Чароўная музыка палітры

Date 19.08.2026 Man
Comment 21
Чароўная музыка палітры

Мастацкі сусвет Анастасіі Бурай патыхае свежасцю вясновых фарбаў, пышных колераў, прыгожых кветак, наскрозь прасякнуты станоўчым настроем, які выпраменьвае маладая мастачка – майстар народных мастацкіх рамёстваў.

Малюе Анастасія Бурая яшчэ са школы, з трэцяга класа. І ў тым удзячна свайму былому выкладчыку са школы мастацтваў Дзмітрыю Сычу, які на той час выкладаў урокі малявання ў сярэдняй школе №2, дзе вучылася Анастасія, разгледзеў талент у тады яшчэ малодшай школьніцы і дапамог яму раскрыцца. Натхняе ж дзяўчыну родная прырода і асабістае атачэнне. Вырасла яна ў вёсцы Жорнаўка, а месцы тут, як і паўсюль на Бярэзіншчыне, маляўнічыя і прыгожыя, радуюць вока пільнага назіральніка, аматара прыроды, і натхняюць міжволі ўзяцца за пэндзаль ці аловак. Таму і пейзажная лірыка прысутнічае ў пераважнай большасці мастацкіх прац Анастасіі. А спрабавала яна сябе амаль ва ўсіх жанрах мастацтва, сярод якіх не толькі пейзажы, але і нацюрморты, і партрэты, і іншае.

Зараз дзяўчына працуе ў Бярэзінскім цэнтры рамёстваў і вучыцца завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва на факультэце мастацкай культуры, перайшла на трэці курс. Дагэтуль вучылася ў Магілёўскім каледжы мастацтва, набыла спецыяльнасць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вось так пакрысе, няспешліва, але ўпэўнена паднімаецца Анастасія па прыступачках лесвіцы мастацкай творчасці, з кожным разам удасканальваючы ўласнае майстэрства, вышукваючы новыя вобразы і спалучэнні фарбаў. Ад малявання звычайнымі алоўкамі да паўнацэнных карцін, выкананых у тэхніцы алейнага жывапісу.

Дарэчы, у працоўнай майстэрні маладой таленавітай мастачкі захоўваецца цэлая калекцыя работ, выкананых менавіта алеем. Тут і пейзажы, і нацюрморты, і ў пэўнай меры філасофскія работы. На карцінах угадваюцца маёнтак Патоцкіх, касцёл у Багушэвічах і знаёмыя бярэзінцам відарысы.

– Наогул я люблю выходзіць на пленэры. Бацькі падарылі мне эцюднік, і я час ад часу з задавальненнем выбіраюся маляваць з натуры. Пераважна гэта адбываецца на прыродзе ў роднай Жорнаўцы. Там, дзе ціха, спакойна і шмат прыроды, – сцвярджае Анастасія.

Зразумела, знаёмыя з дзяцінства мясціны найбольш спрыяюць творчасці любога мастака. Аднак шмат яна працуе і на рабочым месцы. Тут у цэнтры рамёстваў Анастасія не толькі мастачка, але і асвоіла майстэрства ганчарнага кола. Разам з Ганнай Ермаловіч, пра якую мы ўжо пісалі, вядуць майстар-класы для дзетак, лепяць разнастайныя гліняныя вырабы, сувеніры, посуд, наогул усё тое, што прыемна і дома на стол паставіць, і не сорамна перад гасцямі паказаць. “Залатыя рукі” дзяўчат цэняцца ўсімі, хто неабыякавы да вырабаў народнай творчасці. Дарэчы, у групе па лепцы з гліны, якую набрала Анастасія, займаецца 27 бярэзінскіх дзетак.

І хоць заняткі лепкай з гліны надоўга запаланілі сэрца дзяўчыны, усё ж большая яго частка застаецца адданай маляванню. Дзеля большага натхнення дома ўключае музыку пад настрой, ад фолка і народных спеваў да танцавальнай і рока, і літаральна стварае шэдэўры. І мабыць хутка наспее час правядзення індывідуальнай выставы. Чаму б і не? Досвед маецца, што Анастасія ўдзельнічала ў некалькіх выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці падчас вучобы.

Аб’ектамі яе мастацкіх пошукаў часам становяцца не толькі элементы прыроды, а старэйшая і малодшая сёстры, і нават кацяня па мянушцы Карамелька. Анастасія малюе акварэллю, гуашшу, тэмперай, акрылам, аднак алейныя фарбы палюбіліся дзяўчыне ўсур’ёз і надоўга. Патрэбныя пэндзлі і фарбы набывае часам на вядомых інтэрнэт-пляцоўках, але часцей за ўсё ў мастацкіх салонах і спецыялізаваных магазінах – месцах, дзе прыхільнікі жывапісу адчуваюць сябе амаль як дома і адпачываюць душой.

– Я вельмі люблю гуляць па мастацкіх магазінах, у іх жа не толькі прадаюцца розныя матэрыялы для творчасці, але ж і выстаўляюцца на продаж гатовыя работы, і там натуральна можна затрымацца на добрыя гадзіны, разглядваючы карціны і розныя вырабы. Фарбы ж набываю не наборамі, бяру толькі тыя, якія хутчэй заканчваюцца.

Гледзячы на работы Анастасіі, можна ўпэўнена сказаць, што часцей за ўсё яна набывае фарбы светлыя, напоўненыя добрымі пачуццямі, якімі атрымліваецца перадаць яскравыя ўражанні. У іх поўна вясны, там іскрыцца лета і жыве сонца. Але на ўсю моц іх чароўны эфект раскрываецца толькі ў руках маладой чараўніцы, гаспадыні фарбаў, здольнай пачуць музыку палітры і перадаць яе алеем на палатне.

  

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Подписка

Видео о районе

Календарь

« Август 2026 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31