“Тыдзень лесу” стартаваў

Date 12.04.2022 Man
Comment 1625
“Тыдзень лесу” стартаваў

Сёлетняя рэспубліканская дабрачынная акцыя «Тыдзень лесу» прысвечана Году гістарычнай памяці.

У ліку першых у пасадцы саджанцаў, нягледзячы на пахмурнае дажджлівае надвор’е, прынялі ўдзел актывісты клуба “Сустрэча” на чале з Маргарытай Булойчык і Мінская абласная калегія адвакатаў, а таксама вучні СШ №2 г. Беразіно разам з настаўніцай Яўгеніяй Аўсянскай – яны былі занятыя ўборкай смецця ў прывакзальнай лясной зоне.

Мінская абласная калегія адвакатаў у складзе 30 чалавек шчыравала ў Высакагорскім лясніцтве, а члены клуба “Сустрэча” – у Бярэзінскім лясніцтве Бярэзінскага лясгаса.

– Памочнікаў у нас будзе яшчэ шмат, – гаворыць намеснік кіраўніка арганізацыі Віталій Умінскі. – Заяўкі на ўдзел падалі і Гарбудэкспертыза горада Мінска ў складзе 15 чалавек, Мінскае абласное ўпраўленне Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь (больш за 20 чалавек), супрацоўнікі Бярэзінскага РАУС, мясцовыя жыхары, работнікі ФАПаў, настаўнікі і вучні Капланецкай школы. Прадстаўнікі Брадзецкай, Пагосцкай і Любушанскай школ – таксама нашы пастаянныя памочнікі...

З вялікім энтузіязмам удзельнікі клуба “Сустрэча” прыняліся за справу.

– Мы ўпершыню ўдзельнічаем у акцыі, – зазначыла Маргарыта Булойчык. – Але гледзячы, колькі сёння выклікала яна натхнення і захаплення ў маіх калег, спадзяюся, што станем яе пастаяннымі ўдзельнікамі.

– Папрацаваць на свежым паветры – сапраўднае задавальненне, – дадаюць у адзін голас Клаўдзія Навумава, Наталля Калянковіч і Ларыса Берандзеева. – Лес – гэта наша здароўе, гэта наша прыгажосць, наша багацце! Мы абавязкова прывядзём сюды нашых унукаў, каб паказаць, як будуць расці пасаджаныя намі ялінкі.

З мячом Колесава - асноўнай прыладай працы пры пасадцы лесу – і з асаблівасцямі пасадкі знаёмілі ўдзельнікаў акцыі леснікі Бярэзінскага лясніцтва Міхаіл Жораў, Сяргей Гіршык, Андрэй Пянкрат і інш.

– Тут мы плануем пасадзіць саджанцы на плошчы ў 1,6 га, 8 радоў елкі, – гаворыць памочнік ляснічага Бярэзінскага лясніцтва Надзея Апанасёнак. – І яшчэ будзем на гэтай жа тэрыторыі падсаджваць 2 рады дубочкаў або ясеня.

Таксама вялася ўборка смецця. Усяго па лясгасе за першы дзень акцыі ўбрана 4,5 метра кубічных смецця, ад захламленасці (прыдарожных палос і інш.) – 74 метры кубічных. Да таго ж, было пабудавана адно месца адпачынку і адно - адрамантавана.

Наогул, у першы дзень акцыі, па словах намесніка кіраўніка арганізацыі Віталія Умінскага, работа вялася на 23 участках ва ўсіх лясніцтвах Бярэзінскага лясгаса. Задзейнічаны 283 удзельнікі акцыі, 211 з якіх - работнікі лясгаса. Лясныя культуры высаджаны на плошчы 25,3 гектара, выкарыстана 128,5 тысячы штук пасадачнага матэрыялу (у большасці – хвойныя пароды).

Людміла Бубенка, Ларыса Берандзеева, Надзея Апанасёнак

Андрэй Пянкрат

Маргарыта Булойчык

Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER