Энергію збыць і пра людзей не забыць

Date 19.12.2024 Man
Comment 22
Энергію збыць і пра людзей не забыць

Для работнікаў Бярэзінскага ўчастка Барысаўскай МРА філіяла «Энергазбыт» РУП «Мінскэнерга» заўтрашняе прафесійнае свята з’яўляецца ўдвая ўрачыстым: літаральна ў гэтым месяцы службе «Энергазбыту» ў Беларусі споўнілася 80 гадоў.

Юбілей істотны, важкі і знакавы, бо, да таго ж, супадае з не менш ганаровай датай – 80-годдзем вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За гады свайго існавання гэта служба была і самастойнай, і ўваходзіла ў склад энерганагляду, раёна электрасетак. А сёлета з 3 студзеня была ізноў вылучана ў асобную структуру.

З трывалымі поспехамі падышлі бярэзінскія кантралёры да юбілею, свайго свята і наогул заканчэння года. У выніку актыўнай і зладжанай дзейнасці падраздзялення тут паспяхова выконваюцца задачы па забеспячэнні надзейнай работы прыбораў уліку электраэнергіі, устаноўленых у спажыўцоў, стапрацэнтнага збору сродкаў за адпушчаную электраэнергію, павышэння дысцыпліны выканання спажыўцамі дагаворных абавязацельстваў па аплаце за прадастаўленую электраэнергію. І работа гэта пастаянна ўдасканальваецца.

– Летась завяршылася мадэрнізацыя прыбораў уліку электраэнергіі і індукцыйных на электронныя, – расказвае кіраўнік участка Віталь Папруга. – Зараз работнікі нашага ўчастка, як і ў цэлым па краіне, заняты ўкараненнем аўтаматызаванай сістэмы ўліку электраэнергіі, якая базіруецца на выкарыстанні сучасных электронных сродкаў уліку электраэнергіі і адпавядае патрабаванням Канцэпцыі прыборнага ўліку электраэнергіі ў Рэспубліцы Беларусь. У эксплуатацыю ўводзяцца новыя плацёжныя сістэмы, якія дазваляюць аплачваць спажытую бытавымі абанентамі электрычную энергію цераз сістэму банкаматаў і інфакіёскаў, дыстанцыйна весці кантроль за работай і паказаннямі электралічыльнікаў з дапамогай камп’ютараў. Да канца 2025 года пераход на такую сістэму ў нашым раёне будзе поўнасцю завершаны.

Участак «Энерганагляду» абслугоўвае больш як 16500 абанентаў. А гэта істотная нагрузка на 17 яго супрацоўнікаў. Тым не менш, кантроль тут наладжаны стабільны і трывалы. Прычым, не толькі інспектары наведваюць сваіх абанентаў, але і тыя ў любы момант могуць прыйсці ў інспекцыю, дзе штодзённа адзін са спецыялістаў вядзе прыём грамадзян і дапамагае перазаключыць дагавор, падрыхтаваць неабходныя дакументы для замены электралічыльніка, даць рэкамендацыі па ўмовах ільготнай аплаты за электраэнергію і г.д. – Кожны з нашых работнікаў, а штат у нас склаўся дружны і зладжаны, дакладна і дасканала ведае ўскладзеныя на яго абавязкі, – дадае Віталь Уладзіміравіч, – паспяхова спраўляецца з імі і заслугоўвае толькі самых шчырых слоў падзякі і віншаванняў з нашым прафесійным святам.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « На городской площади стартовала акция «Наши дети»