Вось і скончылася летняя аздараўленчая кампанія. Падводзячы вынік, можна сказаць, што галоўная мэта дасягнута: адпачынак хлопчыкаў і дзяўчынак быў бяспечным, цікавым, эфектыўным.
У летні перыяд на тэрыторыі Бярэзінскага раёна працавалі 26 аздараўленчых лагераў, у тым ліку 18 лагераў з дзённым знаходжаннем і 8 – з кругласутачным. Усяго з выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў было аздароўлена 1098 чалавек (план 1070).
Найбольшую колькасць дзяцей прайшлі аздараўленне ў дзённых лагерах на базе ўстаноў адукацыі (646 чалавек), астатнія аздаравіліся ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем (452 чалавекі).
У мэтах забеспячэння ўмоў для найбольш поўнага задавальнення інтарэсаў дзяцей у пэўнай галіне ведаў, авалодання дзецьмі практычнымі навыкамі і ўменнямі ў пэўным выглядзе (відах) дзейнасці ў 25 аздараўленчых лагерах была арганізавана работа па розных профілях і напрамках дзейнасці (абаронна-спартыўным, турысцка-краязнаўчым, грамадска-гуманітарным, грамадзянска-патрыятычным і іншых профілях).
Для забеспячэння паўнацэннага летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей ва ўмовах загараднага знаходжання ў раёне функцыянаваў стацыянарны аздараўленчы лагер «Папараць-кветка» з кругласутачным знаходжаннем. За летні перыяд праведзена 4 змены працягласцю 18 дзён, аздароўлена 282 дзіцяці з Бярэзінскага раёна, 78 – з г. Жодзіна, 54 – са Смалявіцкага раёна і 13 – з Пухавіцкага.
У летні перыяд на тэрыторыі раёна была арганізавана работа 2 спартыўна-аздараўленчых лагераў. Сумясцілі адпачынак і вучэбна-трэніровачны працэс 136 выхаванцаў дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, у тым ліку 91 – у дзённым і 45 – у кругласутачным лагерах.
У 3 лагерах працы і адпачынку змаглі не толькі зарабіць першыя грошы, але і цікава правесці час 45 школьнікаў ва ўзросце 14-17 гадоў. Падлеткі працавалі ў лесагаспадарчым гадавальніку, займаліся добраўпарадкаваннем і ўборкай тэрыторыі, афармленнем і праполкай кветнікаў, афарбоўкай платоў, спалучаючы працоўную дзейнасць з актыўным адпачынкам і забаўкамі. Першачарговае права пры працаўладкаванні непаўналетніх давалася падлеткам, якія знаходзяцца на розных відах уліку.
Прыярытэтным напрамкам у арганізацыі адпачынку з’яўляецца аздараўленне сацыяльна неабароненых катэгорый дзяцей. Так, за лета змаглі прайсці аздараўленне ў лагерах 32 дзіцяці з ліку дзяцей-сірот, 20 дзяцей-інвалідаў. Таксама атрымалі аздараўленне 352 дзіцяці са шматдзетных і 78 навучэнцаў з малазабяспечаных сем’яў. Не засталіся без увагі 57 дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, а таксама навучэнцы, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа – 32 чалавекі.
Дзейнасць лагераў здзяйснялася з улікам выканання ў поўным аб’ёме рэкамендаваных санітарна-гігіенічных мерапрыемстваў. Асаблівая ўвага была ўдзелена арганізацыі харчавання, сістэмнаму кантролю за работай харчблокаў, захаванню санітарных норм і правілаў, арганізацыі аховы аздараўленчых лагераў і забеспячэнню прапускнога рэжыму.
У выніку, дзякуючы сумесным міжведамасным намаганням работнікаў, якія ажыццяўляюць аздараўленне дзяцей, маладыя грамадзяне нашага раёна ў летні перыяд атрымалі паўнацэннае аздараўленне і адпачынак, рознабаковае выхаванне і незабыўныя ўражанні, якія застануцца з імі да наступнага лета.
Летняя аздараўленчая кампанія скончылася, але каб умацаваць і падтрымаць сваё здароўе, не абавязкова чакаць наступнага сезона. Можна атрымаць аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне ў санаторыях у любую пару года пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў. Для атрымання пуцёўкі адзін з бацькоў павінен звярнуцца ў дзеючую па месцы працы камісію па аздараўленні, падаць заяву і медыцынскую даведку аб патрэбнасці ў санаторна-курортным лячэнні. У дзіцячыя санаторыі пуцёўкі выдаюцца бясплатна. Павышаным попытам карыстаюцца такія санаторыі, як «Свіслач», «Вясёлка», «Чайка» ў Магілёўскай вобласці, «Расінка» ў Віцебскай, «Баравічок» у Гродзенскай вобласці, «Акадэмія здароўя» і «Случ» у Мінскай вобласці.
Падрыхтавала Алена ГРОМАВА.