Гэта стала выдатнай нагодай распытаць бярэзінцаў пра новае свята, бацькоўскае выхаванне і спрадвечныя сямейныя каштоўнасці.
Сяргей Вальчэўскі, дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный”
– Цяпер шмат розных святаў – няхай будзе і гэтае. Сапраўды, бацька не апошнюю ролю адыгрывае ў працэсе з’яўлення дзіцяці на свет і яго выхаванні. Хоць, як па мне, дык не ад таго, ёсць такое свята ці няма, залежыць значнасць ролі бацькі. Я і без гэтага ведаю, як мае трое дзяцей ставяцца да мяне, і яны пра мяне – таксама. Ад таго, ці ёсць у календары гэты дзень, нашы адносіны не зменяцца. Адзінае, што мяне па-сапраўднаму радуе, што цяпер мы з жанчынамі будзем мець роўную колькасць дзяржаўных святаў. Вось у прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва на календары значацца Міжнародны жаночы дзень і дзень матулі, а ў нас да гэтага года быў толькі Дзень абаронцаў Айчыны.
Уладзімір Мацкевіч, супрацоўнік РАУС:
– Думаю, што Дзень бацькі ў нашым грамадстве будзе не лішнім. Гаворачы пра гендарную няроўнасць, мы звычайна маем на ўвазе парушэнне правоў жанчын, хоць на самой справе цяпер у мужчын іх куды менш, асабліва замацаваных на заканадаўчым узроўні. Добра, што ў Працоўным кодэксе з’явілася права для мужчын на водпуск у сувязі з нараджэннем дзіцяці – шкада толькі, што не аплочваемы, і бацьку трэба выбіраць: зарабляць грошы для сям’і ці пабыць у самыя важныя і складаныя дні разам з жонкай і нованароджаным дзіцем.
Тата ў мяне выдатны і аўтарытэтны чалавек, які годна прайшоў праз выпрабаванні афганскай вайны і ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Ён навучыў мяне з малых гадоў упраўляцца з любой вясковай працай, усё рабіць сваімі рукамі – за гэта я вельмі ўдзячны. У маім дзяцінстве слова бацькі было законам, ды і я ў сваёй сям’і імкнуся да гэтага!
Марына АЎЧАРЭНКА, работнік РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”:
– Я нармальна стаўлюся да з’яўлення новага свята на нашым календары. Нам неабходна узнімаць ролю бацькі ў сям’і, бо ў выхаванні дзяцей без іх не абыйсціся. Некаторыя з мужчын, мне падаецца, па-сапраўднаму адчуваюць сябе бацькамі, калі ў іх з’яўляюцца ўнукі. З іх нараджэннем жыццё поўнасцю мяняецца. Гэта я гавару пра свайго свёкра, які і да мяне ставіўся са ўсёй душою. Часта гавораць, што ўнукаў любяць больш за дзяцей. Як, якой лінейкай ці прыборам можна вымераць велічыню бацькоўскай любові?
Таццяна БУЛОЙЧЫК, намеснік дырэктара Бярэзінскай раённай комплекснай дзіцяча–юнацкай школы алімпійскага рэзерву:
– Дзень бацькі даўно ўжо адзначаецца ў Расіі і іншых краінах свету. Галоўнае, каб бацька пры любых абставінах ім заставаўся. Вядома, што кожны ўкладвае ў паняцце «добры бацька» нешта сваё. Мы будуем узаемаадносіны ў сям’і не па нейкіх пісаных правілах, не па кніжках, а па агульных прынцыпах, якія выпрацаваліся з гадамі. Асабіста ў нашай сям’і без бацькі ніяк. Ён для дзяцей – сябар, дарадчык, аднадумца і вялікі аўтарытэт, а для мяне надзейная апора і каменная сценка ад усіх нягод. Мы падтрымліваем ў сям’і павагу адзін да аднаго і мяркуем, што і дзеці па нашым прыкладзе будуць будаваць свае сямейныя адносіны.
Дзяніс Сямёнаў, вадзіцель:
– На жаль, я пакуль не бацька, але планую абавязкова ім стаць. Мужчына павінен пакінуць свой след на зямлі і працягнуць свой род. Таму да новага свята – Дня бацькі стаўлюся вельмі станоўча. Магчыма, яно надасць стымул нам ствараць сем’і і нараджаць дзяцей. Ведаю, што гэта зусім няпроста ў наш час, але на тое мы і мужчыны, каб не валяцца на канапе, а пераадольваць усе цяжкасці і несці адказнасць за сваіх любімых і дарагіх людзей. А яшчэ мне асабіста ўяўляецца, што гэты дзень не патрабуе ніякіх падарункаў. Трэба толькі зрабіць яго па магчымасці для ўсіх татаў выхадным! Паверце, мы самім зробім яго для дзяцей яркім і запамінальным!
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.