Першым павітаў дзяцей, бацькоў, педагогаў і гасцей мерапрыемства дырэктар навучальнай установы Мікалай Дубовік. Ён пільна сочыць за поспехамі сваіх вучняўі кожны год праходзіць з імі няпросты і такі цярністы шлях да ведаў. Таму яго зварот да хлопчыкаў і дзяўчынак заўседы асаблівы.
– У бліжэйшы час вас чакаюць доўгачаканыя і самыя доўгія канікулы. Патрэбна, каб вы за гэты час не толькі належным чынам аздаравіліся, але і набраліся сіл і ўпэўненасці для пакарэння новых вучэбных, творчых і спартыўных вяршынь. Асобна хочацца звярнуцца да чацвёракласнікаў, яны назаўсёды развітваюцца з пачатковай школай і пойдуць у наступны пяты клас. Зычым іх там поспехаў і жадаем, каб яны высока трымалі марку роднай установы.
Затым эстафету віншаванняў і наказаў на летнія канікулы пераняла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова. Яна прыйшла на свята з дыпломамі Бярэзінскага райвыканкама і спецыяльнымі грашовымі заахвочваннямі для самых лепшых, самых добрасумленных, самых актыўных і самых таленавітых вучняў школы. Пачэсныя ўзнагароды атрымалі Арына Жукоўская (1Б клас), Міхаіл Чорны, Валерыя Багамаз (2А клас) , Валерыя Цэдрык, Дар’я Лянькова, Мілана Круглік (3Б), Настасся Доўнар-Монтвід, Каміла Гайнутдзінава, Яраслаў Лешковіч, Яўгенія Яблонская (3В клас), Яўгенія Касцяневіч, Віялета Саўко (4А клас), Іван Мотуз, Валерыя Ермаковіч, Злата Лабынцава і Паліна Пінчук (4Б клас).
Дарэчы, сёлетні навучальны год вучні пачатковай школы заканчваюць паспяхова. Амаль кожны дзесяты тут вучыцца на выдатна тут нямала пераможцаў прадметных алімпіяд па рускай мове і матэматыцы, пераможцаў творчых конкурсаў і нават удзельнікі абласнога этапа адкрытага фестывалю” Я – даследчык”. Кожны з іх атрымаў узнагароду ад кіраўніцтва школы.
Кульмінацыяй свята стала развітанне чацвертакласнікаў са школай. Зрабілі яго хвалюючым і запамінальным самадзейныя нумары вучняў школы – вершаваныя радкі развітання саміх выпускнікоў, выступленні вакальнай групы “Колокольчики” . Радаснай і шчаслівай хвілінай мерапрыемства стаў і апошні званок. Пачэснае права даць яго атрымалі лепшыя вучні школы Арына Жукоўская з 1 Б класа і Станіслаў Ліпень з 4Б. Дзяўчынка – дастойная паслядоўніца добрых традыцый пачатковай школы, а вось хлапчуку неабходна будзе яшчэ апраўдаць давер і не падвесці педагогаў у сярэднім звяне. Мяркую, з гэтай задачай Станіслаў справіцца, бо ў спадчыну атрымаў багаты запас ведаў і пэўную ўпэўненасць у сваіх сілах, уменне вучыцца і дасягаць намечанае. Цяпер жа яму, галоўнае, не згубіць усе гэта ў час адпачынку.
Да пабачэння, школа! Прывітанне, лета! Няхай яно будзе яркім, карысным, бяспечным і парадуе кожнага!
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.