Выратавалі чомгу

Date 27.11.2023 Man
Comment 541
Выратавалі чомгу

У жыцці дзяржаўных інспектараў Бярэзінскай міжраённай інспекцыі расліннага і жывёльнага свету шмат выпадкаў, калі ім даводзіцца абараняць, ахоўваць, вызваляць. Вось адзін з такіх.

Неяк у інспекцыю патэлефанаваў рыбак і паведаміў, што ў вадаёме, які знаходзіцца ў межах вёскі Гацец, у ры-балоўных сетках заблыталася птушка.

На месца здарэння без прамаруджванняў выехалі старшыя дзяржаўныя інспектары Бярэзінскай міжраённай інспекцыі расліннага і жывёльнага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Андрэй Антанчук і Аляксандр Міхнёнак.

Яны адразу адзначылі, што ў браканьерскія сеткі трапіла птушаня вялікай паганкі або чомгі.

Птушку вызвалілі з плену сетак і адпусцілі на волю.

Дарэчы, вызваленая чомга апынулася ў аб'ектыве фотакамеры інспектараў, а яе фотаздымак быў адпраўлены на спецыялізаваны фотаконкурс сярод інспекцый і ўдзельнічаў у намінацыі «Охранять природу – охранять Родину» пад назвай «Доўгачаканая свабода».


Цікава ведаць. Чомга практычна ўвесь час праводзіць на вадзе. Яна адрозніваецца доўгай тонкай шыяй і буйной, падоўжанай галавой з вузкай і вострай прамой дзюбай. У шлюбным уборы яе галава здаецца яшчэ большай з-за пышных «бакенбардаў» і раздвоенага чубка, які нагадвае ражкі.Любіць пакрычаць, а голас вельмі гучны і разнастайны. Выдатна плавае і нырае, перамяшчаючыся пад вадой на дзясяткі метраў. Пры небяспецы імгненна, без найменшага ўсплёску, нырае. Пад вадой можа знаходзіцца да 3 мінут. Узлятае толькі з вады, вельмі цяжка, пасля працяглага разбегу. Палёт прамалінейны, хуткі, з частымі ўзмахамі крылаў.

Аднак убачыць птушку ў палёце атрымоўваецца не часта - на крыло чомга паднімаецца вельмі неахвотна. На сушы перасоўваецца з цяжкасцю, клыпае.
Пасяляецца манагамнымі парамі, але ў спрыяльных месцах можа ўтвараць гнездавыя навалы ад некалькіх да двух дзясяткаў пар і больш. На нябуйных вадаёмах часцей гняздуецца асобнымі парамі. Выседжваюць птушанят абое бацькоў.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER