Дзякуй за мірнае неба!
Са святам! З Днём Вялікай Перамогі, - віншавалі бярэзінцы адзін аднаго. Усе ў добрым настроі, адзенне ўпрыгожана святочнымі бутанеркамі.
Самае ганаровае месца на свяце заняла, вядома ж, ветэран Вялікай Вялікай Айчыннай вайны Сафія Стасевіч. У святочнай форме, яна крочыла да помніка. Бярэзінцы пазіралі на яе з удзячнасцю! А дзеткі адразу ж падышлі з кветкамі…
- Дзякуй за мірнае неба! – гаварылі Сафіі Пятроўне.
- А вам, дзеткі, моладзь, жыхары раёна, жадаю шчасця, здароўя, а галоўнае – мірнага неба! – заўважыла ветэран. Каб наша родная Беларусь працвітала, квітнела, а вы ніколі не зведалі жудасцеў вайны.
Мы памятаем! Ганарымся! І ніколі не забудзем
У 11.00 пачаўся мітынг. З віншавальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Дзішук:
- Шаноўныя прысутныя! Жыхары і госці Бярэзінскага раёна!
Дзень Вялікай Перамогі са слязамі на вачах і вялікім хваляваннем у сэрцы. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне – не проста грандыёзная падзея. Гэта прыклад яднання, дружбы і брацтва людзей розных народаў і нацыянальнасцей. Усе – старыя і маладыя, мужчыны і жанчыны ўзняліся на абарону Радзімы ў гады вайны.
Пад акупацыяй быў і Бярэзінскі раён, за гэты час колькасць яго жыхароў скарацілася на 15 тысяч чалавек. Але не пагрозы фашыстаў, ні казні, ні катаванні не зламалі людзей.
Мы пайменна памятаем усіх абаронцаў нашай зямлі – салдат і афіцэраў, партызан і сувязных, кожнага бярэзінца, хто не застаўся ўбаку ад барацьбы. Гэтыя імёны – у шматлікіх помніках і абелісках, назвах вуліц: Сакалоўскага, Баранава, Афанасевіча, Веры Лясных, Марыі Рамановіч, Хонінава. Навечна ўпісаны ў гіторыю імёны нашых землякоў-герояў Савецкага Саюза Сцяпана Аляшкевіча і Іосіфа Свідзінскага.
Сёння ў раёне пражывае 3 удзельнікі вайны, 8 вязняў канцлагераў і 4 працаўнікі тылу. Мы дзякуем ім за магчымасць жыць пад мірным небам і свабоду на зямлі.
Для таго, каб захаваць нашу родную Беларусь такой жа, сёння, як ніколі, мы павінны памятаць і згуртавацца, паказаць рашучасць у адстойванні сваёй свабоды. І не дарэмна Прэзідэнт Беларусі аб’явіў гэты год Годам гістарычнай памяці. Зараз, калі разбураецца існуючы ў свеце парадак, ідзе барацьба за душы і розумы людзей, робіцца ўсё магчымае, каб была забыта страшная памяць аб вайне. Тыя, хто хоча ўладарыць над светам і сее нацыянальную варожасць, абвастраюць абстаноўку, развязваюць крывавыя канфлікты, радуюцца, раздуваючы полымя нацызму. Але мы, як ніхто, ведаем, што на руках фашыстаў кроў мільёнаў людзей. Таму яны павінны памятаць: мы не дадзім перапісаць нашу гісторыю, растаптаць памяць аб подзвігах нашых продкаў, пасеяць варожасць і раскалоць наша грамадства.
Выхаваныя на прыкладзе мужнасці і вернасці абавязку, мы будзем і надалей захоўваць праўду аб вайне. Пакуль новыя пакаленні памятьаюць і адзначаюць Дзень Вялікай Перамогі, ён будзе заставацца ў нашых сэрцах той самай перамогай, напоўненай радасцю і болем.
Дарагія жыхары і госці Бярэзінскага раёна! Памятаючы ўрокі вайны, мы зробім усё, каб родная зямля заставалася спрыяльным кутком стабільнасці, тварэння і добрай волі. Шчасця і дабрабыту ўсім вам. Са святам. Са святам Вялікай Перамогі!
Шчымлівая кампазіцыя
Думаю, усіх уразіла, нікога не пакінула раўнадушным шчымлівая кампазіцыя “До свидания, мальчики” у выкананні калектыву эстраднага танца “Яркие краски”.
Хвіліна маўчання…
… Хвіліна маўчання. Гулкім рэхам разносіцца па наваколлі залп салюту. Да падножжа помніка загінуўшым героям ускладаюцца вянкі і жывыя кветкі ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, прадпрыемстваў і арганізацый горада, грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, моладзі і рэлігійных арганізацый, савета ветэранаў.
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.