У чым яна, рамантыка ўчастковай службы міліцыі?

Date 17.11.2021 Man
Comment 635

Нярэдка можна пачуць у адрас участковых інспектараў міліцыі, што праца іх ніколькі не рамантычная і цалкам пазбаўлена геройства. Яны ж толькі і робяць, што з п’яніцамі няньчацца і даймаюць іх прыдзіркамі. А гэта ці подзвіг? Ды і прасцей простага бывае разбірацца з гэтымі небаракамі! Калі вы падзяляеце такі погляд на службу ўчастковых інспектараў міліцыі, тады вам самы час паслухаць шчырую размову з начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Бярэзінскага РАУС Сяргеем ШКУРАТАВЫМ.

— Я пачынаў сваю службу ў міліцыі з пасады ўчастковага інспектара, служыў у крымінальным вышуку, займаўся выяўленнем злачынстваў у галіне незаконнага абароту наркотыкаў і працаваў начальнікам штаба ў Брагінскім РАУС перад тым, як узначаліў падраздзяленне ў Беразіно, — гаворыць Сяргей Валер’евіч, — і з вышыні свайго праваахоўнага вопыту магу смела запэўніць, што больш патрэбнай і цікавай службы, чым у сучаснага “аніскіна”, няма. Ён жа кожны дзень на людзях і рэальна з’яўляецца тварам міліцыі, бо бездакорна нясе варту спакою і захавання законнасці, апраўдвае давер грамадзян.

Абавязкаў не злічыць, а задачы — дзве

Службе ўчастковых інспектараў міліцыі не пазайздросціш, бо колькасць іх абавязкаў і даручэнняў зашкальвае. Яны пастаянна задзейнічаны ў рэйдавых мерапрыемствах і розных акцыях, ушчуваюць парушальнікаў адміністрацыйнага заканадаўства на пасяджэннях аховы правапарадку, вядуць прыём грамадзян, нясуць дзяжурствы, без іх не абыходзіцца раскрыццё злачынстваў і робіцца абход кватэр і дамоў. У сярэднім вартавы правапарадку абслугоўвае 1800 чалавек.

— Аднак галоўнымі задачамі для нас былі і застаюцца барацьба з п’янствам і прафілактыка злачыгстваў, — падкрэслівае міліцыянер. — Яны ідуць традыцыйна побач. Вось ужо каторы год Бярэзінскі раён знаходзіцца ў ліку першых па колькасці выпітага алкаголю на чалавека, а ў выніку расце колькасць ліхадзействаў у п’яным выглядзе, сямейнае бязладдзе і рэцыдыўная злачыннасць.

Рэцыдыў, крадзяжы, сямейны гвалт

Так, сёлета за 9 месяцаў па лініі крэмінальнага вышуку зарэгістравана 18 злачынстваў у стане алкагольнага ап’янення. Асабліва ліхаманіць спакой грамадзян злашчасны Бахус у Дзмітравіцкім і Пагосцкім сельскім Саветах. Няма спакою і ад крымінальных подзвігаў раней асуджаных асоб. На іх рахунку ўжо 15 ліхадзействаў па лініі крэмінальнага вышуку, у асноўным гэта крадзяжы ў Пагосцкім і Паплаўскім сельскіх Саветах. Ды і не здымаецца з парадку дня ўчастковага інспектара міліцыі тэма сямейнага насілля.

— Яно становіцца пачварным на фоне злоўжывання алкагольнымі напоямі, — разважае Сяргей Валер’евіч, — бо 90% усіх сямейных сварак успыхваюць сярод нецвярозых. І разбірацца і шукаць зачыншчыкаў у іх патрэбна ўчастковым. Таму ў вартавых правапарадку асаблівыя адносіны да такіх заяў і ўважлівасць да паведамленняў аб насіллі ад суседзяў і знаёмых.

— Мы сёння гатовы абараніць ад здзекаў, пабояў і прыніжэнняў кожную ахвяру, — падкрэслівае міліцыянер, — галоўнае, каб у яе было жаданне раз и назаўсёды выкрысліць з жыцця гвалт. Мы актыўна пазбаўляем сямейных скандалістаў і задзір дзеяздольнасці. Накіроўваем іх на прымусовае лячэнне ад алкагалізму ва ўмовах лячэбна — працоўнага прафілакторыя.

Молада — не зелена

Праўда, турбуе бярэзінцаў даволі малады ўзрост шэрагу ўчастковых інспектараў міліцыі. Ці не цяжка такім людзям разбірацца ў сямейных баталіях, перавыхоўваюць заўзятых выпівак і злодзеяў?

— Не трэба крыўдзіць нашых маладых супрацоўнікаў, бо яны заўсёды працуюць пад наглядам вопытных работнікаў, — гаворыць міліцыянер. — Ды і трэба аддаць належнае маладым, бо яны адукаваныя, патрабавальныя да сябе і ўважлівыя да людзей, маюць добрыя амбіцыі і выдатную фізічную форму. Ды і ці ўзрост робіць чалавека дастойным вартаўніком правапарадку.
Трэба зазначыць, служба ідзе ў нагу з часам і апошнімі навацыямі. Вось, хутка ў кожнага вартавога з’явіцца на руках база дадзеных на жыхароў раёна, якая дапаможа ў правядзенні абходаў і кватэр. Добра зарэкамендаваў сябе і прыём грамадзян: з 8 паведамленняў два пацвердзіліся, а іншыя ўзяты пад кантроль.

Бярэзінцы міліцыі давяраюць

— А гэта значыць, што ўчастковыя інспектары недарэмна працуюць і бярэзінцы ім давяраюць, — удакладніў Сяргей Валер’евіч. — За гэта я ўдзячны кожнаму свайму падначаленаму. Але асабліва хачу вызначыць Віталія Бурага, Аляксандра Маісеенка, Максіма Кашлачова, Андрэя Губіча і Аляксандра Вярбіцкага.

А як жа быць з рамантыкай участковай службы? Яна напэўна не ў тым, каб шукаць адрэналін у пагонях і перастрэлках, а пастаянна адказваць за бяспеку людзей, працаваць не шкадуючы сіл і ўласнага часу, без выхадных і свят. Усё гэта заслугоўвае вялікай павагі і шчырай падзякі. Таму раю 17 лістапада не забыцца павіншаваць свайго ўчастковага інспектара міліцыі з прафесійным святам!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER