Абпаленае дзяцінства, альбо Тыповая гісторыя сям’і, якая перажыла вайну

Date 09.12.2022 Man
Comment 645
Абпаленае дзяцінства, альбо Тыповая гісторыя сям’і, якая перажыла вайну

Памяць трымаецца за мінулае, за перажытае, час ад часу прымушаючы перагортваць старонкі жыцця, самыя чорныя і трагічныя з якіх выпалі на ваеннае ліхалецце. Біяграфія мая, маіх братоў і сясцёр, нашых сяброў – даволі тыповая для пакалення, якое нарадзілася перад вайной, таму, як мне падаецца, можа быць цікавай і пазнавальнай.

Мы не былі героямі, ніякіх гучных подзвігаў не здзейснілі і на фронт не трапілі (занадта малы для гэтага ўзрост), але ж перажылі акупацыю, перанеслі жах, голад, холад, боль і страты. І выжылі. Нягледзячы на цяжкія выпрабаванні.

Пра некаторыя падзеі на Бярэзіншчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны на прыкладзе адной з сем’яў – у гэтых нататках.

 

Мне хацелася на вайну

Вайна застала нашу сям’ю ў вёсцы Жарамец, куды бацьку, Несцяровіча Антона Юр’евіча, накіравалі працаваць аб’ездчыкам у 1939-м годзе. Жылі мы ў службовай хаце-леснічоўцы: тата, мама і восем дзяцей. Недзе на трэці дзень вайны ў Жарамцы з’явіліся людзі, што вырваліся з Мінска: сталіцу з 22 чэрвеня 1941-га года бамбілі нямецкія самалёты. Бежанцы, у асноўным гэта былі жанчыны з дзецьмі, знайшлі кароткі прытулак, а потым пацягнуліся далей, на ўсход.

А пасля па дарозе, якая ішла паралельна Магілёўскай шашы, пацягнуліся адступаючыя пехацінцы. Стомленыя, панурыя, многія параненыя. Раз-пораз хтосьці з іх заходзіў у нашу хату і прасіў толькі адно: “Дайце папіць”. Мы выносілі вёдры, і чырвонаармейцы прагна пілі сцюдзёную ваду перасохшымі ад смагі губамі. Насілі мы ваду і на дарогу.

Памятаю, мне так спадабалася вайсковая форма, што я захацеў адразу ж стаць чырвонаармейцам. Ужо я і так прасіўся, і гэтак у салдат, каб узялі з сабой, нават плакаць пачаў. Адзін з чырвонаармейцаў быццам злітаваўся: сказаў, каб я хутчэй прынёс халоднай вады, і тады ён забярэ мяне ў войска. Я так бег, я так спяшаўся! Але ніхто мяне не чакаў... Якімі ж горкімі слязамі я тады абліваўся! Гэта было так крыўдна, што мяне, чатырохгадовага хлапчука, не ўзялі ваяваць.

 

Бацька не ўратаваўся

Нашы адступілі – прыйшлі захопнікі. Мы, як і многія беларусы, папалі пад акупацыю і “новы парадак”. У Жарамцы немцы спачатку не стаялі, але ў вёску наведваліся. Ужо ў жніўні 1941-га яны ўварваліся ў нашу хату разам са старастам, якога прызначылі новыя “гаспадары”. Пачаўся вобыск. Немцы ўзрывалі падлогу, паролі штыкамі падушкі і матрацы, лазілі на гарышча і ўвесь час крычалі: “Камуністышэн папер!”.

Як мы потом сцямілі, яны шукалі бацькаву партыйную дакументацыю (перад вайной тата быў сакратаром партарганізацыі сельсавета). Усё дарэмна: частку дакументаў ён напярэдадні спаліў у грубцы, астатнюю, паклаўшы ў драўляную скрыню, закапаў на беразе ра-чулкі.

Тым не менш, немцы бацьку схапілі і павялі ў суседнюю вёску Лагі. Маці галасіла, абліваючыся горкімі слязамі – усё дарэмна. Выручыць узяўся сусед, дзядзька Фёдар. Пад самы вечар, калі ўжо пачынала гаснуць надзея, раптоўна вярнуліся абодва.

Суседу нейкім дзіўным чынам (можа таму, што ён крыху размаўляў па-нямецку) удалося пераканаць захопнікаў, што бацька наш ніякай пагрозы не ўяўляе, яму трэба неяк карміць вялікую сям’ю. Я так разумею, у самым пачатку вайны немцы адчувалі сябе пераможцамі, ды і партызаны яшчэ не паспелі наладзіць барацьбу з катамі. Ужо праз год фашысты пераўтварыліся ў сапраўдных карнікаў.

Невядома, як склаўся б ваенны лёс для нашага бацькі, калі б зімой 1942-га года з ім не здарылася няшчасце. Па сваёй волі ён узяўся вартаваць свіран з вясковым зернем. Людзі калектыўна сабралі збожжа, змалацілі яго, трэба было гэта добро захаваць. І вось аднойчы, калі бацька ўжо вяртаўся дадому, на яго знянацку кінуўся сабака, які паспеў укусіць бацьку за твар. Тата не разгубіўся: схапіў звар’яцелага за горла і задушыў яго. Так і прывёз на санках сабаку ў леснічоўку. Але ж сам занядужаў. Прыйшлося ехаць ў райцэнтр, дзе ён дабіўся, каб паклалі ў бальніцу. З лекамі было вельмі дрэнна, і бацька неўзабаве памёр ад шаленства.

 

Нас збіраліся расстраляць

Мы асірацелі. Як выжываць? Нейкія мінімальныя прыпасы былі, але ці надоўга іх хопіць, калі ў мамы нас ажно восем ратоў? А тут яшчэ і штодзённая небяспека для жыцця. Аднойчы немцы, якія прыехалі з Беразіно, разбурылі нашу пуню: ім трэба было адрамантаваць мост праз рачулку Жорнаўка. А вось наступным разам іх налёт ледзь не скончыўся трагедыяй.

Як памятаю, гэта быў ціхі летні адвячорак, зямлю ўжо агортваў змрок. Спаць нікому не хацелася. Хтосці сеў на ганку, хтосці на траву, гамонім, спрачаемся – адным словам, дзеці. Раптоўна ля гаспадарчай будыніны, што за метраў трыста-чатырыста ад нас, мільганулі нейкія цені: па дарозе ад вёскі да нас набліжаліся два нямецкія салдаты з аўтаматамі. Крадучыся, яны дабраліся да хаты, асцярожна яе абышлі, узняліся на ганак. Пальцы ўвесь час трымалі на спускавых курках аўтаматаў.

“Партызанен?” Маці аж збялела ад страху: “Нікс партызан!” Немцы павольна адчынілі дзверы, зайшлі ў хату, аглядзеліся. Нікога не знайшлі. А тут і наша суседка падаспела: прынесла збан малака, ладны акраец хлеба – прапанавала салдатам падсілкавацца. Яны не адмовіліся. Пад’еўшы, вярнуліся ў вёску.

Наступным днём мы даведаліся падрабязнасці таго візіту. Аказваецца, напярэдадні немцы прыехалі ў Жарамец, таму што нехта расказаў ім, што ў вёсцы ёсць партызаны. Там фашысты нікога не знайшлі, але можа хто ім падказаў, а можа самі западозрылі, што партызаны маглі накіравацца ў леснічоўку. Як высветлілася пазней, карнікі ўжо наставілі кулямёты на нашу хату і гатовы былі страляць, тым больш, што ў двары была нейкая мітусня.

Выратавалі гаспадары хаты, каля якой фашысты заляглі. Вяскоўцы пачалі ўпрошваць не адкрываць агонь, таму што ў леснічоўцы партызан няма, адны толькі дзеці са сваёй матуляй. Вось і вызваліся два салдаты праверыць...

А партызаны, шчыра кажучы, некалькі разоў да маці прыходзілі. Яны дапытваліся, дзе наш бацька, які па службе напачатку вайны хадзіў па лесе, хаваў зброю. Маці дапамагчы не магла: пра схованкі нічога не ведала.

 

Хаваліся ў лесе

Гісторыя з нямецкай аблавай скончылася тым, што нашай сям’і загадана было пакінуць леснічоўку і перабрацца ў вёску. Але ж і там было небяспечна: немцы рабілі налёты-аблавы, хапалі моладзь для адпраўкі на работу ў Германію. Падчас адной з такіх аблаў яны схапілі нашу старэйшую сястру Лёню...

У самы трывожны час, калі па навакольных вёсках лютавалі карнікі, маці вырашыла пасяліць некаторых з нас у сваіх бацькоў, што жылі ў Беразіно. Адвезла туды самых малых: мяне, сястру Раю і брата Віктара. А там і без нас ужо чацвёра дзяцей было. Але неяк мясціліся ў цеснай хаце. Зрэдку наведвалася маці, прыносіла такія-сякія харчы, расказвала трывожныя навіны. Неяк у пачатку зімы 1942-га года яна расказала жахлівую гісторыю: фашысты спалілі суседнюю вёску Баравіно, загінула больш за 200 чалавек – у асноўным жанчыны і дзеці...

 

“Нашы вярнуліся!”

Восенню 1943-га ў Жарамцы размясціўся нямецкі гарнізон, прыкладна рота салдат і афіцэраў. Аднойчы карнікі паехалі на аперацыю супраць партызан у напрамку Барысава. Дні праз два-тры яны вярнуліся добра пабітыя. Прывезлі некалькі трупаў, адна з бранявых машын была з адбітай гарматай. Мы патаемна радаваліся такім абставінам.

У чэрвені 1944-га стала бачна, што немцы сталі злосныя і панылыя. Потым праз вёску на захад пачалі рухацца адступаючыя гітлераўцы.

Стала ясна: заставацца ў хатах небяспечна, трэба падавацца ў лес – не сёння, дык заўтра наша вёска можа апынуцца ў зоне баявых дзеянняў. Вяскоўцы, як мага непрыкметней пацягнуліся ў выратавальны гушчар, дзе загадзя былі пабудаваны зямлянкі для людзей і хатніх жывёлін. Дзеці ладзілі сабе шалашы. Кастры палілі толькі днём, гарачай ежы амаль не ўжывалі. Мы трымаліся дзякуючы чарніцам, сухарам і малаку ад цудам уратаванай каровы.

Больш смелыя выбіраліся ў вёску, каб забраць тое-сёе з прадуктаў, ці рэчаў, а заадно разведаць абстаноўку. І вось аднойчы яны прынеслі доўгачаканую навіну: “Нашы ў вёсцы!” Увесь лагер усхапіўся, людзі ўмомант зняліся з месца і падаліся дадому. Мы амаль што не ляцелі на крылах! Мама ўсю дарогу плакала ад жалю, што гэтага дня не дачакалася старэйшая дачка, якая была недзе ў Германіі і, наогул, ці жывая яна?

 

Рэха вайны

І яшчэ раз пра небяспечныя “цацкі”, якія валяліся паўсюль: патроны, гранаты, снарады, міны. Хлапчукоў такое заўсёды вабіць. Матуля ўвесь час трэслася, каб мы, яе неслухі, засталіся жывымі. А мы тым часам вучыліся спрытна разбіраць артылерыйскія снарады. Дастаеш адтуль порах і ідзеш рыбу глушыць: есці ж нешта трэба.

Аднойчы двое братоў-падлеткаў паклікалі майго брата Віктара пайсці з імі ў лес, каб разабраць снарад, які яны знайшлі напярэдадні. У апошні момант высветлілася, што чаравікі, якія ў нас былі адны на ўсіх, абула сястра Рая і некуды сышла. Віця раззлаваўся, слаў праклёны сястры, але ж у лес было ісці немагчыма.

Пазней стала вядома, што той снарад узарваўся. Рэшткі хлопцаў раскідала па дрэвах...

Мы ўсё яшчэ заставаліся заложнікамі вайны, яна нас увесь час даганяла, але мы пра гэта нават не думалі, пакуль гора не прыйшло і ў нашу сям’ю.

Мы якраз канчалі палуднаваць, як у хату завіталі два суседскія хлопцы. Яны паклікалі старэйшага брата Паўла рыбу глушыць.

Усё адбылося на крутым беразе рэчкі. Тыя хлопцы адышлі ўбок, а Павел застаўся адзін з толавай шашкай у руцэ. Яна ўзарвалася. Хлопцы кінуліся наўцёкі.

З хаты выбегла Рая, з вёскі прыбег ляснік Захар, які аказаў Паўлу першую дапамогу. Правую руку брату ампутавалі потым амаль па локаць, на левай засталося два пальцы. Павел быў у адчаі, лічыў сябе страчаным чалавекам, ні на што не годным. Але ж знайшоў сілы і ўвосень пайшоў у школу, з неймавернымі цяжкасцямі навучыўся пісаць двума пальцамі. Потым скончыў завочна педінстытут, доўгі час працаваў карэспандэндам у Бярэзінскай раённай газеце, выгадаваў чатырох дзяцей.

Недзе ў верасні 1945-га года з нямецкага палону вярнулася наша старэйшая сястра Лёня. Было яшчэ вельмі цяжка, нават часам невыносна ад разрухі і голоду, але ж мы ўсе, акрамя бацькі, выжылі ў той жудаснай вайне. Гэта было шчасце!

Яўген НЕСЦЯРОВІЧ,
г. Чэрвень.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Выпрабаванне вайной «Эстафета тепла» в Лешнице »