Менавіта такі малюнак уявіўся ў думках ужо з першых слоў размовы з майстрам вязання, членам народнага клуба майстроў народнай творчасці Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў Ірынай Баневіч.
.jpg)
– Вязаць мяне, яшчэ да таго як пайшла ў школу, навучыла бабуля Стэфаніда, – гаворыць Ірына Віктараўна. – Яна жыла разам з намі ў вёсцы Клёнаўка. Бацькі часцей на працы ў калгасе або па гаспадарцы дома былі занятыя, а я – побач з бабуляй.
Яе рукі заўсёды былі занятыя справамі, нягледзячы на тое, што мела больш за 70 гадоў за плячыма. Шкарпэткі, рукавічкі, безрукаўкі… Гэтыя і іншыя рэчы сагравалі ўсю сям’ю. І, дарэчы, былі самаробнымі, пачынаючы ўжо з пражы. У сям’і заўсёды трымалі авечак, з іх воўны самі рабілі ніткі для вязання.
Маленькая Ірына спачатку пільна сачыла за рухамі бабуліных рук. Нездарма кажуць, што цікавасць да вязання нараджаецца яшчэ да таго, як возьмеш у рукі пруткі або кручок. Ды і бабуля старалася перадаць унучцы гэту навуку: пяцелька, яшчэ адна і пайшло-паехала. Не заўважыла, нават, як звязала хвалістую сурвэтку. Пасля другую, трэцюю… Тым больш, што і дома акружалі розныя вязаныя рэчы – ажурныя ўстаўкі на навалачках, карункі на посцілках на ложках… Гэта ўжо была справа рук матулі Соф’і Піліпаўны Клімашонак, якая, здавалася, непрыкметна стварала такую прыгажосць. Бо кожную раніцу, справіўшыся з дамашнімі справамі, спяшалася на калгасныя палеткі, дзе была вядомай ільнаводкай, нават у Маскву на выставу ВДНГ ездзіла.
.jpg)
Гэтак жа непрыкметна пасля праляталі гады Ірыны. Школа, дапамога бацькам па гаспадарцы, вучоба ў Мінскім вучылішчы лёгкай прамысловасці, набытая прафесія ў якім пэўным чыннам пераплятаецца з рука-дзеллем, праца ў Маладзечне. Але наступным этапам стала стварэнне сям’і і нараджэнне першынца, жыццё ў сталіцы. Пасля вяртання ў Беразіно зноў вучоба, атрымала спецыяльнасць бухгалтара, нарадзілася дачушка. Закруціла шматгадовая праца ў Бярэзінскай райсельгастэхніцы, якая пасля стала райаграсэрвісам. Нават не было часу, каб падумаць пра сваё дзіцячае захапленне. Хаця, не. У перабудовачны час, калі ўладарыў дэфіцыт рэчаў, вязала дзецям касцюмчыкі, шкарпэткі… Але гэта было як неабходнасць, будзённасць.
Зусім з іншым асэнсаваннем узялася за вязальныя пруткі, выйшаўшы на заслужаны адпачынак. Гэта ўжо не проста бытавая справа, а творчы занятак, не толькі стварэнне прыгожых унікальных рэчаў, але і задавальненне ад працэсу работы. Працэсу, калі самыя простыя вязальныя пруткі ва ўмелых руках ператвараюцца ў чароўныя палачкі.
– Зараз вяжу ў асноўным сурвэткі, абрусы, – гаворыць Ірына Віктараўна. – Канечне, не абыходзіцца баз кофтачак, футболак, але найбольшае задавальненне дастаўляюць вырабы для дэкору. Вось звязала летась у снежні калядны абрус, і свята заіграла новымі краскамі. Або паявіліся на стале новыя сервіровачныя сурвэткі, і ўсё не так звыкла.
.jpg)
.jpg)
Даўно вядома, што зробленае з любоўю і задавальненнем нясе ў сабе цеплыню рук майстра. І не толькі рук – цеплыню сэрца і думак, душы, а таксама талент. Кожная звязаная рэч перадае настрой, напаўняе гармоніяй. І тут ужо функцыянальнасць рэчы перарастае ў нешта большае.
Напэўна таму, нягледзячы на тое, што зараз у інтэр’еры большай папулярнасцю карыстаецца мінімалізм, заўсёды модным застаецца самаробны дэкор. Вядома, выкарыстоўвае яго і Ірына Віктараўна. Цэлую калекцыю стварыла, якую, як зазначыў муж Юрый Бенядзіктавіч, па колькасці можна падлічваць шуфлядкамі – акрамя абрусаў і сурвэтак, цэлыя кампазіцыі, цацкі на навагоднюю ёлку, ажурнае абрамленне велікодных яек... А яшчэ майстар вязання любіць радаваць сваімі ўнікальнымі рэчамі родных і сяброў, дарыць іх дзецям і ўнукам. Балазе, мае шасцёра ўнукаў.
.jpg)
Нельга прайсці міма творчасці І.В. Баневіч на выставах у раённым цэнтры рамёстваў, работы майстра і зараз займаюць дастойнае месца на выставе народнай творчасці, дзе чапляюць погляд вытанчанасць узораў, па густу падабраная колеравая палітра. Яна пастаянная ўдзельніца штогадовага конкурсу “З нітак цуды мы ствараем”.
– Вядома, больш часу за любімай справай праводжу зімой, калі няма работы ў агародзе, упарадкаваны гародніна і садавіна, – гаворыць Ірына Віктараўна, – калі менш квецені і колераў становіцца навокал.
А з ранняй вясны і да позняй восені на падворку Баневічаў рознымі колерамі “пераміргваюцца” кветкі, пачынаючы ад самых ранніх крокусаў, півонь і заканчваючы познімі гартэнзіямі, хрызантэмамі. Яшчэ адно захапленне і натхненне гаспадыні.
А яшчэ. Крыніцай натхнення становіцца… крыніца, самая сапраўдная. Бруіць яна ў ляску, адразу за ўчасткам. Юрый Бенядзіктавіч зрабіў каля крынічкі добраўпарадкаванне – прыступкі і поручні, устанавіў лавачку. Зараз гэта не толькі чысцюткая вада круглы год, але, як модна гаварыць зараз – і месца сілы.
Асенні пейзаж з залатым убраннем, дзе пад жоўтым дываном апалай лістоты чырванеюць мухаморы, натхніў Ірыну Віктараўну на стварэнне кампазіцыі з гэтымі грыбамі. Толькі-толькі закончыла работу. І ўжо прыступіла да новай – вяжа міні-абрус з сэрцайкамі. Сімвалічна. Бо ўкладвае ў свае творы тое, што адчувае, што вылучае душа.
.jpg)
.jpg)
Ала АЛЬФЕР.
Фота прадастаўлена Ірынай БАНЕВІЧ.