Гітлер аб’явіў за галаву савецкага дыктара прэмію ў 250 тыс. рэйхсмарак, а ў СС стварылі спецпадраз-дзяленне па яго ліквідацыі. Аднак у немцаў не было ніводнага фотаздымка радыёвядучага. Ды і мільёны савецкіх грамадзян не ўяўлялі, як ён выглядае. Наша разведка спецыяльна распаўсюджвала ілжывыя звесткі аб яго знешнасці.
Выгляд юнака ў свой час не ўразіў прыёмную камісію маскоўскага кінатэхнікума, куды паступаў Юрый. Мары 17-гадовага абітурыента разбіліся. Аднак лёс адчыніў перад ім іншыя дзверы, калі ён прачытаў аб’яву аб наборы ў школу дыктараў.
Голас Левітана стаў яго візітнай карткай яшчэ ў школе, дзе ён насіў прозвішча Юрка-труба. Суседскія жанчыны прасілі яго паклікаць з вуліцы сваіх дзяцей, калі не маглі да іх дакрычацца. Справа была не толькі ў гучнасці, але, і перш за ўсё, у прыгажосці тэмбру. На радыё сваю кар’еру Юрый Левітан пачынаў стажорам, старанна працаваў над дыкцыяй. Стоячы на руках, дэкламаваў тэксты, якія клалі перад ім на падлогу яго таварышы. А калі ўпершыню выйшаў у радыёэфір, голас Левітана пачуў Сталін і загадаў, каб яго даклад да чарговага з’езда ВКП(б) зачытаў гэты малады чалавек. За 5 гадзін (менавіта столькі заняў даклад) Левітан ні разу не збіўся. Так у 19 гадоў ён стаў галоўным дыктарам Савецкага Саюза.
У чэрвені 1941 года іменна 26-гадовы Юрый Левітан зачытаў паведамленне аб пачатку вайны. У жніўні, калі немцы ўжо наблізіліся да сталіцы, дыктара эвакуіравалі ў Свярдлоўск, куды перавезлі і каштоўнасці Эрмітажа. У гэты час Гітлер ужо рыхтаваўся да параду на Чырвонай Плошчы, на які нацысты нават паспелі надрукаваць запрашэнні. А яшчэ Гітлер марыў: паведамленне аб падзенні Масквы павінен быў зачытаць метавіта Левітан. Узнагароду за яго галаву павялічылі (пры ўмове, што возьмуць жывым). Фантазіям Гітлера не суджана было збыцца. Ненавісны яму голас працягваў штодзённа гучаць у эфіры – сакрэтную радыёстудыю абсталявалі ў падвале аднаго са свярдлоўскіх дамоў. У Маскву Левітан вярнуўся толькі ў 1943 годзе. У маі 45-га, калі зачытваў тэкст аб Перамозе, упершыню ледзь стрымліваў слёзы і вельмі хацеў дадаць ад сябе: «С Победой, братцы!», аднак зрабіў гэта ўжо пасля таго, як выключылі мікрафон.
У сціплым пакоі знакамітага дыктара захоўвалася шмат скрыняў з пісьмамі ад франтавікоў. У адным з іх напісана: «Таварыш дыктар! Занялі яшчэ адзін горад. Ідзём на Захад у логава ворага. Беражыце голас. Работы вам прыбавіцца». Усе тэксты Левітан чытаў, прапускаючы праз сэрца. На ім урачы выявілі вялікую колькасць рубцоў пасля яго смерці.
Сэрца Юрыя Левітана перастала біцца ў жніўні 1983 года ў час сустрэчы з ветэранамі сяла Бяссонаўка, дзе ў гады вайны грымелі баі Курскай бітвы і загінуў кожны пяты салдат Чырвонай Арміі.
Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Бярэзінскай цэнтальнай раённая бібліятэкі.