Як Капыль сустрэў “Вытокі”

Date 27.08.2022 Man
Comment 872
Як Капыль сустрэў “Вытокі”

Маляўнічым відарысам Капыля проста наканавана звыш быць месцам правядзення разнастайных фестываляў, абласных і рэспубліканскіх свят.

Помняцца леташнія абласныя Дажынкі і Дзень пісьменства, якія сабралі гасцей з усёй рэспублікі.

26-27 жніўня тут адбылася падзея не меншая размаху і глабальнасці – завяршэнне культурна-спартыўнага фестывалю “Вытокі. Крок да Алімпу”, які пачаўся ў Рэчыцы, потым наведаў Столін, Навагрудак, Горкі і Полацк і прыцягнуў увагу шматлікіх беларусаў.

Прэс-тур

У першы дзень свята для рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ быў агранізаваны прэс-тур па Капыльшчыне.

Асабіста нам спадабалася Капыльшчына сваёй гасціннасцю і ўнікальнасцю. Ускладанне кветак да помніка загінуўшым воінам (гэта асабліва важна, што мы памятаем і ганарымся нашымі героямі), алея пісьменнікаў (цікава прыдумана, што школьнікі чыталі вершы пісьменнікаў) , "мядовая заімка" – усё прадумана… Мы ўжо не першы раз былі ў Капылі, але такія ўнікальныя аб'екты наведалі ўпершыню! Асабліва ўразіў сваёй унікальнасцю музей Кузьмы Чорнага.

Адкрыццё фестывалю

У суботу, на афіцыйным адкрыцці мерапрыемства прысутнічалі губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын і Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка.

– Капыль – гэта слаўны горад, радзіма многіх славутых людзей. Гэта і Героі Савецкага Саюза, Героі Сацыялістычнай Працы, пісьменнікі, спартсмены. Таму невыпадкова мы выбралі Капыль для завяршэння праграмы фестывалю. Нашы мерапрыемствы праходзілі з вялікім поспехам у розных раёнах і з вялікай карысцю, – зазначыў у прамове Віктар Лукашэнка.

Хоць Капыль невялікі горад, але тут актыўна развіваюцца розныя віды спорту. Знакавай падзеяй фестывалю стала адкрыццё біятлоннай трасы, на якой ужо зімой пачнецца правядзенне спаборніцтваў па лыжах і біятлоне.

Галоўныя – дзеці

Здаецца, галоўнымі гасцямі фестывалю былі дзеці. Для іх тут арганізатары прадугледзелі ўсё: спартыўныя забаўляльныя пляцоўкі, атракцыёны, гульні і безліч іншага. Кожны пункт праграмы варты асобнага разгляду, але спорт быў на першым месцы.

Дзеткам прапаноўвалася паспрабаваць сябе ў 15 відах спорту, што фіксавалася ў спецыяльнай картцы. Калі картка запаўнялася адметкамі-фіксацыямі, удзельнікаў чакаў каштоўны прыз. На пляцоўках можна было паспрабаваць сябе ў баскетболе, хакеі, футболе, боксе, тэнісе, каратэ, паўэрліфтынгу, плаванні, стральбе і нават у пінг-понгу.

Даволі творча праявілі сябе прадстаўнікі раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях Міншчыны. На іх пляцоўках былі і сілавыя практыкаванні для розных узроставых катэгорый юнакоў і дзяўчат (напрыклад, пераварочванне аўташын і выпрабаванне на сілавую вытрымлівасць), і фотазоны з тэхнікай, і даволі забаўныя атракцыёны.

Аднак усе наведвальнікі і ўдзельнікі вытокаў адзначылі прыгожае і патрыятычнае прадстаўленне парашутыстаў Міністэрства надзвычайных сітуацый, якія пранеслі высока ў небе Дзяржаўны сцяг Беларусі.

Не менш захапляльным відовішчам былі выступленні аматараў аўтаспорту. Напрыклад, школа дрыфта JP Day дэманстравала дрыфт на аўтамабілі “BMW” і экстрэмальнае ваджэнне горных матацыклаў.

А клуб аматараў гонак па бездарожжы, вядомыя бярэзінцам “джыперы” стваралі шоу ўжо адным выглядам аўтамабіляў. Дарэчы, “джыперы” прапаноўвалі паспрабаваць сябе ў забаве, хто дужэйшы: рухавік ці людзі? Думаю, тлумачыць не варта, нездарма ў характарыстыках аўто пішуць колькасць конскіх сіл рухавіка.

На сцэне ж на гарадской плошчы адбываўся батл па брэйк-дансу паміж дзецьмі розных узростаў. У сваёй сутнасці гэта спартыўны танец, нарадзіўся яшчэ ў мінулым стагоддзі. Говораць, калі дарослыя захапляюцца брэйк-дансам, у іх не бывае адкладання солі і шматлікіх хвароб. Паверце, тут паглядзець было на што.

Дарослым жа ў той час было цікава пазнаёміцца з выставамі дызайнерскага адзення. Беллегпрам прадстаўлялі вядомыя айчынныя брэнды, у ліку якіх Аршанскі льнокамбінат, Alesya, Купалінка і іншыя. У асобным сектары можна было паласавацца смачным шашлыком і прадукцыяй вытворцаў харчовай прамысловасці.

Бярэзінцы – на фестывалі

У горадзе майстроў гасцей сустракалі тэматычныя падворкі ўстаноў культуры Міншчыны.

Удзельнікі клуба майстроў Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў раскрывалі таямніцы майстэрства ўсім жадаючым і праводзілі майстар-класы. Нязменны ўдзельнік разнастайных фестываляў Яўген Восіпаў выразаў драўляныя лыжкі.

Жанна Уэльская вязала дарожку, а Аксана Цісецкая вязала пояс.

Дыплом – у Аляксандры Грынкевіч!

На пачатку вечара на сцэне на гарадской плошчы ў рамках праекта “Роднае-моднае” адбылася прэзентацыя калекцый адзення беларускіх дызайнераў, прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў.

Праект накіраваны на развіццё беларускай моды, культуры, традыцыі і папулярызацыі прадукцыі беллегпрама ў фармаце шоу. Дзяўчаты-мадэлі ўражвалі не толькі прыгажосцю і артыстычнасцю, але і бэкграўндам: сярод іх былі і журналісты рэспубліканскіх СМІ, і выпускніцы Нацыянальнай школы прыгажосці.

На фестывалі прыгажуні паказвалі дызайнерскае адзенне беларускіх мадэльераў, у тым ліку і калекцыю “Пава” мадэльера з Бярэзіншчыны, кіраўніка тэатра-дэфіле “Відана” Лешніцкага СДК Аляксандры Грынкевіч, якая была адзначана дыпломам фестывалю.

– Для мяне гэта пэўная шокавая падзея, – з усмешкай прызнаецца Аляксандра Анатольеўна. – Але вельмі прыемная. Было боязна, што для сталічных мадэляў мае касцюмы не падыдуць па росце, але ўсё атрымалася!

– Як доўга стваралася гэтая калекцыя?

– Летась спецыяльна для жанчын на 8 Сакавіка і спачатку называлася “Вясенні букет”. Наогул жа пад назвай “Пава” аб’ядналася некалькі калекцый.

– Што для Вас мадэльерская справа: справа жыцця, захапленне, у якія ўкладаеце душу?

– Менавіта усё адразу, аддаю гэтаму захапленню амаль увесь вольны час, сілы, творчую энергію. Для мяне гэта мастацтва.

– Што адчуваеце пасля атрымання дыплома?

– Прыемны настрой, творчае задавальненне, эстэтычную асалоду – усё адразу і шмат!

Дарэчы, Аляксандра Анатольеўна па адукацыі інжынер-канструктар, закончыла Тульскі політэхнічны інстытут. Захапленне творчасцю пачалося з самага дзяцінства. Бабуля навучыла вязаць пруткамі, мама – вязаць кручком. У школьныя часы і ў студэнцтве шмат малявала. Пэўны перыяд выкладала ў Лешніцкай школе чарчэнне і маляванне, потым была дырэктарам Лешніцкага СДК. Восем гадоў назад дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Відана” пад кіраўніцтвам Аляксандры Грынкевіч атрымала званне “ўзорнага”.

Віншуем Аляксандру Анатольеўну з узнагародай і жадаем далейшых плённых творчых знаходак!

Закончыўся фестываль забаўляльна-канцэртнай праграмай з удзелам папулярных беларускіх выканаўцаў і святочным феерверкам.


Начальнік цэнтра фізкультурна-аздараўленчай, турыстычнай і спартыўнай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Сяргей САСКАВЕЦ:

– Настрой цудоўны, мерапрыемства выдатнае, да спорту стаўлюся пазітыўна. Спорт – гэта тое, што яднае народы, людзей, загартоўвае чалавека. Сённяшняе мерапрыемства стварае добры пазітыўны настрой, гэта вялікі плюс для ўсіх людзей.

 

Старшыня Капыльскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Аляксандр КАСІНСКІ:

– Свята гэта заўсёды свята. Прыемна, што на Капыльшчыне сёлета праводзяцца “Вытокі”. Варта ўспомніць, што сярэбраны прызёр алімпійскіх гульняў у Пекіне наш зямляк Антон Смольскі – ўраджэнец Капыльшчыны. Сёння мы адкрылі біятлонную трасу, тут сабралася ўся рэспубліка! Гэта вельмі прыемна!

 

Кіраўнік тэатра-дэфіле “Відана” Лешніцкага СДК, мадэльер Аляксандра ГРЫНКЕВІЧ:

– Ужо ў другі раз у Капылі дэманструюцца мае самыя прыгожыя калекцыі адзення. Першы быў летась на абласных Дажынках. Сёння вельмі прыгожа, сонечна, святочна. Настрой цудоўны!

 

Прадстаўнік беларускай аўтамабільнай федэрацыі Уладзімір КНІГА з жонкай Вольгай:

– Мабыць не прайшло і месяца пасля шоу “джыпераў” у Беразіно, як мы ўжо ў Капылі. Дзякуем за гасціннасць і бярэзінцаў, і капылян. Фестываль “Вытокі” праведзены на выдатным уз-роўні. Нам вельмі падабаецца. Вакол нас сёння шмат дзетак, ім цікавы джыпы і наш клуб. Так што, хто прыехаў сёння на свята, той не пашкадаваў!

 

Падрыхтавалі Юлія БУКЕЛЬ і Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER