Працоўны поспех калектыву падзяляе і яго дырэктар Дзмітрый Калацэй, хаця дасягнутымі паказчыкамі задаволены ён не поўнасцю, бо ўкладзеныя намаганні людзей і фінансавыя сродкі павінны былі па прагнозах даць больш істотную аддачу. Віной усяму неспрыяльныя ўмовы надвор’я, якія адбіліся на росце культур і паўнаважкасці коласу.
– Але, – адзначае Дзмітрый Мікалаевіч, – без хлеба і кармоў нават і ў гэты няпросты год мы не застанёмся і свае вытворчыя паказчыкі па выніках года не зменшым, мінусаваць па малаку не будзем, бо своечасова прынялі неабходныя захады.
У час жніва на палетках філіяла было задзейнічана чатыры камбайны, у ліку якіх і пабачыўшы віды старэнькі “Дон”. Яго добра адрамантавалі, мадэрнізавалі, і ён даволі паспяхова спраўляўся са сваімі абавязкамі. На гэтым камбайне працавалі Васіль Пінчук і Васіль Буры. На новым, атрыманым летась КЗС-1218, – Андрэй Дыбаль і Сяргей Гайдук, на астатніх двух – Аляксандр Міхайлавіч і Аляксандр Барысавіч Валасевічы, а таксама Леанід Драгун і Сяргей Гайдук. Ужо не першы год тут памочнікі камбайнераў адначасова з’яўляліся і адказнымі за адвозку збожжа. Такім чынам эканомяцца людскія рэсурсы і ёсць магчымасць некаторых працаўнікоў накіраваць на іншыя віды работ.
Васіль Пінчук і Васіль Буры
Галоўны інжынер філіяла «Ома» Вадзім Танковіч і Андрэй Дыбаль
Аляксандр Міхайлавіч Валасевіч
Леанід Драгун
А іх у гарачую пару заўсёды шмат. Перш-наперш прасаванне і звозка саломы з убраных палеткаў, каб там можна было распачаць падрыхтоўчыя да сяўбы работы. Так, на пагрузцы і звозцы саломы былі заняты Уладзіслаў Пісараў, Анатоль Пінчук, Уладзімір Хахол, Аляксандр Раманоўскі, на прасаванні саломы – бацька і сын Сяргей і Аляксандр Мешычы. Заўсёды хапала спраў і аператару КЗС Канстанціну Чорнаму, на працоўным календары якога вось ужо нязменны 26-ы сезон уборкі.
Канстанцін Чорны
Ды і зараз, калі жніво завяршылася, яго ўдзельнікі і іншыя работнікі сельгаспрадпрыемства без справы не сядзяць. Мала таго, што іх праз які тыдзень чакае другі этап уборачных работ (на падыходзе проса, грэчка, рэдзька і кукуруза), неабходна клапаціцца пра далейшую звозку саломы, падбор камянёў на асобных участках палёў, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку глебы і своечасовую сяўбу азімых культур. Ёю заняты адзін з лепшых механізатараў філіяла Аляксандр Міхайлавіч Валасевіч.
Яшчэ колькі дзён назад шчыраваў ён на камбайне і паказаў другі па гаспадарцы вынік, а сёння на магутным МТЗ разам з пасяўным агрэгатам сее азімы рапс. Яго плошча, дарэчы, як і летась, зойме 240 гектараў (з іх 200 – на масланасенне). Так што работы хапае.
На палетках сустрэлі мы таксама і яшчэ двух перадавых механізатараў. Так, Валерый Кунавіч заняты ворывам, а яго калега Васіль Булойчык – падрыхтоўкай глебы.
Валерый Кунавіч
Васіль Булойчык
У лідара сёлетняга жніва Андрэя Дыбаля іншы клопат: яго юркі МТЗ-82 з маніпулятарам кожны дзень звозіць з палеткаў ужо спрасаваныя цюкі з саломай. На падборы камянёў завіхаецца Уладзімір Хахол, якому дапамагаюць члены паляводчай брыгады.
Пасля завяршэння сяўбы рапсу наступіць чарга і азімага ячменю. Станоўча ён паказаў сябе па сёлетнім годзе, добры ўраджай даў, таму і робяць у гаспадарцы стаўку на гэтую перспектыўную культуру. Так, завяршэнне жніва яшчэ не азначае перыяд расслаблення і адпачынку. Бо той, хто дбае пра заўтрашні ўраджай і яго важкасць, ужо з восені робіць належны зачын. Менавіта так і паступаюць сёння ў філіяле “Ома”, каб і налета быць і з ураджаем, і з кармамі. А да спраў тут заўсёды ставяцца адказна і сумленна.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.