Галоўнае, каб не парушалі закон

Date 21.06.2022 Man
Comment 1221
Галоўнае, каб не парушалі закон

Да юбілею пракуратуры Рэспублікі Беларусь засталіся лічаныя дні, і  газета працягвае знаёміць чытачоў  з прадстаўнікамі гэтай дзяржаўнай структуры.

На чарзе самы малады работнік пракуратуры Бярэзінскага раёна, старшы памочнік пракурора  Кірыл Бондар. Нягледзячы на малады ўзрост, ён паспяхова абараняе гонар пракуратуры на судовых пасяджэннях, дзе  выступае дзяржаўным абвінаваўцам. У яго ніводнага апраўдальнага  вердыкту. Таму самы час распытаць яго пра дзейнасць пракуратуры.

– Скажыце, якая самая першая і самая галоўная задача работы пракуратуры?

– Найперш – нагляд. Нагляд за правільным і аднастайным прымяненнем дзеючага заканадаўства. Каб законы не толькі прымаліся, але і як след прымяняліся і выконваліся. Мы – слугі закона, і законных інтарэсаў грамадзян.    

– Такім чынам атрымліваецца, у пракурораў даволі шырокая сфера дзейнасці.

– Вельмі шырокая.  Пракурорскі нагляд датычыцца літаральна ўсіх структур і арганізацый – усяго таго, што знаходзіцца ўнутры дзяржавы. Гэта не толькі органы ўнутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, выканаўчая ўлада, як прынята лічыць. Нас цікавіць бездакорнае выкананне заканадаўства, якой бы сферы дзейнасці гэта не тычылася.

– Вы ўжо тры гады  працуеце ў пракуратуры  і можаце ўжо рабіць пэўныя высновы. Скажыце, якая самая галоўная праблема існуе ў нашым раёне, калі можна нешта вылучыць.

– Ведаеце, гледзячы пра які накірунак гаварыць.  Калі гаварыць пра праблему злачынстваў і правапарушэнняў, то тут на першы план выходзіць п’янства. Вядома, што многія злачынствы здзяйсняюцца менавіта “пад градусам”. Адсюль многія нашы беды.

– Ці адпавядае сітуацыя з правапарадкам у нашым раёне тэндэнцыям, характэрным для ўсёй краіны, ці ўсё ж ёсць асаблівасці?

– Я б не сказаў, што ў нас нейкая асаблівая сітуацыя. У нас ёсць, вядома, адметнае, але глабальна з агульнай карціны мы не выбіваемся. Магу адзначыць, што на сёння росту злачыннасці ў раёне няма. Мясцовым уладам сумесна з міліцыяй і  пракуратурай  удалося за апошнія гады належным чынам наладзіць работу па прафілактыцы. Працаваць у гэтым накірунку павінны ўсе суб’екты прафілактыкі, і мы робім усё магчымае, каб так і было. Мы не можам, ды і закон сёння не дазваляе зваліць усю работу па прафілактыцы на РАУС. Да прыкладу, той жа старшыня сельвыканкама на месцы выдатна ведае, хто ў яго сямейны дэбашыр, хто п’яніца, хто схільны да злачынстваў, і можа эфектыўна дзейнічаць. Галоўнае, каб работа гэта не была фармальнай. Не атрымліваецца нешта – можна паклікаць на дапамогу пракурора, начальніка міліцыі.

– Што з апошняга, чым прыходзілася займацца, Вас асабліва непакоіць?

– Што мяне непакоіць, складана сказаць. Сітуацыі бываюць розныя. Мяне асабіста хвалюе, што ў нашым раёне рэзка павялічылася колькасць злачынстаў у галіне незаконнага абароту наркотыкаў. Так яшчэ ў маі суд  Бярэзінскага раёна разгледзеў судовую справу па факце набыцця і захоўвання 0,06 грама псіхатропнага рэчыва і прадастаўленні памяшкання для ўжывання наркотыкаў. На лаве падсудных была 20-гадовая фармацэўт – рэцэптар аптэкі. Яна цалкам прызнала віну і атрымала 1 год  6 месяцаў абмежавання свабоды. Праўда, як сведчыць практыка, такія  злачынствы рэдка бываюць адзінкавыя і вельмі часта паўтараюцца.

Ды і што казаць пра аптэкараў, калі на лаве падсудных за наркотыкі трапляе лейтэнант юстыцыі! Ён разам з сябрам  перавёз цераз беларускую мяжу амаль 2 кілаграмы псіхатропаў. Усе гэта прымушае нас удасканаліць прафілактычную работу, каб  спыніць рост такіх злачынстваў.

– Ці мяняюцца з часам спосабы здзяйснення злачынстваў?

– Безумоўна, з развіццём тэхнічнага прагрэсу. Таму і заканадаўства вымушана быць надзвычай дынамічным, пастаянна мяняцца і пашырацца. Але калі гаварыць пра наш раён, то тут усё больш-менш класічна. Хіба што зараз сустракаюцца злачынствы, звязаныя з банкаўскімі пластыкавымі карткамі, якіх раней не было.

– А як становяцца пракурорамі?

– Па-рознаму. Адны мараць пра гэта з дзяцінства, у некага родныя працуюць у пракуратуры. Але часцей за ўсё – гэта прызванне. Асабіста я марыў працаваць менавіта ў пракуратуры.  І сваю работу люблю. Хаця вольнага часу яна зусім не пакідае.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER