Падарункі і дапамога ад “Карытас”

Date 29.12.2022 Man
Comment 724
Падарункі і дапамога ад “Карытас”

Сёння Дзед Мароз са Снягуркай завіталі ў Бярэзінскі ТЦСАН, каб перадаць ад дабрачыннай арганізацыі Міска-Магілёўскай архіепархіі “Карытас” падарункі людзям, якім патрэбна не толькі маральная падтрымка, але і больш важкая дапамога.

 - “Карытас” гэта рэлігійная каталіцкая дабрачынная місія Мінска-Магілёўскай архіепархіі, - расказвае прадстаўнік місіі, менеджер праекта “Сацыяльны пункт у Рэспубліцы Беларусь” Людміла Гур. – У сувязі з тым, што ў Крупках 1 снежня адкрыўся сацыяльны пункт, мы цяпер маем магчымасць аказваць дапамогу жыхарам Бярэзінскага, Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў. І хоць раней мы ўжо аказвалі дапамогу Бярэзінскаму ТЦСАН, але ў сувязі з адкрыццём пункта ў Крупках, з’явілася магчымасць аказваць дапамогу ў больш шырэйшым варыянце. І сёння ў падобным фармаце гэта наш першы візіт у Бярэзінскі ТЦСАН для таго, каб аказаць дапамогу сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці і маладым людзям з названай катэгорыі. Дарэчы, мы ўжо аказалі дапамогу 15 чалавекам, якія з’яўляюцца членамі Бярэзінскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” на чале са старшынёй Васілём Шалупенка.

Для інфармацыі. “Карытас” мае даўнюю гісторыю. Гэтая дабрачынная місія вядомая не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Мэта арганізацыі – практычная рэалізацыя хрысціянамі-католікамі сацыяльнага служэння, гуманітарнай дапамогі і чалавечага развіцця. Сёння ў Беларусі “Карытас” – гэта дзіцячы дабрачынны сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр Святога Лукі ў Ляскоўцы, дзе дзеці праходзяць рэабілітацыю пасля анкалагічных захворванняў, і праект “Табіта”, у якім сацыяльныя работнікі аказваюць дапамогу па доглядзе за цяжка хворымі людзьмі, якія знаходзяцца ў цяжкай жыцёвай сітуацыі, і шмат іншых праектаў.

Па словах Людмілы Гур прыязджаць у Беразіно з гуманітарнай дапамогай “Карытас” плануе і надалей. Сёння ж навагоднія падарункі і дапамогу атрымалі 90 сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, і 50 дарослых людзей узростам ад 18 і старэй з той жа катэгорыі.

- Настрой перад святамі цудоўны, пражылі год і дзякуй Богу! Радуюць і падарункі, і ўвага з боку дабрачыннай арганізацыі і Бярэзінскага ТЦСАН, - гаворыць Алена Чобатава.

- Наогул перад святамі настрой цудоўны, усё ж Новы год, падарункі радуюць, здаецца, усіх, нас таксама, - зазначыла Кацярына Шпак. – Хочацца пажадаць гэтым добрым людзям міру і шчасця.

Пасля мерапрыемства Людміла Гур і прадстаўнікі Бярэзінскага ТЦСАН наведаліся ў сям’ю Івана і Валерыі Груздоў, якім таксама прывезлі дапамогу, падарункі і часцінку любові, клопату і цяпла, так неабходных многім людзям.

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER