Няхай восень душу шчасцем напаўняе…

Date 13.10.2022 Man
Comment 991
Няхай восень душу шчасцем напаўняе…

З’яўленне дзіцяці – вялікая падзея ў кожнай сям’і. У Веранікі Саўко дзетак трое: дзве дачушкі і сынок.

Самая старэйшая Віялета (ёй хутка споўніцца 10 гадоў) нарадзілася напярэдадні Дня маці – 12 кастрычніка. Малодшыя – дзеткі “зімнія”: Мілана нарадзілася ў снежні, а Яўгеній – у лютым.

Прыклад мнагадзетнай сям’і са сваімі законамі, унутраным распарадкам і звычаямі, кампрамісамі і ўлічваннем інтарэсаў кожнага яе члена быў заўсёды перад вачыма і для Веранікі, і для Аляксандра.

Бо выгадаваліся яны ў мнагадзетных сем’ях. Бацькі абодвух сталі для іх узорам працавітасці і чалавечай мудрасці, душэўнай шчодрасці. Гэта - самая трывалая спадчына…

Матуля Веранікі Марыя Антонаўна працуе шэф-поварам ў сярэдняй школе №2 горада, бацька Тадэвуш Браніслававіч працаваў у Бярэзінскім райаграсэрвісе, потым – у філіяле “Профітсістэм”, а пасля выхаду на пенсію яны захапіліся развядзеннем пчол і сталі сапраўднымі пчалярамі. Бацькі Аляксандра Уладзіміравіча (ён, дарэчы, прапаршчык МНС) жывуць у вёсцы Міхалёва і ўсё жыццё шчыруюць у сельскагаспадарчай галіне, у філіяле “ОМА”.

Сама Вераніка набыла спецыяльнасць бухгалтара-эканаміста, працуе ў філіяле торфапрадпрыемства “Бярэзінскае” УП “Мінскаблгаз” і з’яўляецца старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

Яна любіць знаходзіцца ў віхуры падзей, удзельнічае ў розных спартыўных мерапрыемствах і творчых конкурсах. Такімі ж актыўнымі выхоўваюцца і дзеці. Віялета, нягледзячы на свой невялікі ўзрост, ужо мае медалі і значны стос грамат і падзяк.

Напрыклад, была ўзнагароджана дыпломам у намінацыі “Юное дарование” за ўдзел у VI турыстычным злёце сярод філіялаў УП “Мінскаблгаз”, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Году гістарычнай памяці, дыпломам I ступені за перамогу ў раённым конкурсе “Выратавальнікі вачамі дзяцей” у намінацыі “Казка”, дыпломам Бярэзінскага райвыканкама за высокія дасягненні ў алімпіядным руху, творчай дзейнасці, спорце і інш.

Дзяўчынка паспяхова займаецца ў Бярэзінскай школе мастацтваў і паказвае выдатны прыклад для сваіх малодшых сястрычкі і браціка.

 – Я вельмі люблю свой невялікі гарадок Беразіно, – гаворыць Вераніка Саўко. – Нават з нашых вокнаў можна дзівіцца на прыгожыя пейзажы, на першыя промні ўзыходзячага сонца і на цудоўныя фарбы неба, якія мяняюцца на працягу дня і зачароўваюць. У любую пару года… Але самая цудоўная для мяне пара – зіма. Калі снег кружыцца камячкамі, і навокал усё белае і чыстае… А яшчэ – гэта любімая пераднавагодняя мітусня і цудоўнае свята Ражства Хрыстова, час падарункаў і прыемных нечаканасцей… Я ж таксама нарадзілася зімой – напачатку студзеня. Вельмі прыемна адчуваць падтрымку сям’і, бацькоў, мужа. Без даверу і падтрымкі сям’і не бывае.


Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER