– І праўда, для нас Міжнародны дзень тэатра – вялікае свята, – падкрэслівае мастацкі кіраўнік і рэжысёр народнага тэатра Бярэзінскага РЦК Мікалай Пытляк. – Вось ужо практычна 20 гадоў мы абавязкова паказваем у гэты дзень або новы спектакль, або паўтараем прэм’еру ўжо таго, які адбыўся. Сёлета нават сімвалічна пераклікаецца з 45-гадовым юбілеем прысваення пастановай Міністэрства культуры нашаму тэатру ганаровага звання “народны”. Мы будзем паказваць бярэзінцам “Хайп” драматурга Улады Альхоўскай.
Актуальная тэма
Мікалай Пытляк з кожным днём пераконваецца, што тэма, якую выбралі для ўвасаблення на сцэне, па яго словах, звышактуальная, хоць спачатку падавалася рызыкоўнай.
– Татальная камп’ютарызацыя, захапленне моладзі мабільнымі тэлефонамі, сацыяльнымі сеткамі, усімі гэтымі “ціктокамі”, “інстаграмамі” і адпаведным аднойчы прывядуць усіх да крызісу, да чагосьці зусім непрыемнага. Людзі, якія не разумеюць, як правільна карыстацца ўсімі гэтымі тэхналогіямі, рызыкуюць згубіць нешта для сябе вельмі важнае, унутранае. Таму абраная тэма проста выключная, яна сканцэнтравана ў спектаклі і раскрываецца поўнасцю, – гаворыць Мікалай Мікалаевіч. – Прыклад на канкрэтнай сям’і, да чаго прыводзіць няправільны падыход да гаджэтаў, бескантрольнае выкарыстанне магчымасцей інтэрнэту. Паказваецца негатыўны прыклад дзвюх дачок, якія літаральна звар’яцелі на хайпе, здымаюць і выкладаюць у інтэрнэт забароненыя рэчы дзеля ўласнай папулярнасці, лайкаў, карацей, дзеля хайпу, у выніку чаго гэта становіцца своеасаблівай прапагандай гвалту. Мы неяк жылі, не звяртаючы належнай увагі на тэхналагічныя навінкі, і раптам сутыкнуліся з каласальнай сацыяльнай праблемай.
Запрашаем у тэатр!
Дарэчы, першая пастаноўка рыхтавалася больш за год. Іграць ролі даволі складана. Эмацыянальныя, даволі экспрэсіўныя вобразы патрабуюць ад акцёраў шмат энергіі, але яно таго варта.
Спектакль трымае гледача ў напружанні ўвесь час на працягу паўтары гадзіны. На думку рэжысёра і ўсяго тэатральнага калектыву, пастаноўку варта глядзець не толькі дзецям, але і іх бацькам і настаўнікам. Сапраўднае мастацтва заўсёды выступае супраць масавай культуры і ў належнай ступені выкрывае праблемы грамадства, з якімі мы парою настолькі звыкліся, што ўжо не прыкмячаем. “Хайп” – пацвярджэнне ўсяму вышэй сказанаму.
У аўторак, 28 сакавіка, у 18 гадзін “Хайп” можна будзе паглядзець ізноў на сцэне Бярэзінскага РЦК.
Шчыра павіншуем калектыў народнага тэатра з надыходзячым Міжнародным днём тэатра, пажадаем далейшага творчага плёну, паболей хайпу і незгасальнай увагі гледачоў – прыхільнікаў сапраўднага мастацтва!
Нагадаем
Бярэзінскаму гледачу “Хайп” ужо вядомы. Рэжысура, пастаноўка, ігра акцёраў і іншае дастойна ацэнены на леташнім фестывалі “Бярэзінская рампа”, калі наш народны тэатр стаў лаўрэатам І ступені. Таму ўжо не будзе спойлерам нагадванне сюжэту.
Уладзімір Самохін – выбітны бізнесмен, які цалкам прысвяціў сябе кар’еры, пакуль жонка гадавала дзяцей. Да нядаўняга часу ён быў упэўнены, што ў яго дзве цудоўныя дачкі і ідэальнае жыццё. Аднак размова са следчым разбурыла гэту ілюзію і прымусіла Уладзіміра паглядзець на жыццё з іншага боку. Аказваецца, малодшая дачка прыйшла дамоў сярод ночы ў акрываўленым адзенні – і гэта нікога не здзіўляе, а жыццём старэйшай дачкі кіруе нейкі віртуальны персанаж. Уладзімір мусіць прызнаць, што ў сапраўднасці амаль не ведае людзей, з якімі жыве пад адным дахам, варта тэрмінова штосьці змяніць, пакуль не позна…
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.