Сакрэтаў сваіх поспехаў спецыялісты “Брадца” не хаваюць. Залогам прадукцыйнай працы і высокіх яе паказчыкаў тут лічаць добра адладжаную арганізацыю працы кожнага на сваім месцы, дакладнае захаванне тэхналогіі і правільны падбор кадраў механізатараў і вадзіцеляў, занятых на жніве.
Усяго на ўборцы было задзейнічана 8 камбайнаў. Толькі на двух з іх працавалі экіпажы па два чалавекі, на астатніх – па аднаму. Новенькі камбайн, які тут атрымалі літаральна два тыдні назад, у працэс уборкі вырашылі не ўключаць, бо яго наладка і рэгуліроўка запатрабавалі б дадатковы час, а губляць яго ніяк нельга ў такую напружаную пару. Больш дзясятка вадзіцеляў спраўна адвозяць атрыманы ўраджай на збожжаток, дзе кругласутачна завіхаюцца аператары Уладзіслаў Казюка і Аляксей Юнец – мінулагодні пераможца раённага спаборніцтва сярод работнікаў КЗС і ўдзельнік абласных дажынак.
Пакуль што ў сельгаспрадпрыемстве задаволены атрыманай ураджайнасцю (з улікам карэкціроўкі, якую ўнесла сёлетняе надвор’е). Так, азімы рапс даў на круг па 19,6 цэнтнера з гектара, азімы ячмень – 30, азімыя збожжавыя ў цэлым (яны ўжо таксама ўбраны) паказалі ўраджайнась у 35 цэнтнераў з гектара, а яравыя культуры (іх убрана 45 працэнтаў) даюць па 36 цэнтнераў з гектара.
У дзень нашага прыезду камбайны ўбіралі збажыну непадалёк ад вёскі Месціна. Дзякаваць богу, надвор’е спрыяла стараннай працы і з неба не сыпаў дождж, які перыядычна перашкаджае жніву. Таму было відаць, што механізатары без вялікага энтузіязму ўспрынялі прыезд на поле лятучкі-УАЗіка, на якой прывезлі абеды. Але ж на сыты страўнік і працуецца весялей. І вось раздатчыца абедаў Жанна Лапцёнак, якую даставіў сюды вадзіцель Сяргей Астраўлянчык, выдае гарачыя стравы і па бутэльцы мінералкі. Пакуль ідзе абедзенны перапынак, размаўляем з удзельнікамі жніва.
– Я ў гаспадарцы працую з сакавіка, – расказвае Мікалай Новікаў. – Вярнуўся пасля перапынку і працы ў Беразіно. Далі вялікі МАЗ, час падрыхтаваць яго да ўборкі быў, таму зараз ён мяне не падводзіць, за дзень, бывае, да 90 тон перавожу – ўсё залежыць ад адлегласці да збожжатока. І як бы ні было, старт аказаўся даволі паспяховым: з пачатку жніва паспеў ужо перавезці тысячу тон збожжа.
– А для мяне сёлетняе жніво (чакайце, падлічу) ажно 43-яе. Працуецца нармальна, у прывычным рэжыме. Умовы створаны належныя, тэхніка не падводзіць, ды і сам стараюся паказваць прыклад іншым. У мінулыя гады выходзіў у разрад тысячнікаў. Ды і на гэты раз таксама планую адолець гэты рубеж, да запаветнай лічбы засталося зусім крышачку.
А вось у Генадзя Анцыпава паказчык значна меншы. Аднак, як сцвярджае камбайнер, гэта ніколькі не перашкаджае яму працаваць з усёй адказнасцю, каб убраць ураджай да апошнягя каласка і не дапусціць страт.
Прыемна адзначыць і той факт, што ў “Брадцы” падрастае годная змена хлебаробаў. Так, гаворка ідзе пра Уладзіслава Корыка – мінулагодняга тысячніка і лідара раённага маладзёжнага спаборніцтва сярод камбайнераў. Сёння яго паказчыкі таксама значныя – больш за 600 тон намалочанага зерня – і на парадак вышэ тых паказчыкаў, якія маюць яго сапернікі.
Неўзабаве завяршаецца абедзенны перапынак і камбайны, а за імі і магутныя МАЗы, выходзяць у поле, каб праз які час зноў напоўніць бункеры золатам збожжа, якое затым плаўна пераліецца ў кузавы аўтамабіляў і будзе дастаўлена для дапрацоўкі на КЗС. Наперадзе людзей чакала старанная і адказная праца, якая не толькі выпрабоўвае іх штогод на вынослівасць, а і прыносіць славу і высокія званні.
І літаральна ўжо ў панядзелак многія з удзельнікаў жніва прымалі шчырыя словы падзякі ад старшыні райвыканкама Дзяніса Дзішука, які прыбыў спецыяльна для таго, каб павіншаваць тысячнікаў гаспадаркі з іх працоўным поспехам. А такіх віноўнікаў урачыстасці аказалася ажно пяць чалавек! Гэта вадзіцелі Уладзімір Альшэўскі, Мікалай Собаль, Міхаіл Гузоўскі, а таксама старэйшы камбайнер Бярэзіншчыны Аляксандр Кніга.
– Мне вельмі прыемна віншаваць вас з працоўным поспехам, – адзначыў Дзяніс Ігаравіч. – Я ведаю, што ў “Брадцы” працуюць вельмі адказныя і самаадданыя людзі. І вы пераконваеце мяне ў гэтым сваімі вынікамі. Яны ў гаспадарцы, нягледзячы на капрызы надвор’я, сёння важкія і адметныя. Вашы поспехі ў працы, ураджайнасць даюць усе падставы спадзявацца, што па выніках кампаніі вы станеце прызёрамі сёлетняга раённага спаборніцтва, а па выхадзе на бала-гектар роўным вам нікога не будзе. Так што свята дажынак пройдзе з вашым удзелам.
Да слоў віншаванняў далучыўся і дырэктар ААТ “Брадзец” Аляксандр Крук, які таксама ўручыў граматы і грашовыя прэміі перадавікам вытворчасці. Атрымалі яны падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. А для таго, каб камбайны і аўтамабілі вызначалі сваіх старанных працаўнікоў-гаспадароў, былі ўручаны чырвоныя сцяжкі з запаветнай лічбай “1000 тон” і аналагічныя наклейкі на борт камбайна або кабіну аўтамабіля.
Дарэчы, па выніках леташняга жніва ў сельгаспрадпрыемстве было адзначана пяць камбайнавых экіпажаў, якія дасягнулі тысячнага намалоту, шэраг вадзіцеляў з такім жа паказчыкам і нават два вадзіцелі, якія адолелі двухтысячны рубеж.
Сёння ў “Брадцы” на жніве задзейнічана толькі шэсць камбайнаў: частку механізатараў давялося перасадзіць на трактары, бо наступіла пара сяўбы азімых культур. Так, гэтымі днямі на ворыве заняты Анатоль Собаль і Антон Самец, на падрыхтоўцы глебы Анатоль Лапіцкі. Неўзабаве пачнецца і сяўба азімага рапсу. А паралельна з гэтай работай Андрэй Філіповіч і Валерый Стасевіч вядуць падбор і прасаванне саломы, каб даць фронт работ механізатарам з плугамі. Працы ўвосень мала не бывае. А вось яе вынікі поўнасцю залежаць ад тых, хто заняты ёй, ад умення, адданасці, майстэрства і любові да таго, чым заняты. Як бачым, у “Брадцы” людзей такіх шмат. Таму і забяспечаны гаспадарцы высокія паказчыкі і поспех.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.