Сабралася поўная зала, якая змясціць адразу ўсіх прадстаўнікоў службы не магла пры ўсім жаданні, бо працуе ў калектыве больш за 200 чалавек. Менавіта дзякуючы іх намаганням на тэрыторыі Бярэзіншчыны падтрымліваюцца чыс-ціня і парадак, жыхары рэгіёна своечасова атрымліваюць гарачае водазабеспячэнне і халодную ваду, цяпло і святло, карыстаюцца шэрагам паслуг камунальнікаў і ўдзячны за гэты клопат пра сябе, за ўтульнасць і наладжаны быт.
Не хаваў свайго хвалявання ў час урачыстасці дырэктар ЖКГ Віталь Саскавец (аб чым і сам шчыра прызнаўся ва ўступным слове), бо для яго падобнае мерапрыемства ў якасці кіраўніка ладзілася ўпершыню. Тым не менш, камунальная служба для Віталя Віктаравіча – справа не новая, бо ў свой час ён аддаў ёй сем гадоў, працуючы начальнікам жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка. Што датычыцца работы з людзьмі, іх зваротамі, а таксама навядзеннем парадку на зямлі, тут ён таксама не навічок, бо да свайго прызначэння значны час з’яўляўся старшынёй Дзмітравіцкага сельсавета і падобнага роду праблемы ўваходзілі ў круг яго абавязкаў. Але ж тут – зусім іншыя маштабы, значна пабольшаў і аб’ём адказнасці, прычым не толькі за аказанне шматлікіх паслуг, а і за калектыў, умовы працы, зарплату, аб’ёмы работ і г.д.
Дарэчы, камунальная служба – вельмі рознапланавая і шматгаліновая. Пераконваюся ў гэтым хаця б па назвах прафесій спецыялістаў, якім у той дзень уручалі граматы. Тут не толькі прывычныя нам вадзіцелі або рабочыя па ўборцы тэрыторый, а і дыспетчар, машыніст-качагар, грузчык, рабочы па абслугоўванні лазні, работніца гасцініцы, вальшчык лесу, слесар-сантэхнік, спецыяліст па камунальных разліках, пашпартыст, майстар палігона, бетоншчык… І ў кожнага сваё поле абавязкаў, адказны ўчастак, на якім людзі праяўляюць сваё майстэрства і адданасць прафесіі. Нездарма ж у той дзень было ўручана столькі Ганаровых грамат.
Так, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Вераніка Фаміна ўручыла падзякі райвыканкама Дзмітрыю Бірукову і Сяргею Бандарчыку. Ганаровымі граматамі Дзяржаўнага аб’яднання «Мінская жыллёва-камунальная гаспадарка» адзначаны Надзея Стасюн, Сяргей Сямашка і Сяргей Вілянаў. Значны спіс складалі і тыя, хто быў удастоены Ганаровай граматы ЖКГ. Уручаючы іх, Віталь Саскавец персанальна для кожнага знаходзіў асабістыя словы падтрымкі і ўдзячнасці за працу.
В праздник – поздравления и теплые слова
У асобнай размове з Віталем Віктаравічам адчувалася, што вельмі ганарыцца калектывам, які яму пашчасціла ўзначальваць.
– На сёння, – прызнаецца ён, – я – малады кіраўнік. Сваю работу мы толькі наладжваем. Не абыходзіцца і без праблем. Але галоўнае тое, што мяне ніхто не кінуў і не падставіў у гэты няпросты час. Хто б што ні гаварыў, а ЖКГ была, ёсць і будзе, без яе горад прападзе. Без Саскаўца або іншага спецыяліста не прападзе, а вось без калектыву – так. І не толькі з-за таго, што зарасце граззю, бо ў нашых абавязках і шмат іншых спраў. Веру, што з такім калектывам нам многае ўдасца зрабіць. Згодны, іншы раз узнікаюць нараканні на выкананне намі паслуг. Але адбываецца гэта не з-за таго, што мы не ўмеем працаваць, або дрэнныя спецыялісты, а з-за недахопу кадраў, механізмаў і якасных матэрыялаў. Мы гэта разумеем і імкнёмся выпраўляць становішча.
Вельмі важна, што ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі існуе свая сістэма работы, якая створана многімі пакаленнямі і работнікамі, якія нясуць цяпло і святло людзям ужо не адно дзесяцігоддзе. І аснова гэтай сістэмы ў тым, што кожны не абмяжоўваецца сваімі абавязкамі, а поўнасцю аддадзены справе. І нават калі па якой-небудзь прычыне адбываецца невялікі збой, работа не спыняецца.
Важна, што мы адчуваем пастаянны клопат і дапамогу з боку раённага выканаўчага камітэта. Так, нядаўна па ініцыятыве яго старшыні Андрэя Сакалоўскага атрад нашай тэхнікі папоўніўся новым трактарам. Вырашаюцца і іншыя пытанні.
Ужо з пачатку года камунальнікі на свой рахунак запісалі нямала добрых спраў. Напрыклад, завершаны рамонт гарадской лазні, рамонт даху жылога дома па вуліцы Хонінава, 34, агароджаны могілкі ў в. Хватаўка і па вуліцы М. Рамановіч горада, завершана добраўпарадкаванне могілак у в. Шавярнічы, устанаўліваецца агароджа на могілках в. Новіны. Актыўна вядзецца ўкладка тратуара на вул. Ленінскай. У ходзе работ па навядзенні парадку ў падвальных памяшканнях істотны аб’ём смецця (каля 15 тон) быў вывезены з дома №10 па вуліцы Кастрычніцкай (вось такія «ахайныя» грамадзяне там пражываюць; з-за іх неахайнасці давялося патраціць шмат часу, які можна было выкарыстаць на выкананне іншых работ па добраўпарадкаванні горада). Ужо сёння ЖКГ прыступае да падрыхтоўкі да чарговага ацяпляльнага сезона. Наперадзе – нямала работы па рамонце дамоў, добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, падрыхтоўкі горада да летняга перыяду. Дадатковай адказнасці рабоце, а таксама і яе аб’ёмам для ЖКГ надае і той факт, што бягучы год Прэзідэнтам краіны вызначаны як Год навядзення парадку.
– На першы погляд задачы, што ставяцца перад службай ЖКГ, невыконваемыя, – дадае намеснік старшыні райвыканкама Вераніка Фаміна. – Яны аб’ёмныя, шматлікія і датычацца не толькі навядзення парадку. Такія аб’ёмы работ, якія даводзяцца, пад сілу толькі работнікам ЖКГ. Так, ЖКГ занята навядзеннем парадку. І дзякуючы зладжанаму калектыву і граматнаму кіраўніцтву, мы стараемся ўсе ўзятыя на сябе абавязкі выконваць своечасова, а наш горад і раён зрабіць больш прыгожымі.
Мы бачым, што ўжо з другога студзеня, дзякуючы ўмовам надвор’я, мы прыступілі да навядзення парадку – убіралі смецце з вуліц, выконвалі элементы добраўпарадкавання. Ужо праведзена падсыпка шэрагу вуліц новым пакрыццём, вядуцца работы па будаўніцтве пешаходных сувязей. Наперадзе ўпарадкаванне трох прыдамавых тэрыторый, некалькі пешаходных дарожак у горадзе, падрыхтоўка да 9 Мая. На ЖКГ разам з дадатковым фінансаваннем з нагоды Года навядзення парадку ўскладзена і дадатковая адказнасць. Мы вельмі ўдзячны Мінскаму аблвыканкаму за аказваемую нам дапамогу.
Вы бачыце, што зараз у нас вядзецца будаўніцтва двух аб’ектаў – водаправодная сетка, водаадвядзенне зямельных участкаў – якія таксама адносяцца да добраўпарадкавання населеных пунктаў. І роля ў гэтай справе нашай камунальнай службы вельмі вялікая. Веру, што з пастаўленай задачай яна справіцца належным чынам.
Віншуючы калег з прафесійным святам, Віталь Саскавец выказаў ім шмат шчырых пажаданняў – здароўя і энергіі, бадзёрасці духу, аптымізму, душэўнай гармоніі, росту дабрабыту, каб выконваемая работа заўсёды была толькі ў радасць і прыносіла задавальненне, а лепшай падзякай за яе будзе адсутнасць людскіх скаргаў і нараканняў.
Што ж, сапраўды, няхай прыгажэе наш горад, няхай цвіце ён усімі колерамі вясёлкі.
А мы будзем ведаць, што вялікая заслуга ў тым іх – іншы раз непрыкметных, але вельмі неабходных у нашым жыцці людзей, якія прадстаўляюць сабой атрад камунальнай службы.
*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.