I грымнуў школьны баль

Date 11.06.2022 Man
Comment 1001
I грымнуў школьны баль

Сёлета раённы школьны баль прайшоў па новых традыцыях. Упершыню ен пачаўся ў гарадскім скверы каля помніка воінам і партызанам, якія загінуліў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут кіраўніцтва раёна разам з выпускнікамі 2022 года ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да манумента героям.

Затым урачыстае шэсце выпускнікоў велічна накіравалася на гарадскую плошчу. Узначальвалі яго старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко, начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алеся Цітова і старшыня ветэранскай арганізацыі Бярэзінскага раёна Анатоль Зябко.

Гучнымі апладысментамі бярэзінцы віталі ўсіх 160 выпускнікоў 2022 года з іх педагогамі і дырэктарамі школ. У іх гонар гучалі віншаванні, пажаданні і боскія бласлаўленні, душэўныя песні і тройчы грымеў школьны вальс.
Прыемным сюрпрызам традыцыйнай цырымоніі стала ўшанаванне класных кіраўнікоў і вучняў, якія пакінулі свой яркі след у гісторыі школ. Яны на роўных з залатымі медалістамі атрымлівалі свае ўзнагароды і сімвалічныя статуэткі з лагатыпам “Выпуснік 2022 года”.

Завяршыўся школьны баль на шчымлівай ноце развітання з дзяцінствам - у неба рашуча ўзняліся ўверх паветраныя шарыкі з папяровымі бабачкамі, якія сімвалізуюць дзіцячыя мары. Няхай яны нясуць выпускнікам у дарослае жыццё новыя ўражанні, удачу і здзяйсненне мараў!

Рэпартаж са свята чытайце ў бліжэйшым нумары газеты.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER