У іх ліку не толькі расійскія «Нюрнберг», «Выклік», «Валадар ветру», «Іван-царэвіч і Шэры воўк-5», а таксама дэманстраваны яшчэ ў студзені фільм «Чабурашка» – лідар кінапракату, які паглядзела 1400 бярэзінцаў. Парадавалі таксама і беларускія кінематаграфісты такімі цікавымі прэм’ерамі, як «Аліўе», «Ліст чакання», «На другім беразе» (прымеркаваны да Дня народнага яднання).
Выдатным падарункам для бярэзінцаў-кінааматараў сталі дні з 17 па 24 лістапада: упершыню за шмат гадоў існавання Мінскага Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» адбылося адзінае яго адкрыццё па ўсёй рэспубліцы дэманстрацыяй беларускай стужкі «Кіношнікі» (яна была прадстаўлена ў намінацыі «Кіно маладых» і атрымала дыплом журы за шчырасць і жыццярадаснасць). Дэманстраваліся ў гэтыя дні і такія фестывальныя фільмы, як «Каця, Каця» (прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за гуманізм і духоўнасць у кіно), «Божа, адчуваю набліжэнне тваё» (прыз за лепшы неігравы фільм), пазаконкурсныя – «Прэзідэнцкі аркестр», а таксама прысвечаныя 80-годдзю Вялікай Перамогі «Апошні сведка» і «Азарычы. Палеская трагедыя».
Было б вельмі прыемна і ў наступным годзе таксама далучыцца да «Лістапада», а адзінае яго адкрыццё па ўсёй рэспубліцы стала традыцыйным. Тым больш, што налета пройдзе юбілейны – трыццаты фестываль.
Дарэчы, «Кіношнікі», ужо як прэм’ера «Беларусьфільма», 14 снежня з’явіліся ў нас на вялікім экране зноў. Карціна прымеркавана да стагоддзя беларускага кіно і будзе дэманстравацца і ў Дзень беларускага кіно, 17 снежня ў 18.00. А 22-га адбудзецца творчая сустрэча з яго стваральнікамі, на яе прыедуць рэжысёр-пастаноўшчык і аўтар сцэнарыя Кірыл Халецкі, для якога «Кіношнікі» сталі дэбютам поўнаметражнага кіно, а таксама выканаўца галоўнай ролі Станіслаў Пякарскі. У рамках сустрэчы пройдзе гутарка, можна будзе ўзяць аўтограф, зрабіць сумесны фотаздымак. Пачатак сустрэчы ў 13.30.
Як адзначыла кіраўнік аддзела па кінаабслугоўванні Бярэзінскага раёна Ірына Рамановіч, багатым на прэм’еры будзе і наступны год (прэм’ерныя фільмы звычайна паступаюць да нас штотыднёва па пятніцах). Літаральна з 1 студзеня на вялікім экране можна будзе паглядзець усёй сям’ёй казачныя прыгоды «Брэменскія музыканты», дзе ў галоўных ролях здымаліся Сяргей Буруноў, Марыя Аронава, Канстанцін Хабенскі, Дзмітрый Дзюжаў. Фільм абяцае быць цікавым. Запросіць вас «Юбілейны» і на камедыю «Халоп-2». У пачатку года будзе прадоўжаны паказ тых фільмаў, якія ідуць ужо зараз: «Ёлкі-10» і «Навагодні шэф», «Аквамен і страчанае царства». Падчас зімовых канікул парадуе кінатэатр і дзятву новымі стужкамі, у тым ліку і анімацыйнымі: «Тры волаты і Пуп Зямлі», «Цудоўная пяцёрка», «Вонка», «Леа», «Міграцыя». Наогул, у апошні час у пракаце з’явілася шмат выдатных і цікавых фільмаў для прагляду ўсёй сям’ёй. І гэта выдатна, лічыць Ірына Міхайлаўна. Бо сямейныя паходы ў кіно не толькі даюць магчымасць захапляльна і з карысцю правесці вольны час, а і яднаюць бацькоў і дзяцей, даюць шмат тэм для абмеркавання і спрэчак, выконваюць выхаваўчую функцыю.
У ліку перамен, якія перажыў сёлета «Юбілейны», рамонт кабінетаў. У перспектыве тут мяркуюць (пры наяўнасці дастатковага фінансавання) абнавіць фае, памяняць вокны і ўваходныя дзверы, надаць будынку больш утульны выгляд. А пакуль што работнікі бярэзінскага кінавідэапраката займаюцца сваёй штодзённай справай, каб з добрымі паказчыкамі завяршыць чарговы год.
– Паспяховая работа нашага калектыву поўнасцю залежыць ад намаганняў кожнага яе члена, – расказвае Ірына Рамановіч. – А падабраўся ён надзвычай дружны, стабільны і працавіты. Сярод іх адміністратар Вольга Епіфанава, інжынер Сяргей Юрчанка, кінамеханік Святлана Карань, касір Людміла Акуліч і ўсе астатнія.
Са святам вас, сябры і калегі, нашы дарагія ветэраны. Дзень беларускага кіно – не толькі свята тых, хто стварае фільмы і дэманструе іх, яно аб’ядноўвае ўсіх прыхільнікаў кінамастацтва – усіх нас. Жадаю вам здароўя, міру, дабрабыту, няхай кожны з вас знаходзіць кіно па душы, з выдатнымі акцёрамі, каб кожная сустрэча з кіно прыносіла вам толькі радасць і задавальненне.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.