Шырокі ўдзел насельніцтва, працаўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў у гэтым важным працэсе сведчыць аб тым, што беларускае грамадства неабыякавае да таго, у якой краіне мы будзем жыць заўтра, і што перададзім у спадчыну нашым дзецям і ўнукам.
Прайшоў адкрыты дыялог і з калектывам Бярэзінскага ўчастка паштовай сувязі. Вядома ж, галоўная тэма для абмеркавання – змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Першай да прысутных звярнулася начальнік ВПС Вікторыя Лагоўская.
– Гадоў 10-20 мы не маглі і ўявіць, што паштальёны будуць настолькі ўніверсальныя! Вы можаце і выпісаць газету, і аплаціць камунальныя паслугі, і даставіць тавары першай неабходнасці нашым людзям! У кожнай вёсцы вас чакаюць з нецярпеннем! Толькі на гэтых прыкладах мы бачым, як усё мяняецца! Таму і ў Канстытуцыі патрэбны змены. Думаю, усе вы вывучылі праект! І абавязкова прыміце ўдзел у рэферэндуме, які адбудзецца 27 лютага. Актыўная грамадзянская пазіцыя кожнага з нас па ўдзеле ў рэферэндуме дапаможа найперш пачуць голас кожнага і вызначыць той адзіны і правільны шлях развіцця ў далейшым лёсе нашай краіны.
На асноўных момантах змен у Канстытуцыі акцэнтавала ўвагу першы сакратар РК БРСМ Кацярына Аўрамчык. Пра духоўна-маральнае выхаванне моладзі гаварыў протаіерэй Ілья Ганчарук.
На праекце спынілася і адвакат юрыдычнай канторы Марына Грынкевіч-Гушчына. Выступоўца падрабязна распавяла пра паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу.
Узнімаліся і жыццёвыя пытанні. Заўважылі, што ў горадзе не хапае прыпынкаў (каля леснічоўкі, на Прамысловай вуліцы). Былі пытанні і па ачыстцы дарог, іх рамонце.
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.