Ягор КОНЕЎ. КАЛЯДНАЯ ЗОРКА
Выдавецкі дом “Звязда” радуе сэрцы ўсіх прыхільнікаў айчыннай міфалогіі, паданняў, традыцыйнай культуры і гісторыі. Гэтым разам увазе чытачоў прадстаўлена казачная аповесць вядомага ўніверсітэцкага выкладчыка, сцэнарыста, спецыяліста ў галіне кінамастацтва.
…У пракаветныя часы валадар замагільнага царства Чарнабог захапіў зямлю. Чарамі схаваў ён сонца за непрагляднаю заслонай змроку. Холад і цемра запанавалі паўсюль. Аднак аднойчы яркая зорка ў небе абвясціла пра нараджэнне збаўцы ад улады Чарнабога. На Сарочынскай гары нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Каляда. Чарнабог спрабаваў знішчыць Каляду, аднак немаўлятку ўратавалі мядзведзь Мікола і каза Амалфея. Праз шмат гадоў Каляда выйшаў на бітву з Чарнабогам. І самай дзейснай зброяй у тым змаганні аказалася саламяная зорка – дарунак закаханай у Каляду дзяўчыны Рады.
Кніжка напісана менавіта для дзетак сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Аздоблена шыкоўнымі малюнкамі. І ведаеце што? – Цікава і мне, даросламу.
Лізавета ДВАРЭЦКАЯ. КНЯГІНЯ ВОЛЬГА
Як сказалі пра кнігу спецыялісты, гэта лепшы гістарычны мастацкі цыкл пра часы Старадаўняй Русі. Так ці не, вырашаць чытачам. Аднак заўважу, аўтар рамана не толькі пісьменніца, але яшчэ і гістарычны рэканструктар. Займаецца вывучэннем гісторыі Скандынавіі ІХ-ХІІ стагоддзяў. Праўда, піша не толькі гістарычныя рэчы, але яшчэ і гераічнае фэнтэзі. Дэбютавала ў літаратуры ў 1997 годзе, і з тае пары сабрала добры ўраджай розных літаратурных прэмій.
…Эльга, дачка варажскага ваяводы і пскоўскай княжны, сямігадовай дзяўчынкай была ўцягнута ў барацьбу паміж родамі паўночнай і паўднёвай Русі. Радня хоча выхаваць дзяўчынку па звычаях продкаў, аднак пляменніца Алега Вешчага не з тых, кто ідзе ўслед чужой волі. Эльга імкнецца ў Кіеў, да спадчыны свайго праслаўленага дзядзюхны.
Клайв Стэйплз ЛЬЮІС. ХРЫСЦІЯНСТВА
Незвычайная кніга незвычайнага аўтара, класіка сусветнай літаратуры. Хто чытаў “Хронікі Нарніі”? Ну, калі не чытаў, то хоць чуў назву. Так, вядомы сусветны філосаф, чые кнігі вывучаюцца ў праграмах літаратуры ва ўніверсітэтах, у свой час пісаў казачнае фэнтэзі, сябраваў нават з Дж.Р.Р.Толкіенам, стваральнікам “Сільмарыліёна” і “Уладара пярсцёнкаў”.
Гэтую ж кнігу складана апісаць словамі. Яна не для тых, хто аматар лёгкага чытва. Гэта грунтоўная праца для людзей, якія думаюць, асабліва спадабаецца тым, хто разважае і шукае сэнс жыцця. Зборнік уключае тры класічныя работы па апалагетыцы хрысціянства: “Проста хрысціянства”, “Любоў”, “Пакуты”. Аўтар разглядае прыроду сапраўднай веры, не звязанай з нейкай асобна вызначанай хрысціянскай канфесіяй. Па меркаванні Льюіса сапраўдная вера не мае нічога агульнага з супярэчлівасцю канфесійных поглядаў, і менавіта ў тым і хаваецца сутнасць “проста хрысціянства”.
Першы раз кніга была надрукавана яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя. Зараз перад намі свежае перавыданне. Кнігі К.С.Льюіса карыстаюцца попытам, дзякуючы актуальнасці і неўміручасці разглядаемых тэм.
Аглядаў кніжкі Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.