Віншуем калегу, журналіста, пісьменніка і мастака!

Date 15.05.2024 Man
Comment 554
Віншуем калегу, журналіста, пісьменніка і мастака!

Сёлета 15 мая свой 75-гадовы юбілей адзначае наш зямляк, журналіст, пісьменнік і мастак, былы супрацоўнік “Бярэзінскай панарамы”, журналістскія матэрыялы і літаратурныя творы якога шмат разоў радавалі чытачоў на старонках раённай газеты і асобнымі выданнямі, Уладзімір Несцяровіч.

Творчых перамог на пакручастым шляху літаратурных пошукаў у нашага калегі шмат. Самае апошняе дасягненне: выхад у фінал ІХ Міжнароднага конкурса лірыка-патрыятычнай паэзіі імя Ігара Грыгор’ева, які праводзіўся ў Санкт-Пецярбургу з удзелам прадстаўнікоў розных краін свету: ад Беларусі і Казахстана да Ізраіля і Вялікабрытаніі.

Таксама Уладзімір Несцяровіч напісаў шмат кніг, сярод якіх “Непрыручанае рэха”. “Сто дарог”, “Круты ўзлёт” і іншыя, іх можна знайсці ў раённай бібліятэцы. А вось у праніклівую, поўную шчырых пачуццяў кнігу “Не гром нябесны”, якая пабачыла свет у 2022 годзе, увайшлі лепшыя празаічныя творы пісьменніка, створаныя ім за папярэднія гады. Напісаныя на роднай мове, поўныя лірыкі, яны прыносяць пэўную эстэтычную асалоду ад прачытання. Ёсць там і вершы, і рэпрадукцыі карцін аўтара. Апавяданне “Мутны кактэйль” са згаданага зборніка ў студзені 2022 года пры падвядзенні вынікаў творчага конкурсу Саюза пісьменнікаў Беларусі прызнана лепшым вострасюжэтным дэтэктыўным апавяданнем. Уладзімір Несяровіч таксама лаўрэат і пераможца іншых літаратурных конкурсаў.

 

З крыніцы натхнення

Дык які ж ён – шлях да літаратурнай творчасці? Дадзім слова паважанаму юбіляру:

– Першыя спробы пяра я пачаў яшчэ ў школьныя гады. Па шчырасці, саромеўся чытаць рыфмаваныя радкі перад сур’ёзнай аўдыторыяй. Верш “Апошні званок” агучыў на ўрачыстасці майго выпускнога класа, – распавядае Уладзімір Паўлавіч. – Нарадзіўся я на згон зімы 1949 года ў вёсцы з адзінаццаці двароў з загадкавай назвай Карбаўское, што сярод лясоў на Бярэзіншчыне. Вёсачка туліцца да правага берага рэчкі Клявы (прыток Беразіны). Некалі тут першы пасяленец майстраваў з ліпавага лыка карабы для ўласных гаспадарчых патрэб, а таксама на збыт. Так і з’явілася назва Карбаўское. І вось увесь мой творчы патэнцыял пачынаецца менавіта адсюль. З ранніх гадоў адчуў бясконцае прыцягненне прыроды і палюбіў яе больш за ўсё. З маленства быў цікаўным да прыродных з’яў. Кнігу ж палюбіў яшчэ задоўга да таго, як навучыўся чытаць.

Пасля заканчэння Каменнаборскай сярэдняй школы, якую наведваў за сем кіламетраў пешкам, дзе б ні быў і чым бы ні займаўся, навучаўся пісьменніцкаму майстэрству па кнігах, да якіх меў пастаянны неадольны інтарэс. У першую чаргу, гэта творы класікаў. Асабліва захапляўся творамі аб прыродзе, паляванні і падарожжах. І варта аддаць належнае: цяга да прыроды аказала моцны ўплыў на творчасць. Мая кніга паляўніцкіх апавяданняў “Непрыручанае рэха” па сутнасці цалкам ўласны гімн прыродзе, родным краявідам, лясам, рачулцы Кляве, і не толькі ёй.

Першы ж празаічны дэбют адбыўся, калі на старонках раённай газеты “Сцяг Леніна” надрукавалі маё апавяданне “Міхалкаў дуб”.

Я вельмі ўдзячны лёсу за тое, што мае карані знаходзяцца на маленькай радзіме ў вёсцы, куды заўжды вяртаюся і ў думках, і на справе. Прыязджаю сюды з блізкімі, бываю і адзін, каб пасумаваць, сабрацца з думкамі, акрэсліць творчыя планы, і, вядома ж, пісаць. Героі маіх твораў, многія з якіх хоць і прыдуманыя, – выхадцы з таго асяроддзя, адкуль з’явіўся і я.

 

 

Важны досвед

Працоўны шлях Уладзіміра Несцяровіча таксама насычаны і поўны павучальных момантаў.

– У гады майго юнацтва застацца дома пасля заканчэння сярэдняй школы ці не лічылася нейкай заганай. Падобнае было даравальным толькі каму-небудзь з адпетых школьных двоечнікаў. Калі ж перад маімі вачамі адкрыўся вялікі свет, я, атрымаўшы атэстат сталасці з адзнакамі “добра” і “выдатна”, нават не падумаў адразу падавацца да вялікага горада, каб штурмаваць дзверы якой-небудзь вышэйшай навучальнай установы, не імкнуўся набыць статус гараджаніна. Пайшоў працаваць на вытворчасць. Гэта было “балота” і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Менавіта так папросту называлі вытворчы ўчастак “Іванаўскае”, дзе пачыналася распрацоўка балота з мэтай нарыхтоўкі сыравіны для торфабрыкетнага завода. Падобная выхадка ў той час пярэчыла ўсялякай жыццёвай логіцы. Многім выглядала тое дзіўным, а я тым самым паступіў ва ўласную школу жыцця, дзе цалкам залежыў ад абставін, у якія трапіў. Завод той адкрыўся за два гады да майго заканчэння дзесяцігодкі. Адразу з галавою кінуўся ў вір жыццёвай плыні, даверыўшыся голасу душы, і ні разу не пашкадаваў. Набыў на кароткатэрміновых курсах прафесію токара, адчуў сябе карысным на вытворчасці. У такарнай справе я бачыў творчы пачатак, але гэта напоўніцу зразумее толькі той, хто сам пакаштаваў таго хлеба, хто такім чынам пачынаў шлях.

 

Да раённай газеты

– Пакаштаваўшы жыцця рабочага чалавека, а ў савецкі час гэта гучала нібы тытул, я зрабіўся навучэнцам Мінскага мастацкага вучылішча імя Аляксея Глебава. Пры паступленні адразу здзівіў экзаменацыйную камісію, напісаўшы на “выдатна” сачыненне на рускай мове. Хаця, па шчырасці, паступаў без асаблівай падрыхтоўкі да экзаменаў. З галавой акунуўся ў новае жыццё. У вучылішчы “грыз” прадметныя дысцыпліны, гісторыю сусветнага выяўленчага мастацтва. Дні праводзіў у майстэрні за мальбертам, малюючы з натуры алоўкам і фарбамі, распрацоўваў эскізы кампазіцый. Летам, звычайна ў чэрвені, выбіраліся групай у сельскую мясцовасць на эцюды.

Праз пэўны час паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, вучыўся завочна, уладкаваўся ў раённую газету “Сцяг Леніна”, якую потым перайменавалі ў “Бярэзінскую панараму”.

 

Віншаванні!

Пра перыяд работы нашага калегі ў раённай газеце можна таксама шмат расказаць, асабліва з улікам нядаўняга нашага агульнага прафесійнага свята – Дня друку. Гэта ж па сутнасці цэлая эпоха ў жыцці. Уладзімір Несцяровіч быў і карэспандэнтам, і загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі. Жыццё багатае на падзеі, і старажылам раёнкі зараз прыемна ўспомніць калегу-журналіста, з якім давялося працаваць. А таксама павіншаваць з юбілеем і пажадаць здароўя, доўгіх гадоў жыцця, далейшага плёну ў творчасці і светлых, добрых, радасных дзён!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ і аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
« Декабрь 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31