Гэты надзвычай таленавіты чалавек насуперак усяму ажыццявіў сваю запаветную мару – стаў зоркай тэлебачання: пабачыў самога Андрэя Малахава і праспяваў перад мільённай аўдыторыяй. Цяпер яго прозвішча рэальна будуць ведаць у нашай краіне і Расіі, а армія паклоннікаў яго барытону ўзрасце ў разы.
Спяваў для Уга Чавеса
Дарэчы, добра ведаюць Міхаіла не толькі ў родным горадзе, дзе без яго не абыходзіцца ніводнае культурнае мерапрыемства, але і ў роднай Мінскай вобласці, дзе ён не раз прымаў удзел у фестывалях і канцэртах. Ды, напэўна, памятаюць яго паклоннікі і за мяжой. У свой час ён удзельнічаў у культурнай праграме выставы-продажу, якая праходзіла ў Каракасе.
Там бярэзінскі музыка выступаў у ролі гаспадара імправізаванай карчмы, і давялося граць на гармоніку для прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса.
Хобі – музыка
Першая мелодыя ўдалася ў дзяцінстве, калі Міхась узяў у рукі бацькаў гармонік і на слых падабраў гукі. Але большую частку жыцця музыка была толькі заняткам у свабодны час. Шмат гадоў Міхаіл Аляксандравіч сумленна адпрацаваў у дарожнай арганізацыі.
Аднак удзел у абласным конкурсе «Грай, гармонік!» у Маладзечне ў 2001 годзе крута змяніў яго лёс. Гарманіст нечакана для сябе стаў лаўрэатам. Затым яго запрасілі ў аддзел культуры Бярэзінскага райвыканкама на пасаду акампаніятара ў Любушанскім і Каменнаборскім сельскіх Дамах культуры. Сёння Міхаіл Аляксандравіч па-ранейшаму акампануе ў сельскіх клубах.
На ўласным рахунку Міхаіла Папругі шмат перамог у розных конкурсах, удзел у перадачы «Спявай, душа!».
– Ведаеце, апошнім часам душой прыкіпеў да тэлевізійных передач “Прывітанне, Андрэй” і “Спявай, душа”, дзе гасцямі былі не толькі славутыя спевакі, але і самародкі, – гаворыць Міхаіл Аляксандравіч, – але як жа душэўна яны спяваюць, якія новыя эмоцыі і перажыванні ўкладваюць ва ўпадабаныя ўсімі хіты, як дораць новае жыццё старым песням. Так хацелася і мне там выступіць,адчуць тую неверагодную атмасферу радасці і творчасці, адкрыць у сабе нешта новае.
“Хрустальный замок”
І трэба ж: мара збылася. А ўсе пачалося з хіта Віктара Каралёва “Хрустальный замок”. Яго Міхаіл Папруга выканаў на сцэне Пагосцкага сельскага Дома культуры, на раённым конкурсе маладых сем’яў. Выступленне выклікала шквал эмоцый і буру апладысментаў. А яшчэ нехта паспеў яго запісаць на мабільны тэлефон і выкласці ў сацыяльныя сеткі.
– Ды і дзіўна, – дадае мужчына. – Там гэта аматарскае відэа стала вірусным, бо сабрала мноства лайкаў і каментарыяў. Нехта нават напісаў, што я праспяваў лепш за Віктара Каралёва. На гэты ажыятаж і адрэагавалі арганізатары расійскіх шоу-праграм.
Не ўсё было так проста
Праўда, знайсці спевака адразу ў рэдактараў не атрымалася. Яны спачатку выйшлі на след сваякоў.
– Тэлефануюць яны мне, маўляў, цябе адшукваюць рэдактары Андрэя Малахава, – расказвае Міхаіл Аляксандравіч. – Я не адразу паверыў, але потым са мной звязаліся па “Вайберы” і прапанавалі паўдзельнічаць у праграме. Адмовіцца ад такога немагчыма! І тады я ад радасці паведаміў арганізатарам, што не толькі спяваю, але і граю на гармоніку. Яны былі ўдвая ўзрадаваны!
Рэдактарская група мела намер прыехаць да мяне і пазнаёміцца з маім жыццём. Але ўсе планы перакрэсліў сакавіцкі снегапад і здымкі прыйшлося адкласці на красавік.
Аднак у красавіку здымачная група цэлы дзень працавала ў яго доме. Гаспадар Міхаіл Аляксандравіч слаўны, бо радуе вока дагледжаная сядзіба. Кожную вясну зацвітае вялікі сад, вялікі ўраджай гародніны прыносяць агарод і цяпліцы, ёсць і пчальнік. На перадачу ў Маскву Міхаіл Аляксандравіч знарок адправіўся не самалётам, а цягніком. Падарункаў сабралася зашмат. А гэта і разнастайныя нарыхтоўкі, ды і сімвал нашага горада – драўляная лыжка. Некалькі гадоў Міхаіл Аляксандравіч кіраваў калектывам юных лыжачнікаў “Лыжкарыкі” пры раённым пакоі-музеі драўлянай лыжкі.
Калі немагчымае магчыма!
– Здымкі доўжыліся некалькі гадзін, – гаворыць спявак і музыкант, – пакінулі ў душы мноства пачуццяў, зарадзілі небывалым натхненнем і верай ва ўласныя сілы. Мне падаецца, што мой голас там набыў новае гучанне.
Эмоцыі і перажыванні і сёння перапаўняюць сэрца нашай наваспечанай зоркі тэлебачання. А яшчэ яго гісторыя павінна прыму-сіць кожнага з нас паверыць у казку. Яна рэальная тады, калі марыш, ствараеш і не апускаеш рукі на шляху да яе!
Мілана ТРАПЯНОК.