І кожны раз яны надзвычай уражвалі ўласцівымі асаблівым драйвам, непасрэднасцю, імправізацыяй, пэўным адчуваннем свабоды… Вось і нядаўна, 27 сакавіка, народны ансамбль педагогаў школы мастацтваў “Арт – ньюз”, творчым натхняльнікам якога з’яўляецца Генадзь Дайнека, вярнуўся з фестывалю-конкурсу джазавай і эстраднай музыкі «JAZZ MOLO – 2022» ў Маладзечна з прэстыжным дыпломам І ступені. Ці гэта не нагода пагутарыць з выдатным музыкантам і цікавым чалавекам?
У першы раз
– Мне вельмі прыемна, што наш калектыў педагогаў так шыкоўна дэбютаваў на першым фестывалі – конкурсе джазавай і эстраднай музыкі, мы выступілі не горш за інструментальныя калектывы музычных вучылішчаў. Радуе, што талент нашых педагогаў і мае аўтарскія аранжыроўкі ўразілі членаў паважанага журы, у складзе якога былі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, джазмен Вадзім Чайкоў, дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Міжнародных конкурсаў Дзмітрый Ціхановіч, артыст Дзяржаўнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь Ігар Бранкоўскі, выкладчык кафедры эстраднай музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і дырэктар "Джаз Скул" Кацярына Худзінец.
У джазе не толькі дзяўчаты
– Чым жа вы ўзялі ў палон сэрцы беларускіх джазменаў, калі ў складзе вашага калектыву практычна няма музыкантаў духавых інструментаў?
– Затое ёсць цымбалы, домра, баян, гітара, скрыпка і флейта, а яшчэ вялікі талент і прафесіяналізм нашых выкладчыкаў-музыкантаў, якія здольны выканаць любую імправізацыю. Гавару гэта без перабольшвання, бо заўсёды смела запрашаю сваіх сяброў-музыкантаў на справаздачныя і тэматычныя канцэрты нашай школы мастацтваў. Здольнасцей і жадання паспрабаваць сябе ў нечым новым нашым педагогам хапіла, каб справіцца на "ўра" з трыма рознымі па жанры музычнымі кампазіцыямі. Дарэчы, тон у выкананні джазавай кампазіцыі ў нас задаюць не толькі нашы чароўныя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва Настасся Барысёнак (бас-гітара), Дар’я Варапаева (цымбалы), Алена Дзеляндзік і Настасся Хорза (домра), Алена Пашкевіч (сінтэзатар), Ніна Танавіцкая і Ангеліна Ушывец (скрыпка), Ева Шыбнёва (флейта), але і мужчыны. Гэта Іван Анішчанка на ўдарных інструментах, Мікалай Міхайлоўскі на гітары, Уладзімір Някрасаў на баяне.
33 гады ў падарожжах
– Я нарадзіўся ў Беразіно, затым пераехаў у Мінск. Музыкай захапіўся яшчэ ў 6 гадоў, ужо тады ведаў, што гэта любоў назаўсёды. Таму без асаблівых цяжкасцей паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, куды ў 70-ыя гады конкурс на адно месца складаў дваццаць чалавек. Мне вучыцца падабалася, ды і экзамен па спецыяльнасці я вытрымаў на "выдатна". Пэўны час працаваў дырыжорам ў аркестры Мінскага дзяржаўнага цырка. Але потым усё гэта мне надакучыла і я адправіўся працаваць у Чарнаморскае параходства. Там я адпрацаваў 33 гады, за гэты час не адзін раз аб’ехаў увесь свет, пабываў ў самых розных краінах і на ўсіх кантынентах. Такія падарожжы добра ўспамінаюцца на роўных з выступленнямі перад самай рознай аўдыторыяй. Дарэчы, большасць з іх нязменна складаў джазавы рэпертуар.
Ад "Танца с саблями" да "Полюшко-поле"
– Якія кампазіцыі Вы выбралі для выступлення на конкурсе? Ці цяжка было працаваць над аранжыроўкамі?
– Падкрэслю, што іх было тры і ўсе яны даволі папулярныя ў музычным асяроддзі – Леў Кніпер "Полюшко-поле", Глен Мілер "Маленький бронзовый кувшинчик" і вядомы практычна ўсім "Танец с саблями" Арама Хачатурана. Таму мне хацелася падарыць слухачу новыя, больш глыбокія, уражанні, прымусіць яго спыніцца і падумаць, зазірнуць унутр сябе. У мяне і нашага калектыву гэта атрымалася, а ўжо як да мяне прыйшла арыгінальная ідэя, зусім няважна.
Ах, гэты джаз!
– Дык што ж такое джаз? Ці стане ён знакам нашай музычнай установы?
– Адказаць на ваша пытанне няпроста, бо джаз – сур’ёзная музыка, якая не пераносіць дылетанцтва і патрабуе падрыхтаваных слухачоў і музыкантаў. Нездарма ж у першым фе-стывалі джазавай і эстраднай музыкі ўдзел прымалі ўсяго 8 творчых калектываў. Мяркую, што наш калектыў і надалей працягне працаваць у новым напрамку. Сёння я бачу пэўны інтарэс дзяцей да гэтай музыкі. Аднак яго яўна пакуль мала, каб хтосьці з іх стаў джазменам у поўным сэнсе гэтага слова. Трэба прайсці няпросты і складаны шлях, каб асвоіць мову джаза і падысці да імправізацыі, перадачы сэнсаў і ідэй, адчуць рэальную свабоду і драйв ад свайго адкрыцця.
Калектыў народнага ансамбля "Арт-ньюс"
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.