Льецца песня на прасторы

Date 12.08.2022 Man
Comment 392
Льецца песня на прасторы

Ледзь толькі ўзышло сонейка, яны ўжо збіраюцца ў дарогу – у самым разгары жніўны тур аўтаклуба Бярэзінскага РЦК “Шумяць палі, спявае душа” у рамках праекта “Зямля бацькоў – мая зямля”.

Калі на рахунку не тое што кожны каласок, кожнае зярнятка, работа ўсіх і кожнага на вагу золата. Але ж якая вага без настрою, без слоў падзякі за працу. Усе гэта дорыць аўтаклуб удзельнікам жніва ў падзяку за вернасць зямлі, адначасова ўносячы, няхай і ўскосны, уклад у агульны каравай.

Бо каравай гэты будзе напоўнены энергетыкай добрага настрою, энергетыкай песні і пазітыву.

Мехдвары, палі і зернятокі сельгасарганізацый раёна – туды пралягаюць асноўныя маршруты жніўных гастроляў клуба на колах. Разам з песнямі ён вязе настрой на рабочы дзень, а магчыма і не адзін. Бо для кожнага чалавека знаходзяцца цёплыя словы, кожнаму прысвячаюцца меладычныя або задорныя, вясёлыя або лірычныя песні. А з адчуваннем увагі і з песняй у сэрцы заўсёды працуецца лягчэй. Нездарма кажуць: дзе хлеб, там і песня.

- Мы і самі адчуваем задавальненне, калі прыносім радасць людзям, - гаворыць загадчыца аўтаклуба Л. Д. Пінчук.

А таму самі сабой знаходзяцца словы падзякі, цёплыя пажаданні, як ад вядучай выязных канцэртаў. Нярэдка да калектыву аўтаклуба далучаюцца іншыя творчыя калектывы раённага цэнтра культуры. Напачатку гэтай уборачнай кампаніі выязджалі разам з сямейным ансамблем Палянскіх, з артыстамі Любушанскага СДК, народнага ансамбля песні “Лявоніха”.

Ды што там работнікі культуры! Нават дзяцей прыцягвае магчымасць падарыць сваю песню землякам. Не лянуецца прачынацца ні свет ні зара сямікласнік СШ №2 г. Беразіно Андрэй Федарынчык. Наадварот, за гонар лічыць выехаць разам з аўтаклубам да хлебаробаў, бо і яго тата – камбайнер.

Прымала ўдзел у выязных канцэртах яшчэ адна школьніца – Аліса Смелякова.

Льецца песня на прасторы. Песні аўтаклуба заўсёды льюцца па прасторы, бо яго сцэна на вясковай вуліцы і на тэрыторыі прадпрыемства, у двары ветэрана і ў цэнтры кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў… Колькі аддаленых вёсачак праехалі, колькі радасці, добрай, светлай надзеі падарылі. Дарэчы, вакальная група аўтаклуба так і называецца – “Радасць”.

Ды самі ў адказ атрымалі нямала станоўчага. Прыемна, калі ў гледачоў канцэрта, арганізаванага прама на вуліцы, ногі самі просяцца ў скокі. А пасля яго бабуля спяшаецца ў свой палісаднік за кветкамі для артыстаў.

Сапраўдным святам для жыхароў многіх населеных пунктаў і іх ураджэнцаў становяцца святы вёсак. Тут ужо далучаюцца мясцовыя сельгасарганізацыі і мясцовая ўлада. Паказальным у гэтым плане стала летась свята адразу васьмі навакольных вёсак, якое прайшло ў Лагах.

Самі за сябе гавораць праекты і акцыі “След на зямлі”, “Кропелька дабрыні”, “Чалавеку патрэбен чалавек”, “Сіла адзінства”…

– Кожны выезд, кожны канцэрт для мяне, – гаворыць загадчыца аўтаклуба Л.Д. Пінчук, - гэта работа і свята адначасова. У невялікіх аддаленых вёсачках, куды мы нярэдка адпраўляемся, пражываюць у асноўным пажылыя людзі, якія перажылі нямала цяжкасцей і нягод. Таму так хочацца падарыць ім прыемныя хвіліны, сказаць шчырыя словы.

І такія шчырыя, цёплыя словы знаходзяцца для кожнага ў любым месцы “дыслакацыі” аўтаклуба. Каштоўныя і выказванні, пажаданні саміх людзей, нават створаны спецыяльны праект “Гаварыце!”, калі кожны можа падзяліцца сваімі праблемамі і перажываннямі. Асаблівым наказам малодшым пакаленням стаў відэазапіс пажаданняў ад ветэранаў і ўдзельнікаў вайны.

Яшчэ ў студэнцкія гады Любоў Дзмітрыеўна Пінчук падчас першамайскіх дэманстрацый дэкламавала вершы з трыбуны.

– Я і сёння люблю чытаць вершы, – гаворыць загадчыца аўтаклуба і вядучая кожнага выязнога канцэрта. – Асабліва падабаюцца беларускія паэты, у іх творах адданасць сваёй зямлі, ды і само жыццё. Сапраўды, Бог даў нам гэту зямлю і мы павінны берагчы яе. Бе-рагчы і рабіць усё магчымае кожнаму на сваім месцы і сваімі здольнасцямі, памятаць і шанаваць гісторыю, прывіваць любоў да Радзімы дзецям і ўнукам, жыць у згодзе з суседзямі, у згодзе з сабой. Гэтым прасякнуты кожны выезд аўтаклуба,дзеля гэтага арганізаваны віктарыны для дзяцей. Своеасаблівым брэндам стала выстава “Ваенны хлеб”, якую Л.Д. Пінчук прадстаўляла не толькі на раённых мерапрыемствах, але і на Кургане Славы, паказваючы і расказваючы пра значнасць скарынкі хлеба. Сама збірае ўсё тое, з чаго выпякаўся той горкі хлеб вайны.

Сёння на нашых сталах  іншы хлеб, булкі ды здоба, якія дэманструюць дабрабыт. І хлеб у пэўнай ступені стаў сімвалам згоды і міру. Для нас, беларусаў.

Льецца спелае золата палёў… Льецца песня ад аўтаклуба для тых, хто яго здабывае… Гэта патрэбна не толькі ўбачыць, але і адчуць. 

Ала АЛЬФЕР.
Фота аўтара.

 

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER