На карысць людзям і дзяржаве

Date 06.12.2024 Man
Comment 772
На карысць людзям і дзяржаве

Традыцыйна Дзень страхавых работнікаў у нашай краіне адзначаецца ў першую суботу снежня. Але работнікі прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Бярэзінскім раёне святкаваць сваё прафесінае свята пачынаюць за некалькі дзён да гэтай даты, дакладней – 3 снежня. Менавіта на гэты дзень прыпадае момант стварэння ў нашай рэспубліцы такой стуктуры, як Белдзяржстрах. Сёлета яму спаўняецца 103 гады. Сапраўды, узрост настолькі паважны, наколькі паважны і сам аўтарытэт яго спраў і супрацоўнікаў.

Толькі добрыя словы і станоўчыя водгукі даводзіцца чуць, у тым ліку, і пра агентаў страхавых Бярэзінскага прадстаўніцтва. Іх штат не вельмі вялікі, кожны мае замацаваны за ім рэгіён Бярэзіншчыны і самога горада, дзе і праводзіць сваю дзейнасць па заключэнні дагавораў страхавання – як абавязковага, так і добраахвотнага.

Сёння, з развіццём тэхнікі і новых тэхналогій, Белдзяржстрах не стаіць на месцы і пастаянна павялічвае свой “кошык” з наборам відаў страхавання. Зараз гэты пералік перавышае сотню. Застрахаваць можна ўсё, што заўгодна – пачынаючы ад маёмасці, уласнага жыцця, аўтамабіля або хатняй жывёлы (традыцыйныя і найбольш папулярныя віды) да… мабільнага тэлефона.

Так што ў Белдзяржстраха ёсць што прапанаваць грамадзянам (і не толькі ім, а і юрыдычным асобам), чым зацікавіць і за захаванне чаго ўзяць на сябе адказнасць. Таму і не скарачаецца аб’ём аказваемых паслуг і людзі з задавальненнем заключаюць дагаворы аб страхаванні. Як адлюстраванне гэтых слоў, той факт, што за 11 месяцаў з пачатку года работнікі нашага прадстаўніцтва аб’ём аказваемых паслуг павялічылі да 113,7 працэнта да аналагічнага леташняга перыяду. Як сцвярджае дырэктар прадстаўніцтва Ала Роўда, і па выніках года названы паказчык будзе не меншым.

Зразумела, што за поспехамі і лічбамі стаяць людзі. Яны розныя па ўзросце, працоўным стажы, характары і абставінах, якія прывялі іх у сістэму страхавання, але аб’яднаныя адзінствам у дасягненні пастаўленай мэты, любоўю да сваёй справы і адданасцю ёй, уменнем працаваць з людьмі і знаходзіць з імі ўзаемапаразуменне.

У якасці прыкладу прывядзём толькі тры прозвішчы сённяшніх агентаў страхавых. Першая з іх па праве адносіцца да “залатога” фонду прадстаўніцтва – Лілія Сіняк. Яна ўваходзіць у тройку старэйшых ветэранаў калектыву і мае за плячыма стаж звыш трыццаці гадоў. Добра вывучыла мікрараён, за якім замацавана, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод людзей, што напрамую адбіваецца і на яе паказчыках.

Ірына Бельская ў сістэму Белдзяржстраха прыйшла намнога пазней – 18 гадоў таму назад і жартуе, што ўжо дасягнула свайго паўналецця. Яе абаяльнасць, уменне ладзіць са сваімі кліентамі дазваляе ёй трымаць надзейны з імі кантакт, паказваць дастойныя вынікі сваёй працы. А вось Кацярыну Паўлоўскую можна аднесці да прадстаўніц новага папаўнення прадстаўніцтва. Тут жанчына ўсяго трэці год. Як сама прызнаецца, нягледзячы на тое, што амаль два дзясяткі гадоў да таго працавала з людзьмі (была прадаўцом аднаго з сельскіх магазінаў), у спецыфіку новай работы ўключыцца аказалася не вельмі проста. Але зараз, калі першыя цяжкасці ўжо пераадолены, працуе з радасцю і імкнецца не адставаць ад сваіх старэйшых калег, якія заўсёды ідуць на дапамоу парадай і добрым словам.

Дарэчы будзе дадаць, што па слядах маці вырашыла пайсці яе старэйшая дачка, якая сёння ў Магілёве набывае спецыяльнасць агента страхавога і з часам можа годна папоўніць калектыў бярэзінскіх страхавых работнікаў.

Аб’ядноўвае гэтых жанчын яшчэ і той факт, што па выніках штогадовага конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы агент страхавы” яны занялі ў прадстаўніцтве адпаведна трэцяе (Кацярына Паўлоўская), другое (Лілія Сіняк) і першае месцы (Ірына Бельская). І неўзабаве Ірына Мікалаеўна будзе прадстаўляць Бярэзіншчыну на абласным этапе аналагічнага конкурсу. Няхай ёй спадарожнічае ўдача.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER