Тут прысутнічалі кіраўнікі, спецыялісты сельгасарганізацый, раённых службаў і, вядома ж, самыя галоўныя яго ўдзельнікі – хлебаробы.
Плёну на жніве!
Вядома ж, першым павіншаваў хлебаробаў з пачаткам жніва, пажадаў усім важкіх намалотаў старшыня райвыканкама Андрэй Сакалоўскі. Андэй Валянцінавіч павітаў асабіста кожнага ўдзельніка жніва і паціснуў руку:
– Наступае вельмі адказны перыяд – уборка збожжа новага ўраджаю. Задача застаецца ранейшай – убраць вырашчанае хутка і без страт. Дзякую вам, хлебаробы, за нястомную працу. Жадаю плёну, поспехаў на жніве, здароўя. І, бясспрэчна, самае галоўнае – каб жніво прайшло без траўматызму. Мы разам дастойна збяром ўраджай. І як сказаў Кіраўнік дзяржавы, да кожнага зярнятка, да кожнага каласка. Для таго каб у нас быў багаты ўраджай. Упэўнены, у нас усё атрымаецца.
Таксама Андрэй Валянцінавіч расказаў, што у гэтым годзе для хлебаробаў будзе арганізаваны спецыяльны конкурс. Зараз ён распрацоўваецца. Пераможцаў чакаюць значныя падарункі: за першае месца – электрасамакат, другое – касілка, трэцяе – пральная машына.
Каравай “выязджае”
У народзе існуе такая прыкмета: каб сабраць багаты ўраджай, новы хлеб павінен “выязджаць” на старым. Андрэю Валянцінавічу ўручылі каравай з ураджаю мінулага года, як сімвал дастатку, ветлівасці і яднання.
З добрымі пажаданнямі да хлебаробаў, працаўнікоў сельгасарганізацый звярнулася і старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Марына Каўзуновіч. Па традыцыі яна ўручыла падарунак гаспадару “Зажынак” дырэктару “АграМАЗ” Валерыю Цэдрыку.
Павіншавала хлебаробаў са святам і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан.
Паблагаславіў хлебаробаў на пленную працу дабрачынны Бярэзінскай царкоўнай акругі протаіерэй Ілля Ганчарук і іерэй Васілій Васількоў.
Зажынаюць жнейкі
Дарэчы, у Беларусі здаўна святкуюць “Зажынкі”. Нашы продкі ведалі, што спачатку жніва трэба было падзякаваць зямлю-матухну за падораны ўражай. Першы сноп ужо другі год зажынаюць жнейкі – удзельнікі Народнага сямейнага гульнёвага гурта “Радзіна” Новінскага СДК.
І першы сноп жнейкі ўручаюць кіраўніку раёна.
Экіпажы, па машынах!
Заракаталі рухавікі камбайнаў, на Бярэзіншчыне дадзены старт жніву-2024. У добры шлях камбайны адпраўляе старшыня райвыканкама Андрэй Сакалоўскі разам з маладым камбайнерам Даніілам Данільчанка.
– Настрой цудоўны! Хочацца, каб надвор’е не падводзіла. Больш сонечных дзён – і ўраджай будзе сабраны, – заўважае камбайнер. – Работа складаная, напружаная. Спадзяёмся, на багаты ўраджай.
Дарэчы, менавіта Данііл шчыруе на новым камбайне, які гаспадарка атрымала зусім нядаўна, не прайшло і тыдні два.
– Удвайне прыемна, што мне даручылі шчыраваць на новай тэхніцы. Прыемна і адказна! Не падвяду.
Прыйшлі падтрымаць Данііла жонка і маленькая дачушка.
– Вядома ж, хвалюемся за Данііла. Але ўпэўнена, ён справіцца! А ад нас – надзейная падтрымка.
Міліцэйскі экіпаж
І дзе б вы думалі? За штурвалам збожжаўборачнага камбайна! Не першы год разам працуюць на жніве.
Валерый Несцяровіч – супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі Бярэзінскага РАУС.
Водпуск вось ужо які сезон праводзіць на палях СУП “АграМАЗ”. Яго напарнік Аляксандр Пянкрат шмат гадоў адпрацаваў у міліцыі, зараз на заслужаным адпачынку.
– Ужо шмат гадоў мы падчас жніва шчыруем на камбайне. Спадзяёмся, у гэтым годзе збяром багаты ўраджай, – гавораць мужчыны.
Плённай працы, хлебаробы!
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.