– Бабуля! – закрычаў Міша, – што гэта можа быць?
Бабуля і Маша пачалі ўзірацца ў зямлю…
У глыбіні густой травы малюсенькая крынічка тонкім струменьчыкам выбівалася з-пад зямлі.
– Вось дзіва! Гэта крынічка! – усклікнула бабуля. Яна падышла да крыніцы і напоўніла свае далоні крыштальнай вадой. – Ах, як смачна! – сказала бабуля. – Ты, Мішанька, адкрыў сапраўдны лясны цуд!
– І праўда, цуд! – смяяліся дзеці і раз-пораз напоўнялі далонькі свежай вадой.
Напіўшыся ўдосталь, усе разам адправіліся да падножжа ўзгорка і неўзабаве апынуліся недалёка ад балота.
– Ой, бабуля! Тут зямля, як цеста, няма апоры для ног! – здзіўлена і спалохана прашаптала Маша. Яе боцік ўграз у глебе, нагу стала засмоктваць дрыгва.
– Не варушыся! – закрычаў Міша. – Замры! Не рабі рэзкіх рухаў!
Хлопчык заўважыў на зямлi доўгую палку, падняў яе і працягнуў Машы. Разам з бабуляй ён дапамог дзяўчынцы вызваліцца з балота. Атрымалася, сапраўды, як у казцы «Рэпка»: бабуля цягнула Мішу, а Міша цягнуў Машу.
– Вось табе і вада, – павучальна сказала бабуля. – Там – крыніца, а тут – бяда…
Макарый КУРЫЛА,
вучань ДУА “Бярэзінская гімназія”.