калі маладыя прыехалі на бацькаўшчыну мужа, аказалася, што яго бацька ўжо не ўзначальвае гаспадарку, якая таксама была беднай.

Што рабіць? А тут якраз вярбоўшчыкі трапіліся – клікалі на лесанарыхтоўкі ў Томскую вобласць. Свет няблізкі, ды і незнаёмы. Рызыкнулі, паехалі.

Там правялі не больш пяці гадоў. Адрасам чарговай аседласці сям’і стаў Краснадарскі край. Як трапілі туды? Дык адзін з бярэзінскіх землякоў там жыў пасля службы ў арміі, вось ён і напісаў пра свой край. Зараблялі добра. Нават уласную двухпакаёвую кааператыўную кватэру пабудавалі. Сын на той час паехаў вучыцца ў Туапсэ на марака. Здавалася б, жыццё наладзілася, нармалізавалася. Ды не. Муж стаў піць, "паляцеў" з работы, пачаў распускаць рукі, хадзіць “налева”. Не маючы ні падтрымкі, ні дапамогі, адчуваючы знявагу і пагрозу свайму жыццю, кабета з’ехала з кватэры. Прычым, у прамым сэнсе – аж ва Уладзівасток.

У Нарыльску

Новы віток жыцця пазнаёміў З. Язэпчык з работай па перапрацоўцы рыбы. Трапіла яна на вялікі карабель-завод, якія вылоўліваў рыбу і крабаў, а затым там жа, прама ў моры, і перапрацоўваў улоў, гатуючы кансервы і закатваючы іх у бляшанкі. Працавалі цэлы сезон, толькі на зіму станавіліся на рамонт судна. Аднак затрымацца надоўга ў Нарыльскім краі не давялося: нечакана прыйшло пісьмо з Беларусі. Пісаў муж сястры, ён паведамляў аб сур’ёзнай яе хваробе і аперацыі, прасіў прыехаць у Чырвоную Зорку. Хуценька сабралася ў дарогу, нават канчатковы разлік не паспела атрымаць.

Яшчэ адзін віток жыцця

Тая паездка на малую радзіму для Ніны Кірылаўны зноў жа стала яшчэ адным істотным вітком жыцця. Тут, у Міхалёве, яна сустрэлася з мужчынам, які яшчэ з маладосці заглядваўся на яе, і ў другі раз выйшла замуж. Пераехалі ў Майкоп, у былую кватэру, за якую з былым мужам яна поўнасцю разлічылася. Дажыла з ім да яго смерці, пахавала ў 2001 годзе. У той жа год памёр і муж сястры. І Ніна канчаткова вяртаецца ў родны раён. У Беразіно купляе кватэру, дзе жыве сын, а сама больш часу праводзіць  на вёсцы ў сястры.

Балазе, заняцца там было чым.

Сілу дае праца

Зараз Зінаіда Кірылаўна засталася адна. Сувязі з роднай вёскай жанчына не губляе і сёння. Там яна садзіць бульбу, мае градкі, наведваецца даглядаць іх.

– Прывыкла да работы на зямлі. Яна і сілы мне дае. З раніцы з’езджу аўтобусам, папрацую, а ўвечары вяртаюся дамоў, адпачываю. Не магу без спраў, сумую.

Гаворыць гэта Зінаіда Кірылаўна як пра абыдзенную справу. А мяне гэтыя яе словы здзіўляюць намнога больш, чым увесь папярэдні пачуты расказ. Гэта ж якой сілай, якім стрыжнем трэба валодаць, каб у 92 гады, столькі перажыўшы, мець сілы не проста дабрацца да аўтавакзала і даехаць да вёскі, а яшчэ дзень адпрацаваць там на зямельцы, затым зноў жа пешшу вярнуцца ў кватэру і толькі пасля гэтага даць сабе магчымасць адпачыць!

Так, нас акружае шмат цікавых і непаўторных людзей з іх цікавымі лёсамі і непаўторнай харызмай. Пра некаторых мы ведаем. Але колькі іх яшчэ, унікальных, жыве побач. Прыгледзьцеся на сваё акружэнне. Веру, што і вакол вас шмат подобных асоб. Няхай будуць яны прыкладам для нас – прыкладам працаздольнасці, жыццялюбства і доўгажыхарства.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
« Март 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31