Формы работы, якія выбраныя для дзяцей – пераважна гульневыя: як вядома, менавіта праз гульню дзіця пазнае свет і вучыцца зносінам з людзьмі. Звычайна мы разам паўтараем правілы бяспекі падчас гульняў «Небяспечныя і бяспечныя прадметы», «Званок у пажарную», «Эвакуацыя», «Паводзіны пры ўзгаранні». Мерапрыемствы не абмяжоўваюцца толькі размовамі пра пажарную бяспеку: мы абмяркоўваем з дзецьмі небяспеку адкрытых вадаемаў, лясных масіваў, адчыненых наросхрыст вокнаў, не абыходзім бокам і тэму бяспекі на дарогах. На памяць пра сустрэчу дзеці атрымліваюць яркія наклейкі.
Начальнік Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Мазанік нагадвае:
Адно з самых небяспечных месцаў для дзіцяці, як не дзіўна, – гэта яго родны дом і падворак. Найчасцей менавіта дома і ў двары дзеці атрымліваюць рознага рода траўмы – апекі, пераломы, атручванні. Вельмі мала адбываецца здарэнняў, пакуль дзіця пад наглядам выхавацеля дашкольнай установы. Лічу, тут бацькам варта зрабіць сур’езныя вывады: калі дзіця пад пастаянным наглядам дарослага, рызыка яго траўміравання мінімальная. Згодна лічбаў статыстыкі, за 9 месяцаў 2026 года у Беларусі адбыліся 64 пажары з-за свавольства дзяцей з агнем. Трое дзяцей загінулі на пажарах, 41 – былі траўміраваныя. Амаль палова ўзгаранняў з-за таго, што дзеці пасваволілі з агнем, здарыліся ў час летніх канікулаў. Адказныя паводзіны бацькоў, іх павышаная ўважлівасць да гульняў дзяцей, непакіданне іх без нагляду нават на некалькі хвілін – гэтых нескладаных мер хопіць, каб прадухіліць няшчасце і зберагчы самае каштоўнае – жыцце і здароўе вашага дзіцяці.