Навагодняя казка

Date 31.12.2022 Man
Comment 638
Навагодняя казка

Жыў-быў хлопчык Васілька, і быў у яго сябар – сабачка Тузік. Аднойчы Тузік і гаворыць хлопчыку:

- А давай, Васілька, пагуляем на вуліцы, Новы год на подступах, мо ў гурбах снежных пакуляемся-паваляемся, снежкі пакідаем, снежную бабу злепім.

Так-так, Васілька разумеў мову жывёл і птушак, была за ім такая ўласцівасць – разумець і перакладаць пачутае на мову людзей.

Аднойчы Тузік аббрахаў нейкага недарэку, які літаральна поўзківаўся дадому з шынка на вачах ў дваровай дзятвы. І Васілька дакладна пераклаў маме ўсё, што гаварыў з той нагоды сабака. Аднак мама не паверыла і папярэдзіла, што брыдкасловіць дзецям нельга, гэта прыкмета дурнога выхавання, і варта накруціць хлопчыку вушы. Васілька быў паслухмяным, адразу папрасіў прабачэння ў мамы, і бяда прамінула.

Наконт разумення хлопчыкам мовы жывёл – справа зусім няпростая. Напрыклад, вось вы самі падумайце, пра што могуць расказаць жывёлы? Што скажа людзям той самы выкінуты на халодную вуліцу з цёплага жытла кацейка або сабака, у якога шпурнулі камнем ці палкай?

Таму, здаецца, тут сорамна павінна быць не хлопчыку, які ўмеў перакладаць гучныя выразы з мовы жывёлы на мову людзей, а дарослым, якія тых жывёл не шкадуюць. Аднак Васілька хоць так і думаў, але ўслых не прамовіў, каб залішне не нерваваць матулю. Так і пабег з Тузікам скакаць па снезе, зіме радавацца.

- Пабеглі з горкі коўзацца! – запрасіў чатырохногі сябра.

- Давай! – Васілька і рады таму святу.

Коўзаліся з сабакам, штаны парваліся, паліто вымачылася і шалік некуды згубіўся, але Васілька гэтага не заўважыў. Умакрэлы, з воклічамі гойсаў па снезе, а разам з ім і іншыя дзеці са двара, і Тузік не адставаў. Жывёлы вакол ведалі пра Васількову здольнасць разумець іх мову, таму вырашылі павіншаваць хлопчыка з Новым годам. Тузік падарыў костачку, кацейка Барсік цішком падкінуў у кішэню паліто ўпаляваную мыш, а варона, якая ведала ўсё на свеце, закінула за каўнер корак ад шампанскага. Карацей, весяліліся, пакуль мама не паклікала хлопчыка абедаць.

Як убачыла мама Васілька ўскудлачанага, упрэлага на марозе, з парванымі штанамі, мокрым паліто і без шаліка, у адной кішэні костка, у другой мыш дохлая, і корак ад шампанскага выпаў аднекуль, так і ўхапілася за сэрца.

- Мама, жывёлы віншавалі мяне з Новым годам! – спяшаўся патлумачыць хлопчык.

Расплакалася мама, ці то ад расчуленасці, ці то ад гора. Не, не зразумець дарослым глыбіню талентаў юнага генія, не спасцігнуць. Разумець мову жывёл – тое яшчэ выпрабаванне.

Зразумела, мама не паверыла Васільку і ў гэты раз. Спачатку нават хацела насварыцца і паставіць у кут, бо была строгай, старых правілаў жанчына. Але потым перадумала, бо набліжаўся Новы год, а матуля ўсё ж была добрай і любіла
сына.

Хлопчык жа, калі вырас, стаў вучоным біёлагам, і аднойчы расказаў мне гэтую захапляльную гісторыю з дзяцінства.

- Праўда, стаўшы дарослым, таксама, як і ўсе вакол, перастаў разумець мову жывёл, - уздыхнуў Васіль Аляксандравіч, між іншым дацэнт ва ўніверсітэце. – Затое разумеюць мае дзеці і, ведаеш, я ім веру!


Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER