Бярэзінскаму раёну - сто гадоў

Date 19.01.2024 Man
Comment 907
Бярэзінскаму раёну - сто гадоў

Бярэзіншчына… Наша маленькая радзіма, невялічкі куточак нашай слаўнай Айчыны – Рэспублікі Беларусь. Сёлета жыхары раёна разам з усім народам адзначаюць дзве юбілейныя даты ў гісторыі краіны – 105 годоў з часу ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспулікі і 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акрамя таго 2024-ы год знакавы для жыхароў нашай малой радзімы яшчэ і 100-годдзем з часу ўтварэння Бярэзінскага раёна. Адбылося гэта 17 ліпеня 1924 года. Спынімся на падзеях таго часу.

Менавіта тады ў Беларусі пачаў мяняцца дарэвалюцыйны адміністрацыйны падзел і былі створаны новыя тэрытарыяльныя адзінкі - раёны. Да гэтага перыяду цяперашняя Бярэзіншчына, падзеленая на шэсць валасцей, уваходзіла ў склад Барысаўскага і Ігуменскага паветаў. Цэнтрам новай адміністрацыйнай адзінкі стала мястэчка Беразіно. Утварэнне абласцей у Беларусі адбылося ў 1938 годзе.

Спачатку Бярэзіншчына адносілася да Мінскай акругі. У склад Мінскай вобласці раён увайшоў толькі ў 1944 годзе, пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а да гэтага з’яўляўся самым заходнім раёнам Магілёўшчыны. 

Яшчэ адна істотная перамена для бярэзінцаў адбылася ў 1962 годзе, калі ў перыяд узбуйнення рэгіёнаў наша тэрыторыя была далучана да Чэрвеньскага раёна. Сітуацыя такая праіснавала нядоўга, прадэманстравала сваю неэфектыўнасць, і ў 1965 годзе Бярэзіншчына была адноўлена ў цяперашніх межах.

Што ж уяўляла сабой тэрыторыя толькі што створанага раёна ў 1924 годзе? Ні магутных вытворчасцей, ні развітой аграрнай сістэмы тут не было. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і ўстанаўлення новай улады на той момант прайшло ўсяго сем гадоў. Толькі 9 снежня 1918 года часці Чырвонай Арміі вызвалілі г. Ігумен (цяперашні Чэрвень) ад нямецкіх захопнікаў. Вялася жорсткая класавая барацьба з былымі памешчыкамі і “кулакамі”. У снежні менавіта ў 1924 годзе ад іх рук загінуў адзін з першых камсамольцаў Бярэзіншчыны Мікалай Рыбачонак.

Зямля па-ранейшаму належыла прыватнікам, да пачатку масавай калектывізацыі заставался пяць гадоў. Разам з тым пачалі ўзнікаць сельскагаспадарчыя таварыствы.

На той час іх было зарэгістравана тры - Сялібскае, Васільеўскае, Дзмітравіцкае. Ствараліся і іншыя новыя формы гаспадарання – кааператывы. Так, члены Багушэвіцкага кааператыва перабудавалі стары вадзяны млын, абсталявалі хату-чытальню, набылі паравы рухавік i пілы “рэзаць бачкарку”.

Будынак графа Патоцкага ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя

Дакладных звестак пра эканоміку і насельніцтва раёна за гэты год няма. А вось у 1925 годзе ў раёне налічвалася каля 50 тысяч жыхароў.

З цягам часу (7 верасня 1938 года) Беразіно было перайменавана з мястэчка ў гарадскі пасёлак, а 7 сакавіка 1968 года набыло статус горада.

Дзейнічалі 13 прамысловых прадпрыемстваў, 17 млыноў (з ix 11 уласных), 48 школ, бальніца, два медпункты (Пагосцкі i Сялібскі), існавала 6 спажывецкіх i 7 сельскагаспадарчых таварыстваў, 50 прыватных крам. На той час у в. Слабада дзейнічала лякарня для хворых на сухоты. А ў жыхароў Беразіно з’явілася святло, якім забяспечвала мясцовая электрастанцыя.

Паложынская вуліца

У гэты перыяд значна актывізавалася грамадскае жыццё нашых землякоў. Быў створаны райкам партыі, распачаўся піянерскі рух, у ліку дзеючых грамадскіх арганізацый i таварыстваў таго перыяду - “Aсавіяхім” (прататып ДТСААФ), “Далоў непісьменнасць”, гурток паляўнічых, пры школах - пункты па ліквідацыі непісьменнасці. 1924 год – дата нараджэння Героя Савецкага Саюза Антона Шалаева, які вызначыўся ў баях пры вызваленні раёна ў 1944 годзе; нашых землякоў – удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Андрыевіча, іменем якога названа адна з вуліц у рабочым пасёлку Градзянка (нарадзіўся ў в. Западня), і беларускага пісьменніка-празаіка, ураджэнца хутара Рачыборак Яўгена Курто.

Вось такім няпростым, напружаным і багатым на падзеі выдаўся той даўні 1924 год, час атрымання Бярэзіншчынай сваёй тэрытарыяльнай вызначанасці.

Стары мост цераз раку Бярэзіну

І вось сёлета ў ліпені мы адзначым слаўны стагадовы юбілей роднага раёна. Адзначым, каб азірнуцца на пройдзены шлях, узгадаць памятныя даты і нашых землякоў, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё культуры, эканомікі і навукі Беларусі, адзначыць тыя вялікія перамены да лепшага, што адбыліся за гэты час.

А перамен гэтых нямала, і звязаны яны не толькі з ростам вытворчых паказчыкаў, а накіраваны перш за ўсё на паляпшэнне жыцця і дабрабыту бярэзінцаў, іх творчае развіццё, шчаслівае даўгалецце, захаванне гістарычнай памяці і культуры.

Так, сапраўды, за гэты час Бярэзіншчына не ператварылася ў вялікі прамысловы рэгіён. Але гэта садзейнічала захаванню хараства нашай прыроды, яе багаццю, пераўтварэнню нашага кутка ў цудоўную зону адпачынку з яе ўнікальнасцю. Яна з’яўляецца прыцягальнай не толькі для адпачываючых, а і тых маладых спецыялістаў, якія пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў прыязджаюць да нас на работу і назаўсёды застаюцца тут. Я таксама некалькі гадоў таму прыехала на Бярэзіншчыну маладым спецыяліястам – і засталася тут працаваць.

Беразіно дарэвалюцыйнае

Пагадзіцеся, на Бярэзіншчыне кожны адчувае сябе ўтульна і ёмка, бо аснова праводзімай на яе тэрыторыі палітыкі носіць сацыяльны характар, які перш-наперш накіраваны на стварэнне нармальных умоў жыцця і працы кожнага чалавека.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фотакалаж Алены ГРОМАВАЙ і з архіву рэдакцыі.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
« Апрель 2025 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
  1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30